Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка ЗША Карэн Ст''юарт наведала Горадню


Сяргей Астраўцоў, Горадня Амэрыканская амбасадарка Карэн Ст’юарт сёньня сустрэлася з старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімерам Саўчанкам. Пасьля яна наведала абласную бібліятэку імя акадэміка Яўхіма Карскага, у якой заснаваны амэрыканскі куток. Спадарыня Ст’юарт таксама сустрэлася з гарадзенскімі прадстаўнікамі палітычных партый.

Карэн Ст’юарт у гутарцы з Уладзімерам Саўчанкам цікавілася: якія на Гарадзеншчыне магчымасьці для прыцягненьня замежных інвэстыцыяў, для прыватызацыі? Рост цэнаў на энэрганосьбіты — ці адбіўся ён на эканоміцы вобласьці, у прыватнасьці, на буйным спажыўцы газу – “Азоце”? Спадар Саўчанка запэўніў, што ўсё ў парадку, рэнтабэльнасьць прадукцыі нават падвысілася, бо навучыліся эканоміць на энэргіі, шукаць новыя тэхналёгіі.

Пыталася госьця й наконт будучых парлямэнцкіх выбараў. А мы пацікавіліся ў амэрыканскай амбасадаркі ўражаньнямі ад сустрэчы зь мясцовымі прадстаўнікамі палітычных партый.

Ст’юарт: “Мэтай гэтай сустрэчы было азнаямленьне з пазыцыяй рэгіянальных лідэраў пасьля Кангрэсу аб’яднаных дэмакратычных сілаў. І мы ўбачылі, што яны працуюць разам, што маюць далейшыя пляны. Мы не краналіся прыватных праблем. Мы абмяркоўвалі ўвогуле разьвіцьцё супрацоўніцтва аб’яднаных дэмакратычных сілаў у рэгіёнах”.

У аблвыканкаме Карэн Ст’юарт заўважыла, што на Гарадзеншчыне добры патэнцыял для разьвіцьця турызму. Ёй ня толькі спадабаліся помнікі архітэктуры Горадні, але таксама ўмовы ў прыватным гатэлі, дзе яна начавала. Спадарыня Ст’юарт прызналася, што хацела б вярнуцца ў Горадню – папросту пашпацыраваць вуліцамі гораду.

Амэрыканскі бок дапамагае ў разьвіцьці беларускага агратурызму. Карэн Ст’юарт раней наведала аграсядзібу ў Лідзкім раёне. Ён наладзілі чатырохгадзіннае плаваньне на плыце па Нёмане, частавалі шашлыкамі.

Спадарыня Ст’юарт прывезла фільмы пра Амэрыку для амэрыканскага кутка ў абласной бібліятэцы імя Карскага. Замежны аддзел бібліятэкі месьціцца ў доме польскай пісьменьніцы Элізы Ажэшкі. Амбасадарцы паказалі музэйныя пакоі слыннай пісьменьніцы. Перад ад’ездам Карэн Ст’юарт пабывала ў Калоскай царкве і каля мэмарыяльнай дошкі гарадзенскім габрэям, умацаванай на агароджы стадыёна, збудаванага на месцы габрэйскіх могілак.

Амбасадарка наведала таксама Фарны касьцёл, музэй у Новым каралеўскім замку, заходзіла на дзядзінец Старога замку. Яна азначыла, што ўбачыла мясьціны, пра якія раней чытала.

Таваразварот між ЗША і Гарадзенскай вобласьцю сёлета за пяць месяцаў павялічыўся амаль на 70 адсоткаў і склаў каля 19,5 мільёна даляраў. З Гарадзеншчыны ў Амэрыку пастаўляюцца мінэральныя ўгнаеньні, сынтэтычныя ніці, оптыка, з-за акіяну — легкавыя аўтамабілі, мэдычныя прыборы, паветраныя помпы. Гарадзеншчына значна больш прадукцыі прадае ў Амэрыку (больш як у 4,5 разы), чым імпартуе адтуль.
XS
SM
MD
LG