Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях каўбасы – ад рынку да гіпэрмаркету


Ігар Карней, Менск Санітарныя службы Менску прапануюць паступова спыніць гандаль харчамі на рынках. Яны хочуць, каб пэўныя харчы прадаваліся толькі ў крамах, супэр- ды гіпэрмаркетах.

Кіраўнікі некаторых харчовых рынкаў Менску ўжо атрымалі лісты санітарных службаў, што ад 1 верасьня будзе забаронены гандаль прадуктамі, якія хутка псуюцца, а ад 1 сьнежня – крупамі і мукой.

Аслабленьне харчовых рынкаў – ігнараваньне прынцыпаў канкурэнцыі

Дырэктар прадпрыемства «Сьвелта», якое мае рынак у мікрараёне «Серабранка» Яўген Грыгор''еў, перакананы: рашэньне пасьпешлівае і ня ўлічвае сур’ёзных наступстваў:

«Санстанцыі, бачыце, штосьці не падабаецца. Але ж ёсьць інтарэсы агульнадзяржаўныя, інтарэсы пакупнікоў, інтарэсы гандляроў. Прыкладам, у нас трэба будзе закрыць прыблізна 70 кропак. А гэта як мінімум 70 чалавек! То бок, трэба ўлічваць усё ў комплексе, а не асобна, што іх там штосьці не задавальняе па санітарных нормах.

Пяць гадоў дагэтуль працавалі, і ўсё было добра, а цяпер раптам дрэнна. Гэта проста сьмешна. Альбо яны тады лябіююць інтарэсы буйных крамаў. Але сёньня нас закрыць, дык гэта выклікаць абурэньне людзей, якія жывуць у Серабранцы. Бо яны хочуць сюды прыйсьці, бо тут таньней, бакалея таньней – крупа, іншыя рэчы. І гэта добра – канкурэнцыя нейкая павінна ж быць!».

Гіпэрмаркеты гатовыя ўзяць на сябе “лішнюю нагрузку”

Супрацоўнікі вялікіх крамаў неахвотна гавораць пра зацікаўленасьць у ліквідацыі канкурэнтаў. Так, у аддзеле маркетынгу гіпэрмаркету “Карона” мне толькі сказалі, што гатовыя задаволіць любыя патрэбы пакупнікоў:

“Я думаю, што такую нагрузку, канечне, мы вытрымаем. Але справа ў тым, што ў нас ёсьць указаньне па гіпэрмаркету асаблівых інтэрвію не даваць. Ёсьць на гэта вышэйшае кіраўніцтва, якое мае права гаварыць”.

Упарадкаваць ці “адфільтраваць”?

Менскія ўлады не пацьвярджаюць, што зьбіраюцца забараніць рынкам гандляваць харчамі. Аднак пры гэтым начальнік упраўленьня спажывецкага гандлю Аляксей Раманаў пацьвердзіў: гарвыканкам маецца выканаць адмысловую праграму ўпарадкаваньня працы сталічных рынкаў:

“Увогуле ў нас ёсьць праграма прывядзеньня да парадку рынкаў. Гэта такая праграма прывядзеньня да ладу гандлёвых месцаў на кірмашах з тым, каб гэта было прыгожа, сучасна, цывілізавана. Такая праграма насамрэч ёсьць, і ўсе рынкі імкнуцца да гэтага. Але калі ёсьць нейкая іншая ініцыятыва санслужбаў, значыць, трэба ў іх удакладніць, дзеля чаго яны гэта робяць. Але ва ўпраўленьні спажывецкага гандлю такой праграмы няма”.

Санітарныя службы перадусім наракаюць на парушэньне эпідэміялягічных нормаў на бальшыні рынкаў, дзе няма прыстасаваных памяшканьняў для захоўваньня прадуктаў, якія хутка псуюцца.

Зрэшты, такія вялікія рынкі як “Ждановічы” ці “Камароўскі рынак” пакуль лістоў ад санітарных службаў не атрымлівалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG