Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша цяперашняя школа – як савецкая сталоўка...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 1 жніўня 2007 году

Многія нашы слухачы, якія жывуць далёка ад сталіцы і буйных гарадоў, у сваіх лістах на “Свабоду” распавядаюць пра вясковыя справы, пра зьмены, якія адбываюцца на вёсцы; спрабуюць зазірнуць у будучыню беларускай правінцыі.

Наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну ў новым лісьце на “Свабоду” паведамляе пра наступныя мясцовыя навіны.

“Быў калісьці ў нас у Макранах камбінат бытавога абслугоўваньня – КБА. Потым яго зачынілі, будынак стаяў парожні. Палову яго аддалі пад краму прыватніку – Сямёну Авакумавічу Макаруку. Ён сваё памяшканьне ўпарадкаваў, адрамантаваў, паставіў печку: люба-дорага глядзець. І вось навіна: 1-га верасьня ў ягоную гэту палову будынку забіраюць – зноў пад КБА. А яму кажуць: “Калі хочаш гандляваць – ідзі ў дамок газавіка”. Гэта – два кілямэтры ад цэнтру. Там цячэ дах, патрэбен рамонт. А збудова, зноў жа, не прыватная – дзяржаўная.

Многія ў нас пытаюцца: а ці ня дзеля таго ўсё гэта задумана, каб прыбраць канкурэнта, а на будыніне зноў павесіць пудовы замок? Бо тут жа, побач, на рагу, дзяржаўная крама – харчовы, мануфактурны, гаспадарчы аддзелы. А памяшканьне гандлёвага цэнтру ператварылі ў горы сьмецьця. Нашы людзі кажуць: “Напэўна, чакаюць Маёрчыка са “Свабоды”, каб зноў прыехаў і расказаў на ўвесь сьвет, што тут робіцца”.

Хутчэй, за ўсё, спадар Сац, здагадкі макранскіх жыхароў слушныя: наўрад ці падабаецца кіраўнікам мясцовай спажыўкаапэрацыі тое, што тутэйшыя пакупнікі нясуць свае грошы ня ім, а ў прыватную краму, у якой, напэўна, і цэны ніжэйшыя, і харч больш сьвежы. Сытуацыя гэта ўласьціва тысячам і тысячам беларускіх вёсак. Сыстэма спажыўкаапэрацыі (па сутнасьці, гэта адзяржаўленая структура) за многія дзесяцігодзьдзі звыклася да таго, што вясковы чалавек нікуды не падзенецца – купіць і счарсьцьвелы хлеб, і няпэўнага “ўзросту” каўбасу, і даражэзныя цукеркі… Не паедзе ж ён па ўсё гэта за дзясяткі кілямэтраў у горад. І тут зьяўляецца прыватнік, здольны прывезьці ў вёску патрэбныя людзям тавары і лепшай якасьці, і за куды прывабнейшыя кошты. Што ў такім выпадку мае рабіць спажыўкаапэрацыя? Скарачаць апарат кіраваньня? Шукаць новых пастаўшчыкоў? Набіраць новых работнікаў – больш прадпрымальных і жвавых? Усё гэта складана і цяжка. Куды прасьцей пайсьці ў райвыканкам, паскардзіцца, што прыватная крама ўяўляе небясьпеку для дзяржаўнай – і ў выніку адабраць ад прадпрымальнага прыватніка памяшканьне альбо абкласьці яго “непад’ёмнымі” штрафамі.

Аўтар наступнага ліста – Леанід Субат зь Нясьвіжу.

“Не магу зразумець, чаму курыныя кумпячкі, прывезеныя з Амэрыкі, удвая таньнейшыя за нашы, якіх ня трэба везьці праз акіян? Заробкі ж на нашых птушкафабрыках разоў у дзесяць ніжэйшыя, чым на амэрыканскіх. Камбікорм у нас, напэўна, таньнейшы, чым у ЗША. Якая жа прычына адбыванага?”

Прычын, спадар Субат, шмат. Іншыя тэхналёгіі, іншая тэхніка. Там, дзе ў Злучаных Штатах заняты адзін чалавек, у Беларусі працуюць дзесяць. А над імі яшчэ й разьдзьмуты кіраўніцкі апарат. Прадукцыйнасьць працы ў выніку – несувымерная. Увогуле, першапрычына многіх сёньняшніх эканамічных бедаў Беларусі – адсутнасьць эфэктыўнага гаспадара, уласьніка. Праблема, якая ў свой час прывяла да краху савецкай эканамічнай мадэлі, застаецца ня вырашанай і ў цяперашняй Беларусі.

Ліст зь Нямеччыны, з горада Сэгена, ад Ігара Падгарадзецкага, што падпісаўся як “часовы гастарбайтар”. Слухач разважае пра некаторыя асаблівасьці псыхалёгіі беларускага грамадзтва. Асабліва ўразіла яго тое, як беларусы адрэагавалі на рашэньне ўлады значна абмежаваць колькасьць дзяцей, якія коштам заходніх дабрачынных арганізацыяў выяжджаюць на аздараўленьне за мяжу.

“Я, мусіць, кепска ведаю свой народ, хоць нарадзіўся і вырас на Гарадзеншчыне і ўсе канікулы праводзіў сярод вясковых хлопцаў, дзе жыла радня. Я пераацаніў некаторыя якасьці маіх землякоў. Мне здавалася: вось зараз будзе вялікая хваля абурэньня з боку маці гэтых хворых дзетак. Быў упэўнены ў гэтым яшчэ й таму, што на ўласныя вочы бачыў хвалю пратэсту ў Нямеччыне. Тутэйшыя людзі, што зьбіраюць грошы для нашых дзетак на такія паездкі, абураліся да глыбіні душы.

Але ці быў на Беларусі зафіксаваны хоць адзін выпадак, калі маці хворага дзіцяці афіцыйна, публічна недзе заявіла: “Што вы там, наверсе, зглузду зьехалі? Вашым здаровым дзецям можна езьдзіць, куды захочуць, – у іх культурнага шоку няма. А нашым хворым нельга?” Ці выйшла дзе-небудзь хоць адна маці зь пікетам, плякатам пратэсту супраць гэтага дзяржаўнага дэбілізму? Калі – не, то мы маем тое, што заслугоўваем. Трэба мець мужнасьць глядзець праўдзе ў вочы”.

Заканчвае свой ліст Ігар Падгарадзецкі наступнай высновай, адрасаванай лідэрам апазыцыі:

“Калі вы там нешта плянуеце, дык трэба зыходзіць не зь віртуальнай, высмактанай з пальца, сытуацыі, а з рэальнай псыхалёгіі нашых людзей. Трэба бачыць народ такім, якім ён ёсьць, а не такім, як хацелася б вам бачыць. Не ідэалізаваць яго, а паставіць аб’ектыўны сацыяльна-палітычны і маральна-псыхалягічны дыягназ усяму нашаму грамадзтву – і сялянству, і рабочым, і інтэлігенцыі”.

Думаю, спадар Падгарадзецкі, ідэалізацыі і вялікіх ілюзіяў наконт ступені дэмакратычнасьці беларускага грамадзтва ў большасьці лідэраў апазыцыі сёньня ўжо няма: за апошнія дзесяць-пятнаццаць год было шмат магчымасьцяў дзеля таго, каб ад такіх ілюзіяў пазбавіцца.

А што да маці хворых дзяцей, якіх пазбавілі магчымасьці адпачываць за мяжой, то тут усё ж варта ўлічваць адну важную асаблівасьць сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці. Адважыцца ў Беларусі на публічны пратэст – гэта значыць рызыкаваць сваёй працай, кар’ерай, дабрабытам. Беларуская маці ня менш, чым любая іншая, абурана, калі ў ейнага дзіцяці нешта адбіраюць. Але пры гэтым яна значна глыбей за іншых змушана думаць пра наступствы свайго верагоднага пратэсту, якія могуць быць самымі драматычнымі для яе і ейных дзяцей.

Наш слухач Лявон Карповіч зь вёскі Лунна Мастоўскага раёну амаль 40 год адпрацаваў у школе. Свае меркаваньні наконт цяперашняй сыстэмы адукацыі ў Беларусі ён выказаў у лісьце на “Свабоду”.

“Наша цяперашняя школа – гэта як савецкая сталоўка, у якой настаўнік-кухар з дрэнных прадуктаў гатуе шкодную для душы і здароўя ежу і прымушае яе есьці. Дык будзеш есьці й без прымусу, бо іншай – няма. А праз пэўны час усе робяцца хворымі – фізычна і духоўна. Было б несправядліва казаць, што ў нас усе школы такія. Ёсьць яшчэ настаўнікі, на ўрокі якіх дзеці ідуць з ахвотай. Але такіх – мізэрная колькасьць. Такі настаўнік-гароднік ахінае любоўю і ласкай кволыя парасткі насуперак рэчаіснасьці, штодня рызыкуючы страціць працу.

Але сёньня ў нацыянальна сьвядомага настаўніка застаецца толькі адзін шлях – шлях грамадзянскай адукацыі. Трэба дапамагчы кожнаму выхаванцу сфармаваць асабістую думку, усьвядоміць, што кожны мае права на асабісты выбар у жыцьці.

Адной з самых пачварных спраў камуністычнага ладу было стварэньне новай супольнасьці людзей – людзей без сумленьня. Жыцьцё без сумленьня вызваляе ад пакут, як жыцьцё бяз розуму вызваляе ад неабходнасьці думаць. Чалавек тады губляе душу і ператвараецца ў зброю д’ябла. На жаль, гэта актуальна і для сёньняшняй Беларусі”.

Слухач таксама зьвяртаецца да нас з наступнай просьбай:

“Вельмі прашу як мага часьцей уключаць у вашы перадачы выкананьне гімна Беларусі “Магутны Божа”. Калі гэта нельга рабіць штодня, то хаця б раз на тыдзень, у нядзелю. І ў беларускія сьвяты рабіць гэта варта. Бо дзе ж яшчэ простаму беларусу можна яго пачуць?”

Дзякуй вам, спадар Карповіч, за цікавы ліст.

Мы пастараемся ўлічыць Вашы пажаданьні. Праўда, абяцаць, што гімн будзе штодня гучаць у эфіры, ня можам. Усё ж нашы слухачы, якія празь перашкоды і шум у эфіры ловяць хвалі Беларускай Свабоды, чакаюць ад нас найперш навінаў, інфармацыі. Дый кароткія хвалі мала ппрыдатныя для якаснай трансьляцыі музыкі. А паслухаць улюбёную мэлёдыю ў любы час ня так і складана: знайсьці аўдыёзапіс (касэту ці СD-дыск) не падаецца невырашальнай праблемай.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас: zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG