Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Financial Times Deutschland”: “Для Аляксандра Лукашэнкі пачаліся апошнія дні”


Алена Струвэ, Менск Нямецкі друк пра наступствы “газавай спрэчкі няроўных братоў”

Аналізуючы апошні газавы канфлікт паміж Масквой і Менскам, нямецкія аглядальнікі робяць выснову, што гэта “пачатак канца для Аляксандра Лукашэнкі”. З публікацыяў таксама вынікае, што Бэрлін мае вялікую заклапочанасьць у зьвязку з надзейнасьцю Расеі як газавага пастаўшчыка і небясьпекай эўрапейскай залежнасьці ад ад расейскіх энэрганосьбітаў

“Financial Times Deutschland” падкрэсьлівае: “Маскве ня цяжка дысцыплінаваць свайго “упартага маленькага браціка”. Залежнасьць беларускай эканоміка ад магутнага гандлёвага партнэра амаль татальная. З Захаду ж апошняя дыктатура Эўропа ня можа чакаць ні дапамогі, ні спачуваньня. Падобная праява сілы ня можа не задаволіць Захад. Спрэчка няроўных братоў дэманструе, што адпаведная энэргетычная стратэгія для Крамля прыкладна тое ж самае, што зброя. Беларусь даўно ўжо атрымала паразу. Аб’яднаньне Беларусі з Расеяй фактычна ўжо адбылося. Маскве ўжо не патрэбны моцны чалавек у Менску. Праўдападобна, што для Аляксандра Лукашэнкі пачаліся ягоныя апошнія дні”.

“Tageszeitung” піша: «Праўдападобна, што ў Менску яшчэ не зразумелі, што з Расеяй нельга жартаваць. Аднак цяпер, магчыма, зразумеюць, паколькі абедзьве краіны зноў знаходзяцца на мяжы гэтак званай “газавай вайны”. Зноў становіцца відавочным, наколькі рэжым Лукашэнкі залежны ад Расеі.

Дагэтуль больш як сымбалічныя кошты на энэрганосьбіты зьяўляліся для аўтарытарнага беларускага лідэра чымсьці кшталту гаранту для існаваньня. Яны дазвалялі яму трымаць у руках насельніцтва пры дапамозе сацыяльных праграмаў, рэгулярнай выплаты заробкаў ды пэнсіяў, хай нават невысокіх. Аднак цяпер ў даўгатэрміновай пэрспэктыве падобны курс захаваць немагчыма. Моманту, калі Лукашэнка будзе зажаты ў ціскі, трэба чакаць неўзабаве. Адзіным шанцам пазьбегнуць падобнага разьвіцьця падзеяў мог бы стаць курс на карэнныя эканамічныя рэформы, аднак для цяперашняга рэжыму падобная задача праблематычная. Падобны сцэнар цалкам у інтарэсах Масквы. Упартага Лукашэнку Расея ўжо ня мае на ўвазе. Расейскія ўлады могуць спакойна знаходзіцца ў пазыцыі чаканьня, бо сёньня абсалютна відавочна: пытаньне пра пераемніка Лукашэнкі таксама будзе вырашацца ў Маскве”.

“Spiegel online” паведамляе: “Скарачэньнем газавых паставак у Беларусь занепакоеная найперш Нямеччына. Прыкладна адна пятая частка паставак праходзіць праз транзытны трубаправод”. Выданьне падкрэсьлівае, што канфлікт выклікае занепакоенасьць адносна надзейнасьці Расеі як пастаўшчыка, а таксама прымушае задумацца пра магчымыя памеры далейшай залежнасьці краіны ад расейскіх энэрганосьбітаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG