Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Шмат з тых, якія “за Бацькаўшчыну жыцьцё аддаць гатовыя”, у будучыні на Бацькаўшчыну ня вернуцца”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 2 жніўня ў розныя гады мінулага.

“Красноармейская правда” ў 1927 годзе паведамляе: “Маскоўскія прафэсары і вучоныя, у тым ліку праф. Таболкін, Якаўлеў і Шарвінскі, ставяць у СССР цікавейшыя вопыты па амаладжэньню баранаў. Вопытамі праф. Воранава за мяжой адкрыта, што пры перасадцы полавых органаў ад старых баранаў да маладых адбываецца хуткае сасьпяваньне маладняку, густа расьце поўсьць і моцна адкладаецца тлушч. Праўленьне Сельскаапсаюзу і Наркамзем ужо выдаткавалі сродкі на правядзеньне такіх досьледаў...”

“ЛіМ” ў 1947 годзе ў рэдакцыйным артыкуле зьвяртаецца да тэмы літаратурнай моладзі: “У нашу літаратуру ідуць найбольш таленавітыя прадстаўнікі маладога пакалення совецкіх людзей. Выхаваныя ва ўмовах совецкай улады, яны не ведаюць другіх інтарэсаў акрамя інтарэсу чэснага і самаадданага служэння народу, партыі, сваёй соцыялістычнай Радзіме. Яны імкнуцца адлюстроўваць у сваіх творах пачуцці бадзёрасці, жыццярадаснасці, сумленнасці, непахіснасці, вернасці партыі і Радзіме, адзнакі новай совецкай этыкі, якасці комуністычнай маралі”.

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1957 году піша: “Будзьма шчырымі й прызнаймася, што сяньня шмат з тых, якія “за Бацькаўшчыну жыцьцё аддаць гатовыя”, у будучыні на Бацькаўшчыну ня вернуцца. Гэта зусім натуральнае, хоць і далёка ад пахвальнага, зьявішча... аднак шмат ёсьць такіх, што ня кідаючыся фразамі ды не раськідваючыся загадзя сваім жыцьцём (у выпадку патрэбы яны яго не пашкадуюць), шчыра ў душы жадаюць павароту на вольную й незалежную Беларусь, і калі гэты час надыйдзе, яны адразу-ж вернуцца ў яе...”
XS
SM
MD
LG