Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падвысіла экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты


Алесь Дашчынскі, Менск Ад 1 жніўня Беларусь усьлед за Расеяй падвысіла стаўкі экспартных мытаў на нафту і нафтапрадукты. Згодна з пастановай ураду, стаўка экспартнага мыта на сырую нафту падвысілася на 23,6 даляра. Цяпер яно складае 223,9 даляра за адну тону. Ад 1 жніўня стаўка спэцмыта на пастаўляную ў Беларусь з Расеі нафту таксама ўзрасла амаль на 20 даляраў за тону. Як адаб’ецца гэта на беларускай эканоміцы?

Беларусь вымушана ўніфікаваць стаўкі экспартных мытаў на нафту і нафтапрадукты да памеру расейскіх адпаведна зь міжурадавай дамовай ад 12 студзеня 2007 году. Нагадаем: у першай дэкадзе студзеня гэтага году Беларусь з прычыны неўрэгуляванасьці ўмоў паставак нафты часова спыніла яе імпарт.

Цяпер Беларусь працуе ў новых умовах – калі Расея адзін раз на два месяцы пераглядае ўсе гэтыя мыты. Тлумачыць эканамістка Тацяна Манёнак:

“Беларусь атрымала правілы гульні зусім новыя. Больш жорсткія, чым у мінулым годзе на нафтавым рынку. Згодна з правіламі гульні, якія ўстанавіў беларускі ўрад, ён таксама пераглядае памер субсыдый для нафтаперапрацоўшчыкаў. Калі павялічваецца гэта мыта, то будзе павялічаны й памер субсыдыі.

Бюджэт павінен нейкія сумы выдаткоўваць на кампэнсацыю нафтаперапрацоўшчыкам у сувязі з расейскім спэцмытам на пастаўку нафты для Беларусі. Заводам вельмі цяжка ў гэтай сытуацыі. Яны дзесьці балянсуюць на мяжы рэнтабэльнасьці”.

На паседжаньні Савету міністраў першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што недапастаўкі расейскай нафты ў Беларусь складаюць цяпер 17 працэнтаў ад балянсу.

Апроч таго, у сувязі з увядзеньнем расейскага экспартнага мыта на нафту для Беларусі і змушаным падвышэньнем беларускіх экспартных мытаў на нафтапрадукты, прадпрыемствы канцэрну “Белнафтахім” не выконваюць заплянаваных паказчыкаў рэнтабэльнасьці.

На нафтаперапрацоўчых заводах камэнтаваць сытуацыю адмовіліся.

Эканаміст Тацяна Манёнак кажа:

“Калі ў мінулым годзе яны самастойна зараблялі грошы на рэканструкцыю, закуп нафты, то цяпер ужо ня маюць грошай ні на рэканструкцыю, ні на закуп нафты. Яны павінны браць крэдыты на гэтыя мэты. Але калі мінусавая рэнтабэльнасьць, то рабіць гэта вельмі цяжка. Вельмі вялікія сродкі патрэбны на рэканструкцыю”.

У гэтай сытуацыі расейскія кампаніі зацікаўлены ў тым, каб купіць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Тацяна Манёнак:

“Але трэба мець на ўвазе, што гэта будзе вельмі жорсткі гандаль. Я так разумею: дзесьці за кулісамі вядзецца гандаль датычна прыватызацыі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў”.
XS
SM
MD
LG