Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” пагражае амаль удвая скараціць пастаўкі газу ў Беларусь


Уладзімер Глод, Менск З 3-га жніўня расейскі канцэрн “Газпром” мае намер скараціць аб’ёмы паставак газу на Беларусь на 45%. Гэту інфармацыю нашаму радыё сёньня пацьвердзілі ў прэсавай службе “Газпрому”. У афіцыйнай заяве канцэрну гаворыцца таксама пра тое, што на адрас выканаўцы абавязкаў кіраўніка “Белтрансгазу” Ўладзімера Маёрава ўжо накіравана афіцыйнае паведамленьне пра скарачэньне паставак.

У афіцыйнай заяве “Газпром” тлумачыць сваё рашэньне наступным чынам: “у сувязі зь невыкананьнем абавязкаў па аплаце газу ў першым паўгодзьдзі 2007 году і адсутнасьцю гарантыяў аплаты, сутачны аб’ём паставак газу ў Беларусь адпаведна з кантрактам будзе скарочаны прапарцыйна з фактычнай аплатай – на 45%, пачынаючы з 10.00 3-га жніўня”.

Беларускі бок са згоды “Газпрому” ў першым паўгодзьдзі плаціў толькі 55 са 100 даляраў за кожную тысячу кубамэтраў газу. У выніку гэтага назапасілася запазычанасьць – больш як 456 мільёнаў даляраў. Вярнуць грошы трэба было не пазьней за 23 ліпеня. Але Беларусь гэтага не зрабіла. Спробы афіцыйнага Менску дамовіцца пра адтэрміноўку пазыкі – спачатку непасрэдна з “Газпромам”, а пасьля й з прэм’ерам Міхаілам Фрадковым – посьпеху ня мелі.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэсу Яраслаў Раманчук гаворыць: беларускі бок яшчэ мусіць дзякаваць “Газпрому”, што той ідзе на гэткі крок цяпер, а ня ўвосень ці зімою:

“Калі б давялося падвышаць тарыфы за карыстаньне газам унутры Беларусі позна ўвосень адразу на 30-40%, дык гэта быў бы балючы ўдар. А раз можна будзе падвышаць, прыкладам, па 5% штомесяц, – адаптацыя будзе значна лягчэйшай. Але гэта азначае, што інфляцыя акажацца вышэйшай і людзей паставяць ва ўмовы падвышанай аплаты камунальных паслуг. Па сутнасьці, гэта будзе разлад існуючай цяпер сыстэмы.

Прыняць такое балючае рашэньне ні Лукашэнка, ні, тым больш, Сідорскі яшчэ ня могуць – з розных прычын”.

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў лічыць: беларуская эканоміка трымаецца на плыву, дзякуючы выключна танным расейскім энэрганосьбітам. А як толькі Масква ўзьняла кошты, сытуацыя кардынальна зьменіцца:

“Справа ідзе да таго, што міт пра Беларусь расьсейваецца ў пух. Паглядзіце, што робіцца: прыяжджаюць у Маскву выпрошваць крэдыты, просяць падоўжыць дамову, жаляцца, што грошай няма.

Пра якую асаблівую беларускую мадэль можна казаць?! Пра якую сьветлую краіну, дзе, быццам, правіць цудоўны цар?! Пра якую славянскую дзяржаву?! Жабракі насамрэч”.

У канцэрне “Белтрансгаз” нам толькі пацьвердзілі атрыманьне згаданага паведамленьня з “Газпрому”. Але рэакцыя афіцыйных асоб на намеры “Газпрому” зводзіцца пакуль да аднаго сказу: “Белтрансгаз”, Міністэрства энэргетыкі і ўрад абмяркоўваюць магчымыя наступствы гэтага рашэньня і далейшыя крокі для ўрэгуляваньня праблемы”.

Гл. таксама

Расея і Беларусь не дамовіліся

Economist пра Беларусь: "Рыхтуючыся да цяжкіх часоў"

Чаму беларускі ўрад ня хоча плаціць за газ?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG