Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст Міхаіл Дзялягін: "Газ -- тавар палітычны"


Радыё Свабода Беларуска-расейскі газавы канфлікт пракамэнтаваў для нашага радыё расейскі эканаміст, была дарадца расейскага ўраду Міхаіл Дзялягін

Дзялягін: “Ёсьць вялікі прагрэс, бо гэта адбываецца не ў навагоднюю ноч, а летам, калі патрэбы ў газе менш і праблема скарачэньня паставак ня мае крытычнага характару -- людзі ня будуць замярзаць. Будуць праблемы для прамысловасьці, але Беларусь не замерзьне, гэта ўжо добрая навіна, і больш цывілізаваныя адносіны, чым у нас былі гэтай зімой з Беларусьсю і мінулай -- з Украінай.

З фармальнага пункту гледжаньня пазыцыя "Газпрому" выглядае справядлівай, бо калі ёсьць дамоўленасьць і яе парушаюць, значыць, трэба караць. Але адносіны Расеі і Беларусі ў галіне энэргетыкі непразрыстыя. Калі тут існавала ўзаемная згода, якую беларусы па нейкай прычыне парушылі, то "Газпром" абсалютны мае рацыю. Але калі "Газпром" лічыў, што беларусы павінны, а беларусы пра гэта нічога ня ведалі, то гэта чарговы этап энэргетычных войнаў, але разьвязаны ў больш зручных для кампрамісу ўмовах”.

Карэспандэнт: “Наколькі высокая рызыка, што ў выніку гэтага канфлікту спыняцца пастаўкі праз Беларусь ў Эўропу?

Дзялягін: “Калі беларусы, як у свой час ўкраінцы, пачнуць красьці газ, то пастаўкі ў Эўропу скароцяцца. Але гэта будзе дадатковы стымул, каб будаваць падземныя газасховішчы ў Вугоршчыне. З-за згоды вугорскага ўрада на гэта там ледзь не адбыўся мяцеж. А па-другое, гэта ўсё ж больш зручны час, не зіма. Па трэцяе, Лукашэнка ў адрозьненьні ад "аранжавага" ўраду , нармальны, разумны чалавек і наўрад ці ён будзе красьці газ у Эўропы, хаця Эўропа яго ненавідзіць. Трэба адзначыць, што эўрапейцы тут падтрымліваюць не дэмакратаў ці антыдэмакратаў, а тых, хто выступае супраць Расеі. Нават Лукашэнка, якога яны ненавідзяць, як толькі ў яго ўзьнік канфлікт з Расеяй, да яго адразу рэзка зьмянілася стаўленьне ў станоўчы бок”.

Карэспандэнт: "Ці можа гэты канфлікт быць вырашаны ў эканамічнай плашчыні?”

Дзялягін: “Зразумела, хацелася б , каб гэтая спрэчка засталася, як гэта ў нас любяць гаварыць "спрэчкай суб''ектаў гаспадараньня" , але ўсе разумеюць, што гэта нерэальна. Газ -- тавар палітычны, ён забясьпечвае інфраструктуру. Яшчэ адна праблема -- хаця саюзная дзяржава Расеі і Беларусі і ня створаная, гэта ня проста дзьве дзяржавы. Гэта дзьве дзяржавы, якія моцна зрасьліся адна з адной. І ўжо мінулая нафтавая вайна супраць Беларусі паказала, што любой канфлікт будзе разглядацца ў межах усяго комплексу адносінаў -- эканамічных, палітычных, ваенных і нават культурных. Гэта непазьбежна”.
XS
SM
MD
LG