Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Global Іnsight зьнізіла рэйтынг Беларусі да магчымага дэфолту


Юры Дракахруст, Прага Беларуска-расейскі газавы канфлікт мы папрасілі пракамэнтаваць аналітыка брытанскага дасьледчага цэнтру Global Іnsight Натальлю Лешчанку.

Дракахруст: “Cпадарыня Лешчанка, якой Вы прагназуеце магчымую пазыцыю Эўропы, калі канфлікт паміж Менскам і Масквой наконт газу будзе абвастрацца?”

Лешчанка: “Пазыцыі Расеі і Беларусі і іх стасункі з Эўропай будуць залежыць ад іміджавай вайны. Ці Расея здолее пераканаць Эўразьвяз, што Беларусь дзейнічае не ў адпаведнасьці са сваімі абавязкамі, ці беларускі ўрад паспрабуе стварыць вобраз Расеі, як дзяржавы, якая пагражае сувэрэнітэту Беларусі.

Шмат таксама будзе залежыць ад таго, што будзе рабіць прэзыдэнт Лукашэнка. Ён апынуўся паміж Сцылай і Харыбдай, бо калі ён будзе адбіраць расейскі газ, які ідзе транзытам у Эўропу, ён цалкам закрые магчымасьць паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам, на якую ён арыентаваўся, як на альтэрнатыву адносінам з Расеяй. Таму ня надта разумна зь яго боку зараз спрабаваць адбіраць эўрапейскі газ”.

Дракахруст: "Падчас перамоваў з Расеяй аб пагашэньні запазычанасьці за газ за першае паўгодзьдзе беларускі бок казаў, што ён ня мае, чым плаціць. Так выглядае, што на думку і паводле ацэнак Масквы, плаціць Менску ёсьць чым. У траўні "Газпром" перавёў Беларусі 625 мільёнаў даляраў у аплату долі пакету акцый "Белтрансгазу", насельніцтва і прадпрыемствы Беларусі аплачваюць газ цалкам..."

Лешчанка: "Мы б не пагадзіліся з ацэнкай, што ў Беларусі ёсьць грошы. Наша кампанія Global Іnsight на мінулым тыдні зьнізіла сувэрэны рэйтынг Беларусі да сытуацыі магчымага дэфолту. Паводле нашай інфармацыі ў краіне сапраўды вялікія праблемы з ліквіднасьцю. Праўда, зьнешняя запазычанасьць даволі малая, таму што Беларусі няшмат даюць крэдытаў. Але Беларусь мае надзвычайна вялікія запазычанасьці па даўгах замежным кампаніям, паводле нашых падлікаў гэта 92 мільёны расейскім кампаніям і 193 мільёны даляраў па-за межамі СНД. Таму мы лічым, у Беларусі мала грошай і сапраўды плаціць няма чым".

Global Insight – міжнародная макраэканамічная прагнастычная кампанія са штаб-кватэрай у Лёндане. Робіць эканамічны, фінансавы і палітычны аналіз сытуацыі ў краінах і галінах эканомікі. Мае 23 прадстаўніцтвы ў 13 краінах сьвету.

XS
SM
MD
LG