Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аналітык Валеры Несьцераў: За нежаданьнем Беларусі плаціць – палітычны кантэкст


Юры Дракахруст, Прага Чаму “Газпром” скарачае пастаўкі газу Беларусі, ідучы на рызыку таго, што Беларусь заблякуе транзытныя расейскія пастаўкі газу ў Эўропу? Чаму Беларусь не аплаціла запазычанасьць за газ, якая ўтварылася за першыя паўгоду? На гэтыя пытаньні мы папрасілі адказаць аналітыка расейскай кампаніі “Тройка-Диалог" Валерыя Несьцерава.

Несьцераў: “Я мяркую, што ўсё дастаткова пралічана. Пазыцыя "Газпрома" падмацаваная дамоўнымі адносінамі. Няма сур''ёзных перасьцярогаў, што Беларусь будзе адбіраць газ з транзытных трубаправодаў. Гэта прыцягне ўвагу эўрапейскіх імпартэраў да праблемы высокай залежнасьці паставак расейскага газу праз такія рызыкоўныя краіны-транзітэры, як Беларусь і Ўкраіна.

Я мяркую, што такі канфлікт можа падштурхнуць Эўразьвяз заняць больш канструктыўную пазыцыю наконт падтрымкі пабудовы Паўночна-Эўрапейскага газаправоду па дне Балтыйскага мора. Акрамя таго, паводле досьведу адносінаў і з Украінай, і зь Беларусьсю можна сказаць, што пасьля доўгіх перамоваў, калі сытуацыя пераходзіла ў фазу абвастрэньня, то пытаньні вырашыліся даволі хутка. Тым больш што незразумела, чаму Беларусь, якая толькі што атрымала 625 мільёнаў даляраў ад "Газпрома" за акцыі "Белтрансгазу", чаму яна не выконвае свае абавязкі, чаму да канца ліпеня не пагасіла сваю запазычанасьць”.

Дракахруст: “А чаму, дарэчы, які Ваш адказ?”

Несьцераў: “Гэта і незразумела. І ня толькі "Газпрому" незразумела, але і многім назіральнікам. Складваецца ўражаньне, што за гэтым ізноў ёсьць нейкі палітычны кантэкст, жаданьне папсаваць нэрвы Расеі. Днямі міністар фінансаў Расеі Кудрын заяўляў, што ўрад практычна ўхваліў крэдыт да паўтара мільярда даляраў , у тым ліку і на гэтыя мэты. Варта прыгадаць, што Беларусь атрымлівае газ на 30 працэнтаў таньней , чым Украіна.

Мне пазыцыя беларускіх кіраўнікоў падаецца не зусім зразумелай, адэкватнай і апраўданай”.
XS
SM
MD
LG