Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія заклікае Расею і Беларусь вырашыць газавую спрэчку мірна і хутка


Радыё Свабода Пра гэта заявіў сёньня прадстаўнік выканаўчага органу Эўразьвязу Марцін Смэйлер. “Мы ставімся да гэтых падзеяў вельмі сур''ёзна і зьвяртаемся да абодвух бакоў з просьбай вырашыць праблему дружалюбна і тэрмінова,” – сказаў ён.

Марцін Смэйлер сказаў, што Эўразьвяз у выпадку неабходнасьці можа склікаць на наступным тыдні групу каардынацыі ў газавай галіне. Гэтая група складаецца з прадстаўнікоў дзяржаваў Зьвязу, а таксама прадстаўнікоў эўрапейскай газавай індустрыі і спажыўцоў. Мэта групы палягае ў распрацоўцы мераў бясьпекі ў пастаўках газу.

Прадстаўнік Эўракамісіі заклікаў Маскву і Менск кіравацца ў вырашэньні спрэчкі прынцыпамі Энэргетычнай хартыі. Ані Беларусь, ані Расеяй не падпісвалі гэтае пагадненьне.

Сёньня “Газпром” заявіў, што з пятніцы скарачае на 45% пастаўкі газу ў Беларусь “у сувязі з невыкананьнем абавязкаў па аплаце газу, пастаўленага ў першым паўгодзьдзі 2007 года і адсутнасьцю гарантый аплаты”.

Згодна з кантрактам, "Белтрансгаз" абавязаны забясьпечыць бесперашкодны транзыт расейскага газу па сваёй тэрыторыі ў трэція краіны.

"Газпромэкспорт" таксама накіраваў на адрас замежных спажыўцоў газу паведамленьне аб абмежаваньні паставак газу ў Беларусь.

"Газпром" прыме ўсе магчымыя меры для транспарціроўкі расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі ў поўнай адпаведнасьці з наяўнымі абавязкамі перад эўрапэйскімі пакупнікамі", – гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле «Газпрома» адтэрміноўка плацяжу Беларусьсю ў студзені–чэрвені 2007 года склала 456,16 мільёнаў даляраў.

Праз Беларусь праходзіць 20% транзыту расейскага газу ў Эўропу, галоўным чынам у Польшчу, Нямеччыну і Літву.

Сёлета ў студзені спрэчка наконт нафтавых цэнаў паміж Менскам і Масквой прывяла да прыпыненьня транзыту нафты ў Эўропу. Аналягічная спрэчка наконт газу паміж Расеяй і Ўкраінай прывяла ў 2006 годзе да прыпыненьня газавых паставак у Эўропу праз Украіну.

Цяпер Эўракамісія заклікае бакі прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG