Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы конкурс: "Адзін дзень у БНР-2008"


Радыё Свабода Гісторыя склалася іначай: Беларуская Народная Рэспубліка перамагла ў 1918 годзе. Краіна рыхтуецца да 90-х угодкаў Дня Волі. Дзеяньне адбываецца ў першыя тры месяцы 2008 году...

Чакаем вашы творы жанру свабоднай мары – раман, апавяданьне, гістарычная манаграфія, падарожныя нататкі, хроніка, дзёньнік, рэпартаж – без абмежаваньняў, па-беларуску.

Творы ў электронным фармаце дасылайце на адрас svaboda@rferl.org да 15 сьнежня 2007 году.

Найлепшыя творы прагучаць у эфіры і будуць апублікаваныя ў выдавецкай сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”.

Журы: Уладзімер Арлоў, пісьменьнік, Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода, сябра Рады БНР, Уладзімер Някляеў, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру, Алесь Пашкевіч, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Сяргей Шупа, укладальнік двухтомніка “Архівы БНР”.

• А.Латышонак: Калі б БНР стваралі не сацыялісты, было б больш шанцаў

• І.Бабкоў: БНР – гераічная спроба зрабіць немагчымае

• У.Ляхоўскі: Леварадыкальная БНР у 1918-м ня мела шанцаў

• С.Харэўскі: “Абвяшчэньне БНР – гэта была фэерыя, гэта быў карнавал”

• А.Трусаў: “БНР магла б выратаваць Эўропу”

• С.Шупа: “Вось вам сытуацыя на дошцы, трэба знайсьці рашэньне, дзе бел-чырвона-белыя выйграюць”

• У.Арлоў: “Сёньня пра 25 сакавіка ведаюць усе – і прыхільнікі, і ворагі”

• А.Пашкевіч: “Гісторыі БНР не хапае каханьня”

******************************************************************

Аляксандар Лукашук: “Рэалізм у жанры свабоднай мары”

Юбілей БНР – добрая нагода памарыць на тэму, як магло б быць.

Новы конкурс "Свабоды" прымеркаваны да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтае сьвята ў наступным сакавіку будзе адзначацца беларусамі ўсяго сьвету – пройдуць канфэрэнцыі, сходы, канцэрты, дэманстрацыі, і "Свабода" будзе пра ўсё гэта абавязкова расказваць. Але таксама – з вашай дапамогай – мы паспрабуем расказаць пра тое, як магло б быць.

Такі падыход папулярны ў сьвеце – і ня толькі ў мастацкай літаратуры. Альтэрнатыўныя варыянты гісторыі – тэма сур''ёзных дасьледаваньняў. І ў Амэрыцы, і ў Эўропе папулярнасьцю карыстаюцца кнігі выдавецкай сэрыі “Што, калі б?” – зборнікі артыкулаў аўтарытэтных гісторыкаў, дзе яны спрабуюць уявіць, што было б, калі б, напрыклад, Пілат настояў на сваім і ня даў укрыжаваць Хрыста і той дажыў бы да сівых валасоў. Ці што было б, калі б нямецкі генэральны штаб не арганізаваў пераезду Леніна са Швайцарыі ў Фінляндыю. Мы хочам з дапамогай гэтага конкурсу паспрабаваць уявіць, як выглядаў бы сьвет, калі б справа БНР перамагла.

Мы не заклікаем аўтараў працаваць у жанры ўтопіі, апісваць ідэальнае грамадзтва ў традыцыі Платона ці Томаса Мора. “Утопія” па-грэцку азначае “месца, якога няма”, а БНР мела і ў пэўным сэнсе мае месца быць. У чыста літаратуразнаўчым сэнсе хутчэй мы маем на мэце гетэратопію – месца, у якім пераплятаюцца рэальныя і прыдуманыя магчымасьці. Але рэч не ў тэрміналёгіі.

Знакаміты твор Томаса Мора мае падзагаловак: “Залатая кніга, наколькі карысная, настолькі ж забаўляльная”. Павінна быць цікава. Дарэчы, прозьвішча галоўнага героя Мора, які расказвае пра востраў Утопія, у перакладзе з грэцкай азначае “дасьведчаны ў дробным, у нязначных рэчах" – іншымі словамі, гэта назіральная асоба, якая бачыць сьвет праз рэальныя дэталі. Таму было цікава чытаць, таму твор меў такі розгалас.

Гэта можа быць раман, хроніка, дзёньнік, перапіска – жанр свабоднай мары не прадугледжвае абмежаваньняў. Але адно пажаданьне ўсё ж варта выказаць – нават у жанры “фэнтэзі” трэба пісаць так, каб можна было паверыць, што гэты дзень аўтар пражыў у БНР. Якія газэты там выходзяць, як называюцца вуліцы, што ідзе ў тэатры, якая валюта, што за прызэдэнт стаіць на чале, які від спорту самы папулярны, ці ёсьць атамныя электрастанцыі ці свая ядзерная бомба? Таксама цікава, як спэцыялісты ў палітычнай гісторыі XX стагодзьдзя сканструявалі б рэальную геапалітычную прастору, у якой БНР магла б выжыць – што адбываецца на ўсходзе, што на захадзе, што замест Эўразьвязу?..

Ідэальнае, але, спадзяемся, не ўтапічнае спадзяваньне: напісаць так, каб можна было паверыць аўтару – БНР жыве.

Жадаем посьпеху!
XS
SM
MD
LG