Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастоўскія актывісты сустрэліся з амбасадаркай ЗША


Міхал Карневіч, Масты Сустрэча дэмакратычных актывістаў з амбасадаркай ЗША ў Мастах адбывалася ў прысутнасьці загадчыцы ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму.

Афіцыйны візыт амбасадаркі ЗША на Гарадзеншчыну распачаўся з Мастоў. Карэн Ст’юарт падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі падкрэсьліла, што пазытыўныя крокі ў адносінах ЗША да Беларусі пачнуцца пасьля таго, як будуць вызвалены палітычныя вязьні.

За паўгадзіны да сустрэчы з амбасадаркай ЗША да аднаго з актывістаў, Зьмітра Кухлея – дзейнага дэпутата раённага Савету, затэлефанавалі з працы з патрабаваньнем вярнуцца на прадпрыемства. Пры гэтым спадар Кухлей загадзя папярэдзіў кіраўніцтва пра ўдзел у сустрэчы з амэрыканскай амбасадаркай.

Да пачатку падзеі ў залю кавярні прыйшла загадчыца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Натальля Дубіцкая й папрасіла дазволу прысутнічаць, ёй не адмовілі. Разам з раённым ідэолягам зьявіўся й чалавек у цывільным, які цягам усяго часу здымаў сустрэчу на відэа.

Мастоўскія актывісты, не зважаючы на чыноўніцу, апавядалі пра парушэньні правоў чалавека ў раёне, асабліва – падчас выбарчых кампаній. Зьміцер Кухлей, да прыкладу, казаў: людзі абмежаваны ў атрыманьні праўдзівай інфармацыі, дзяржаўныя СМІ ўводзяць народ у зман.

Алесь Зарэмбюк прыгадаў, пад які ціск патрапіла грамадзкая ініцыятыва ў часе апошніх выбараў, азначыўшы пры гэтым, што вынікі выбараў былі сфальшаваныя.

Яшчэ адзін удзельнік, Леў Барташ, распавёў пра перасьлед раённым кіраўніцтвам прадпрымальніка, у якога ён працуе.

Уладзімер Каўшовік запрасіў амбасадарку наведаць Гудзевіцкі музэй, створаны вядомым у Беларусі чалавекам Алесем Белакозам і ягонымі вучнямі. Таксама ён пацікавіўся, ці магчымыя нейкія зьмены ў адносінах ЗША й Беларусі.

Вось што сказала Карэн Ст’юарт:

“Гэта цалкам залежыць ад беларускіх уладаў. З нашага боку ёсьць патрабаваньне вызваліць усіх палітвязьняў. Тады будуць зроблены адпаведныя крокі ў пазытыўным кірунку з боку ЗША”.

Карэн Ст’юарт паведаміла нашаму радыё, што задаволена сустрэчамі – і з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі, і з мастоўскімі ўладамі. Праўда, падкрэсьліла, што размова з уладамі атрымалася больш пра жыцьцё ў Амэрыцы, чым у Беларусі.

З Мастоў спадарыня Ст’юарт накіравалася ў Горадню.

На фота: прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі сустракаюць Карэн Ст’юарт



На фота: Карэн Ст’юарт пабыла на адзіным у Беларусі падвясным мосце празь Нёман



На фота: Уладзімер Каўшовік на памяць аб сустрэчы падараваў амэрыканскай амбасадарцы здымак зроблены зь ягонага балькона ў Мастах.

XS
SM
MD
LG