Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рок-канцэрты ў гадавіну Варшаўскага паўстаньня


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Гэтымі днямі ў Польшчы адзначаюць гадавіну Варшаўскага паўстаньня 1944 году – трагічнай старонкі польскай гісторыі. У паўстаньні, намагаючыся вызваліць свой горад ад гітлераўцаў перад надыходам савецкай арміі загінула больш за 200 тысячаў чалавек. Гэтую дату ў Польшчы адзначаюць ня толькі афіцыйнымі мерапрыемствамі, але і рок-канцэртамі, каб, сярод іншага, прыцягнуць да падтрымкі паўстанцкіх традыцыяў моладзь.

Удзень каля гмаху музэю Варшаўскага паўстаньня паўстанцаў вітаў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі.

“Свабода Польшчы гэта найвышэйшая каштоўнасьць. Варта было за яе змагацца і варта захоўваць традыцыіі гэтага змаганьня”

За савецкім часам, пра паўстаньне стараліся ня ўзгадваць, бо шмат хто зь яго удзельнікаў, але таксама і гісторыкаў, вінаваціў савецкае камандаваньне, якое загадала арміі спыніцца на супрацьлеглым беразе Віслы і чакаць, пакуль гітлераўцы канчаткова ня зьнішчаць паўстанцаў.

Паўстаньне пратрымалася 63 дні.

Цяпер усё іначай - на плошчах на толькі Варшавы, але і іншых польскіх гарадоў, сьвяткаваньні – паўстанцаў вітаюць як легендарных герояў.

Удзельнік паўстаньня: “Мы чакалі на паўстаньне, хацелі ўжо хутчэй змагацца, хаця былі падлеткамі толькі. Таму цешыліся, калі ўжо можна было будаваць барыкады”.

Цешацца паўстанцы і цяпер, асабліва з таго, што пра іх змаганьне памятае моладзь. Моладзь хоча памятаць пра паўстаньне и сьпяваць песьні паўстанцаў, але па-свойму.

Два гады таму, вядомы польскі гурт LAO CHE запісаў альбом з песьнямі варшаўскіх паўстанцаў у сучасных аранжыроўках, які атрымаў вялікую папулярнасьць.

Сёлета ў Варшаве адбыўся вялікі рок-канцэрт з удзелам вядомых польскіх рок-гуртоў, а некалькі выбітных музыкаў – Станіслаў Сойка, Зьбігнеў Голдыс, Кшыштаф Цугоўскі, Дарэк Маляёнэк -- зноў запісалі песьні паўстанцаў і выканалі іх у сталіцы.

Паводле некаторых варшавянаў, перадусім людзей сталага ўзросту, грукат гітараў і бубнаў рок-гуртоў не зусім на мецы ў такое сьвята, моладзь, аднак, лічыць іначай.

“Мы хочам расказаць пра гэтае паўстаньне, аб імкненьні да свабоды. Ёсьць найважнейшая рэч – свабода. Тады людзі таксама спрачаліся і мелі розныя палітычныя погляды, але калі было трэба, усе разам пайшлі ў бой. Бо за свабоду варта нават загінуць”, - кажа Дарэк Маляёнэк.

На канцэрце разам зь дзедам падлетак 12-13-ці гадоў.

«Я хачу сьвяткаваць разам з дзедам!»

Сёлета імпэзы, прысьвечаныя ўгодкам паўстаньня, наведваюць і навучэнцы беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, якія цяпер вучацца ў Варшаве.

"Цяпер угодкі варшаўскага паўстаньня, дык ліцэісты актыўна ходзяць на мерапрыемствы, зьвязаныя з гэтым," -- кажа дырэктар ліцэю Уладзімір Колас, паводле якога, для ліцэістаў гэта добры ўрок гісторыі.

На фота: ацалелыя удзельнікі паўстаньня



На фота: рок-музыка Дарэк Маляёнэк



На фота: публіка на сьвяточным рок-канцэрце

XS
SM
MD
LG