Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Сматрычэнка: “Захопленыя людзі рухаюць сьветам”


Валер Каліноўскі, Прага Госьць “Начной Свабоды” – літаратар, перакладчык і выкладчык чэскай мовы Сяргей Сматрычэнка, адзін з арганізатараў 8-га фэстывалю “Месяц аўтарскага чытаньня”, які сёньня завяршыўся ў чэскім горадзе Брно. Менавіта Сяргей кожны дзень цягам ліпеня сустракаў на брненскім вакзале беларускіх літаратараў, якія выступалі перад чэскай публікай у тэатры “Гусь на канаце”, клапаціўся пра іх побыт, ён жа пераклаў на чэскую мову большасьць твораў, якія прагучалі на фэстывалі.

Каліноўскі: “Добры вечар, Сяргей! Вялікая праца зробленая, вы стомленыя і задаволеныя, ці ня так?”

Сматрычэнка: “У прынцыпе, так”.

“Нехта даехаў і да Брна, я і сёньня сустракаў маладых беларусаў...”

Каліноўскі: “Падвядзіце, калі ласка, вынікі фэстывалю”.

Сматрычэнка: “Думаю, што фэстываль быў карысны, як для беларусаў, так і для чэхаў. Нават ня ведаю, для каго больш. Больш, відаць, усё ж такі для чэхаў, таму што яны змаглі пазнаёміцца зь беларускай літаратурай у такім аб''ёме, у якім пераклады ці веды пра беларускую літаратуру не існавалі да апошняга часу.

Для беларускага боку, думаю, гэта таксама было карысна, бо нехта даехаў і да Брна, я і сёньня сустракаў маладых беларусаў – чалавек пяць, ня менш, даехала толькі сёньня. Нехта глядзеў гэта праз онлайн-трансьляцыі ці яшчэ на працягу году будзе мець магчымасьць спампаваць зь інтэрнэту запісы выступаў тых літаратараў, якія часта ня маюць магчымасьці выступіць непасрэдна ў Беларусі”.

Каліноўскі: “Што было самым складаным у арганізацыі?”

Сматрычэнка: “Як ні дзіўна, самымі складанымі былі чыста фармальныя моманты – клопат пра тое, каб усіх прынялі ў амбасадзе і далі візы своечасова, каб своечасова замовіць квіткі на цягнікі, аўтобусы... Такія вось нецікавыя, нелітаратурныя справы”.

Каліноўскі: “У творчым пляне ўсё было выдатна?”

Сматрычэнка: “Не сказаў бы, што выдатна, як адзін з арганізатараў я бачу пэўныя накладкі, але добра, што гэтыя накладкі пераважна ня бачаць гледачы і слухачы. Для іх гэта прайшло няблага”.

Выступы будуць даступныя на сайце фэстывалю мінімум год

Каліноўскі: “Які далейшы лёс тых твораў, якія былі прачытаныя і перакладзеныя на чэскую? Ці магчымае іх надрукаваньне ў нейкім зборніку, ці захаваюцца яны ў інтэрнэце, на сайце фэстывалю?”

Сматрычэнка: “Гэтыя пераклады ўжо і зараз у пераважнай большасьці выстаўленыя на вэб-сайце фэстывалю ў чэскамоўнай вэрсіі побач з запісам выступаў, каб чэскія гледачы маглі глядзець гэтыя запісы і адразу разумець, пра што ішла гаворка. Мінімум на працягу году яны правісяць на сайце – да наступнага фэстывалю, а там будзе вырашацца, ці іх складуць у архіў, ці сьцяруць з памяці.

Тым ня менш, некаторыя пераклады, натуральна, будуць выкарыстаныя. Літаральна сёньня я гаварыў з адным з рэдактараў часопісу "Host", зь якім мы дамовіліся пра падрыхтоўку блёку пра беларускую паэзію для гэтага часопісу. Таксама ў Астраве, дзе выступалі Ўладзімер Арлоў і Лявон Вольскі, у часопіс "Protimluv" зь вялікай ахвотай возьмуць некаторыя тэксты. Урэшце, некаторыя з прачытаных тэкстаў ужо і публікаваліся па-чэску. Будзем працаваць далей, паглядзім”.

Каліноўскі: “Каго, на ваш погляд, у Брне не хапала з сучасных беларускіх літаратараў? Хто б мог пашкадаваць, што туды не патрапіў?”

Сматрычэнка: “Я ня ведаю, хто б мог пашкадаваць, што туды ня трапіў, таму што пры складаньні канчатковага сьпісу беларускіх удзельнікаў фэстывалю, на жаль, ад свайго ўдзелу, – не праз нежаданьне паехаць, а з практычных матываў, – адмовілася дастаткова вялікая колькасьць людзей. Сярод іх і Славамір Адамовіч, які ня змог прыехаць у Чэхію, бо ня мае пашпарту, Сьвятлана Алексіевіч, Вінцэсь Мудроў, Адам Глобус, Алена Брава, Юры Станкевіч... Зараз у галаве ўсіх не ўтрымаю, але такіх людзей было даволі шмат. Пры іхным удзеле фэстываль выглядаў бы трошкі інакш, але не выглядаў бы, думаю, лепш або горш”.

“Я чуў, як казалі: шкада, што на беларусаў не хадзілі раней...”

Каліноўскі: “Як бы вы ацанілі цікавасьць і рэакцыю чэскай публікі? Я ведаю, што часамі прыходзіла больш слухачоў, часамі меней...”

Сматрычэнка: “Цікавасьць была. Натуральна, трошку пакульгвала час ад часу рэкляма – нават ня столькі рэкляма, проста да вачэй і вушэй некаторых мясцовых жыхароў гэтая інфармацыя трапляла абсалютна выпадкова ці не трапляла ўвогуле...

Канкрэтны прыклад: 13 ліпеня выступы беларускага і чэскага аўтара былі памененыя месцамі, таму што чэскі аўтар мусіў у 8 вечара зьяжджаць. І некаторыя гледачы, якія прыйшлі паглядзець на чэскага аўтара Паўла Когаўта, трапілі на Барыса Пятровіча. І я чуў на свае вушы, як казалі: якое цікавае чытаньне, шкада, што на беларусаў не хадзілі раней, будзем абавязкова хадзіць.

Наведнікаў было мінімум 15, максімум – 70, як сёньня. Гэта былі людзі зацікаўленыя, якія ідуць на літаратуру, якую ня ведаюць і хочуць зьведаць. І яны казалі, што гэта літаратура сапраўды высокага ўзроўню і надзвычай цікавая для іх.

Ну а потым нельга забываць, што нямала гледачоў было і праз інтэрнэт. Далёка ня ўсе могуць штодня прыяжджаць на адно чытаньне і заставацца тут на працягу ўсяго месяца, таму па ўсёй Чэхіі, у Беларусі, Польшчы, Нямеччыне вельмі шмат людзей глядзела праз інтэрнэт. Пра гэта магу сказаць з абсалютнай упэўненасьцю, бо праглядаў статыстыку наведваньня сайту”.

“У Маравіі жывуць мае самыя лепшыя сябры”

Каліноўскі: “Сяргей, на Брненскім фэстывалі адзін са сталых наведнікаў, якога завуць Робэрт, задаваў штодня ўсім беларускім аўтарам адно і тое ж пытаньне: як яны ставяцца да Маравіі. Адказы былі розныя, большасьць, аднак, мала ведала пра гэты край у складзе Чэхіі. Вы болей знаёмыя з краінай – можаце сказаць, наколькі захавалася тут самабытнасьць у параўнаньні з астатняй Чэхіяй, як разьвіваецца гэты рэгіён, чым адметны?”

Сматрычэнка: “Я пачаў бы з таго, што Маравію люблю страшэнна – значна больш чым Прагу ці любую іншую частку Чэскай рэспублікі. Тут жывуць мае самыя лепшыя сябры, а таксама жывуць альбо нарадзіліся самыя цікавыя літаратары. Дастаткова ўзгадаць Кундэру альбо Грабала, пра якіх ведае практычна кожны замежнік.

Мне як замежніку цяжка штосьці сказаць пра гэты край і пра ўнутрычэскія стасункі, "разборкі", тым ня менш, Робэрт Кэпэрд, які задае гэтае пытаньне на працягу 8 гадоў існаваньня фэстывалю, гэта вельмі цікавы чалавек і вельмі захоплены. Захопленых людзей я адназначна падтрымліваю, захопленыя людзі рухаюць сьветам.

Зь іншага боку, я як багеміст не магу абсалютна пагадзіцца зь ягонымі довадамі, бо хутчэй, як я гэта чую ад сваіх сяброў-мараванаў, пераважная большасьць мараванаў лічыць сябе найперш чэхамі, а потым ужо ўраджэнцамі пэўнай часткі Чэскай рэспублікі. Гэтую сытуацыю можна параўнаць з Сылезіяй у Польшчы альбо з Палесьсем у Беларусі”.

Каліноўскі: “Сяргей, чым, на вашу думку, блізкія беларусы і чэхі?”

Сматрычэнка: “Тут трэба нешта хуценька-хуценька прыдумаць... Якраз сёньня перад пачаткам апошняй вечарыны я быў на брненскім "Радыё Студэнт", даволі папулярным тут, і мяне спыталіся, ці ёсьць у беларусаў які-небудзь герой кшталту Швэйка, такога кшталту пярэваратня... Я сказаў, што такога аднаго героя ў Беларусі няма, што ёсьць некалькі кніг, дастаткова культавых для беларускай літаратуры – не люблю слова культавы, але чарговым разам выкарыстаў... Тым ня менш, гэтыя героі часта няўпэўненыя ў сабе, і ў іх часам адбываецца пэўнае падваеньне асобы – той самы Абдзіраловіч... Гульня ў хованкі з самім сабой, прыстасавальніцтва ў добрым сэнсе гэтага слова... На што вядучы сказаў: “Ага, значыць беларусы – гэта трошкі такія чэхі”. Так што, відаць, сапраўды, у нечым беларусы сваёй мэнтальнасьцю, у душы да чэхаў дастаткова блізкія”.

“Да апошняга моманту ў Чэхіі фактычна нідзе не выкладалася беларуская мова і літаратура”

Каліноўскі: “Нягледзячы на тое, што дыялёг на афіцыйным узроўні між Беларусьсю і Чэхіяй замарожаны, у Празе няма беларускага амбасадара, дыялёг між грамадзтвамі і культурнымі элітамі разьвіваецца. Якія яшчэ магчымасьці тут застаюцца нявыкарыстанымі?”

Сматрычэнка: “Найбольш эфэктыўны дыялёг вядзецца не на самым высокім узроўні, а на ўзроўні асобаў, якія захопленыя... Дзякуй богу, што такія асобы ёсьць і ў Беларусі, і ў Чэхіі. Мне баліць перадусім культура, найбольш літаратура, да палітыкі я стаўлюся больш холадна. Тым ня менш, удзельнічаю ў пэўных палітычных і сацыяльных двухбаковых акцыях.

Думаю, што ў культуры можна рабіць больш. Зь літаратурай пачало рабіцца, давайце рабіць у іншых сфэрах – абмен выставамі, тут цудоўны жывапіс ёсьць, у нас таксама, музычная культура страшэнна разьвітая. Я перад кожнай вечарынай стараўся ставіць кампакт-дыскі беларускіх музыкаў, каб на такім узроўні прадставіць яшчэ нешта акрамя літаратуры. Хай гэта робяць паасобныя людзі, кожны ў сваёй галіне”.

Каліноўскі: “Як вы думаеце, ці дастатковая ўвага да Беларусі, яе культуры ў чэскім грамадзтве?”

Сматрычэнка: “Я думаю, што яна на адэкватным узроўні – возьмем тое, што ў Чэхіі на працягу 15 гадоў фактычна нідзе не выкладалася да апошняга моманту беларуская мова і літаратура. Толькі два гады таму беларуская мова пачала выкладацца ў Брне, магчыма, адкрыецца аддзяленьне ў Празе. Таму пры поўнай адсутнасьці спэцыялістаў тут, у Чэхіі, пры адсутнасьці людзей, якія часта езьдзяць, супрацоўнічаюць, – паглядзіце, колькім людзям, улучна з Вацлавам Гавэлам, не даюць беларускія візы, – з улікам усіх гэтых акалічнасьцяў думаю, што цікавасьць у Чэхіі вялікая, але не скарыстоўваюцца ўсе магчымасьці”.

Сяргей Сматрычэнка нарадзіўся ў 1977 годзе ў Менску. Вучыўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Скончыў аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры БДУ. Працуе на катэдры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства, выкладае чэскую мову, уводзіны ў славянскую філялёгію. У суаўтарстве зь Юліяй Канцэвіч выдаў дасьледаваньне “Летаргія беларускай лінгвістыкі. Тыпалёгія двухмоўя і шматмоўя ў Беларусі”. Сфэра навуковых інтарэсаў – багемістыка, беларусістыка, тэорыя і практыка перакладу. Сёлета выпусьціў ў Менску першы нумар часопісу беларускіх багемістаў “Okolo” на чэскай мове.


Літаратурны фэстываль у Брне: першыя вынікі і водгукі(фотарэпартаж), 01.08.2007 Андрэй Хадановіч: “Сьвята не бывае вечным. Мусяць быць будні...”, 31.07.2007 Югася Каляда: “Не дзялю літаратуру на “жаночую” і “мужчынскую”,30.07.2007 На літаратурным фэстывалі ў Брне “хуліганіў” Сяргей Прылуцкі,29.07.2007 М.Андрасюк: “З пэрспэктывы Брна мы бачым беларускія праблемы інакш...”, 28.07.2007 Міра Лукша: “Сёньня кожнае слова, напісанае па-беларуску – важнае”, 27.07.2007 Уладзімер Някляеў: "У Брне я ўпершыню займеў досьвед публічнага чытаньня прозы", 26.07.2007 Н.Бабіна: “Такі фэстываль немагчыма ўявіць цяпер у нашай краіне”, 25.07.2007 Ян Максімюк: “Беларускі народ – шматмоўны і шматкультурны”, 21.07.2007 Макс Шчур: “Фэстываль у Брне – гэта Вудстак беларускай літаратуры...”, 20.07.2007 Альгерд Бахарэвіч: “Пісьменьнік мае права на ўцёкі...”, 18.07.2007 Сяргей Абламейка: “Гэта вельмі моцная падтрымка беларускай культуры”, 18.07.2007 Ігар Бабкоў: "У чэхаў больш, чым у беларусаў, пачуцьця формы", 17.07.2007 Пятро Васючэнка: “Прыходзяць зацікаўленыя беларускай літаратурай людзі...”, 16.07.2007 Госьця літаратурнага фэстывалю ў Брне – Надзея Артымовіч, 15.07.2007 Ежы Плютовіч: “Адчуваецца вялікая цікавасьць чэхаў да Беларусі”, 14.07.2007 Барыс Пятровіч: "Досьвед чэхаў дае надзею на зьмены і адраджэньне ў Беларусі", 13.07.2007 Леанід Дранько-Майсюк: “Ад пяці гадоў я хацеў ажаніцца...”, 12.07.2007 Віктар Шалкевіч: "Брыдка, што чэхі і беларусы, два братнія славянскія народы, не разумеюць адзін аднаго", 10.07.2007 Вольга Гапеева: “Чэхі зьдзіўленыя тым, што ў Беларусі столькі талентаў”, 09.07.2007 Ільля Сін: “Я раблю гэта найперш для самога сябе, а не для публікі”, 08.07.2007 Зьміцер Вішнёў прэзэнтаваў у Брне ўрыўкі з новага раману "пра Бэрлін і Менск", 07.07.2007 Ева Вежнавец: “Тыпы гумару ў беларусаў і ў чэхаў збліжаныя”, 05.07.2007 Алесь Разанаў: “Лёс і воля – неразрыўныя”, 04.07.2007 Аляксандар Лукашук: “Сам Лукашэнка ня ведае, колькі людзей яго падтрымлівае” , 03.07.2007 Лявон Вольскі ў верасьні выдасьць сольны альбом, 2.07.2007 Уладзімер Арлоў: “Такія сустрэчы натхняюць”, 02.07.2007 Першы дзень літаратурнага фэстывалю ў Брне (фотарэпартаж), 02.07.2007 У ліпені Брно – сталіца беларускай літаратуры, 01.07.2007
XS
SM
MD
LG