Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абеды ў Івянцы: "На кірмаш трэба ісьці па пяску, а на алеі да помніка Дзяржынскаму ўзарвалі асфальт і паклалі брук"


Ягор Маёрчык, Івянец, Валожынскі раён Новая праграма з сэрыі "Падарожжы "Свабоды"

Слухаць:



Расьпеўка. Болей за дзьве сотні чалавек старанна трэніруюць галасавыя зьвязкі. Праз пару хвілін яны будуць сьпяваць. Хлопцы і дзяўчаты сабраліся ў закінутым будынку заводзкага цэху. У вокнах няма шыбаў, са столі і сьцен даўно асыпалася тынкоўка. У цэху, што месьціцца на тэрыторыі былога кляштару францысканцаў, ладзіцца штогадовая музычная майстэрня.



Да Івянца настаяцель касьцёлу Сьвятога Міхала Архаанёла айцец Лех служыў у Польшчы і расейскім Санкт-Пецярбургу. Ягоная гаворка – непаўторная сумесь адразу польскай, беларускай і расейскай.

Лех: “З Польшчы прыяжджае недзе 30 музыкаў, якія сьпяваюць у касьцельных хорах. Дзяліцца досьведам. Іхная мэта – паламаць стандарты, што ў касьцёле павінна быць так, як за часамі бабуль. Музыкі паказваюць моладзі ўсё багацьце касьцельнай музыкі. Яны стараюцца перадаць свой досьвед праслаўленьня Бога сьпевамі. Сёлета гэта адбываецца пяты раз. Назвалі мы гэта музычнай майстэрняй. Нават некаторыя пытаюцца: ці праўда, што мы тут робім музычныя інструмэнты? Я сьмяюся. Найбольш радуе, што ў некаторых парафіях пасьля нашых майстэрняў моладзь спрабуе арганізоўваць свае гурты, якія скарыстоўваюць наш рэпэртуар”.



Карэспандэнт: “Як доўга ідзе рэканструкцыя касьцёлу?”

Лех: “Рамонт фасаду мы пачалі 4 гады таму. За савецкімі часамі касьцёл быў перароблены ў цэх, там працавалі станкі. Пасьля тут былі харчовыя склады, пазьней сталі закатваць капусту і гуркі. Далей – будынкам зацікавіўся Менскі трактарны завод і адкрыў тут свой філіял”.

Карэспандэнт: “Што зрабілі за час рэканструкцыі?”

Лех: “Стараемся дакладна аднавіць стыль барока. Вярнулі форму вежам. Пасьля рабілі рэканструкцыю сьцен. Звонку ён практычна зроблены, засталіся толькі ўнутраныя працы. Сёлета ўзяліся за рэканструкцыю агароджы”.



Карэспандэнт: “Што гэта за ідэя – зрабіць пры касьцёле спартовую залю?”

Лех: “У спадчыну па савецкіх часах засталіся фабрычныя збудаваньні. Некаторымі зь іх мы плянуем скарыстацца. Ёсьць вялікая заля, даўжыні 40 мэтраў, прыдатная пад спартовую. Мяркую, што ў будучыні знойдзем фундатара, каб гэта адолець”.

Карэспандэнт: “А чаму менавіта спорт?”

Лех: “У Івянцы няма спартовых аб’ектаў. Мы хочам працаваць з моладзьдзю. Часта не хапае інструмэнтаў, каб знайсьці з моладзьдзю кантакт. Спадзяюся, калі зробім спартовую залю, да касьцёлу будзе прыходзіць моладзь”.

З галоўным героем праграмы Паўлам Ракаўцом мы сустракаемся ў абедзенны перапынак. Сядаем за стойку кафэтэрыя ў краме “Анна”, замаўляем каву. Ніякіх страў тут не падаюць.

Карэспандэнт: “Што за бяда ў Івянцы -- няма дзе паабедаць?”

Ракавец: “Тут ня тое каб паабедаць: час няма дзе бавіць. Каб не касьцёл, – моладзі зусім не было б чаго рабіць. У нас уся моладзь дзеліцца на дзьве групы: “касьцельная” (яны ўвечары зьбіраюцца, камунікуюць, касьцёр ладзяць), а другая – на дыскатэку ходзіць па суботах. Я сябе адношу да “касьцельнай” моладзі. Мы зьбіраемся на сустрэчы з ксяндзом, чытаем Біблію, абмяркоўваем яе. Нам дазваляюць разам адзначаць дні народзінаў. Пілігрымка Баранавічы – Будслаў ідзе праз Івянец. Некаторыя спэцыяльна едуць у Баранавічы, каб прысьвяціць гэтаму болей часу. Каб споўнілася інтэнцыя, зь якой ідзеш да Маці Божай”.



Карэспандэнт: “Колькі адсоткаў моладзі Івянца можна назваць “касьцельнай”, а колькі – “дыскатэчнай”?

Ракавец: “У нас таксама ёсьць праваслаўная моладзь. Я заўважыў, што на майстэрню прыходзяць і праваслаўныя. Слухаюць, як мы сьпяваем, сьпяваюць разам. А ў адсотках – лічу, што пароўну. Можа, нават ёсьць перавага “дыскатэчнай”.

Карэспандэнт: “Дзе вучыцеся?”

Ракавец: “Маю ўжо 21 год. Вучуся цяпер у Менскім дзяржаўным радыётэхнічным каледжы на праграміста. На вакацыях працую ў музэі. Уладкаваўся звычайным рабочым: нешта дапамагаю на кампутары, цягаю камяні, фарбую”.

Карэспандэнт: “А чаму ўлетку працуеце? Паехалі б куды адпачыць…”

Ракавец: “Патрэбны грошы на навучаньне, абуцца, апрануцца”.

Карэспандэнт: “А вы бясплатна навучаецеся?”

Ракавец: “Не, на платным. Трэба плаціць 170 тысяч на месяц”.

Карэспандэнт: “Для вашай сям’і гэта – пад’ёмныя грошы?”

Ракавец: “Пад’ёмныя, але складаныя. Хачу знайсьці сабе працу. А пакуль бацькі дапамагаюць. Канечне, хацелася б знайсьці нешта па спэцыяльнасьці. А пакуль толькі патрапляюць дробныя падпрацоўкі: нешта пагрузіць, нешта разгрузіць”.

Да кавы мы набываем шакаляд. Ласунак не івянецкай – расейскай вытворчасьці. У мястэчку ёсьць кандытарская фабрыка – сумеснае беларуска-кіпрскае прадпрыемства “Іўкон”. Яно прадукуе цукеркі. Да пачатку гэтага году асноўным рынкам збыту была Расея. Пасьля таго, як у суседняй краіне тамтэйшыя прадпрыемствы зарэгістравалі свае назовы цукерак як таварныя знакі, экспартаваць беларускія ласункі пад усім вядомымі найменьнямі “Кароўка” ці “Грыльяж” стала немагчыма.

Апошнія пару месяцаў “Іўкон” засвойвае новыя рынкі – краіны Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі. Паралельна прадпрыемства закупіла і пачало працаваць на новым, энэргазьберагальным абсталяваньні.

Сталы ўдзельнік праграмы “Абеды ў Івянцы” начальнік кацельнай “Іўкону” Віктар Прусевіч:

Прусевіч: “Месяц ідзе па наежджанай каляіне. Ніякіх зьмен не адчуваецца. На прадпрыемстве запускаем новы вытворчы ўчастак. Будзем вырабляць новы від цукерак”.

Карэспандэнт: “Што са збытам? Сытуацыя памянялася параўнальна з той, як было пару месяцаў таму?”

Прусевіч: “Прынцыпова нічога не мяняецца. Як нашая райспажыўкаапэрацыя была бяз грошай, так яна й засталася. Прадукцыя сыходзіць, а грошы адтуль не вяртаюцца. Трэба выбіваць. У адной івянецкай краме й можна знайсьці нашы цукеркі. І тое: ня ўвесь асартымэнт, а толькі асобныя вырабы”.

Карэспандэнт: “Кіраўніцтва прадпрыемства прасіла мясцовыя ўлады пра наладжаньне цэнтралізаванага закупу вашай прадукцыі....”

Прусевіч: “...і каб яна абавязкова прысутнічала ў нашых крамах”.

Карэспандэнт: “Справа зрушылася?”

Прусевіч: “Каб яна зрушылася, мы ўбачылі б. У крамах мы бываем, а гэтага зруху ня бачым”.

Карэспандэнт: “Заробак у людзей мяняецца?”

Прусевіч: “Цягам апошніх двух гадоў заробак не мяняецца. У нас была нарада. Кіраўніцтва заявіла, што прадпрыемства знаходзіцца ў глыбокім крызысе. Цяпер мы зь яго выходзім. І не раней за 2008 год у нас можа нешта зьменіцца. Мы гэта можам адчуць, а можам – і не. А мы ж на нарадзе даводзілі, што кошты растуць”.

Карэспандэнт: “А што начальства казала на закід пра ўзрастаньне коштаў?”

Прусевіч: “Мы нікога не трымаем, – кажа начальства. Вам не падабаецца – ідзіце шукайце, дзе лепей. Але хто з намі дойдзе да канца, той адчуе паляпшэньне”.

Карэспандэнт: “І людзі вераць?”

Прусевіч: “Веру я ці не, але мне трэба працаваць і карміць сям’ю”.

Івянец – мястэчка ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці. Знаходзіцца на паўдарозе ад райцэнтру да сталіцы Беларусі.

За барнай стойкай у краме “Анна” з госьцем праграмы студэнтам Менскага дзяржаўнага радыётэхнічнага каледжу Паўлам Ракаўцом мы частуемся кавай.

Карэспандэнт: “Што можна сказаць пра дабрабыт жыхароў мястэчка? Як і што зьмянілася ад пачатку гэтага году?”

Ракавец: “Адчуваецца, што кошты растуць. Раней харчоў было болей. Было болей рыбы і каўбасы, а цяпер меней стала смачнейшага нечага. Амаль кожны вечар я ежджу ў вёску, дзе адпачывае мая дзяўчына, за некалькі кілямэтраў. Калі вяртаесься ноччу... Івянец быў заўсёды відзён здаля, бо асьвятляліся вуліцы. А сёлета слупы стаяць, ды нічога ня сьвеціць – эканомяць”.

Карэспандэнт: “Ці абмяркоўваюць людзі хаду перамоў з Расеяй адносна коштаў на газ?”

Ракавец: “Кажуць, што падаражае усё: ад газу да харчу. З іншага боку, я назіраю: нягледзячы на тое, што газ даражэе, людзі падлучаюцца да газавага ацяпленьня. Калі газ вядуць, значыць усе грошы ідуць туды. Яны будуць лебяду есьці альбо крапіву, але газ падвесьці трэба”.

Карэспандэнт: “Яшчэ пасьля гэты газ трэба будзе аплачваць…”

Ракавец: “Пра гэта не задумляюцца”.

На чарзе – сустрэча зь яшчэ адным сталым удзельнікам праграмы “Абеды ў Івянцы”, пэнсіянэрам Мікалаем Куксо. Да адпачынку ён працаваў адвакатам і настаўнікам у дзіцячым доме. За савецкімі часам уваходзіў у агітбрыгаду, быў агітатарам-прапагандыстам. Разьяжджаў па навакольных калгасах, пераказваў вяскоўцам пастановы пленумаў, зьездаў ды партканфэрэнцыяў, а таксама тлумачыў палітыку партыі.

Цяпер спадар Куксо скарыстоўвае свой талент прамоўцы ў лазьні. Штосуботы, начытаўшыся недзяржаўных газэт, паслухаўшы “Свабоду”, ладзіць у парылцы сапраўдныя палітінфармацыі.

А ў нашай праграме Мікалай Куксо выступае хранікёрам. Кожны раз ён дае справаздачу, як у Івянцы зьмяніліся кошты, болей ці меней стала прыхільнікаў перамен.

Гаспадар частуе мяне ў сваёй хаце кавай і бананамі.

Куксо: “Улада наша гаворыць, што клапоціцца пра народ, сацыяльна абараняе. Але апошнім часам бачна зусім іншае: самых безабаронных прыціскаюць. Кошты растуць штодня, а пэнсіі нам сёлета яшчэ не падбаўлялі. Такім чынам, гэтыя цэны, што растуць, пэнсію скубуць і скубуць. Пайшоў у краму, каб купіць цукерак. Некалі былі цукеркі па 5-6 тысяч, цяпер ўжо 7-8. Вось і глядзіце, якая нам сацыяльная дапамога. Абы што!”

Карэспандэнт: “Перамовы з Расеяй што да коштаў на газ. Кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве спэцслужбаў – людзі пра гэта ведаюць?”

Куксо: “Ставяцца абыякава. Яны прызвычаіліся ўжо да гэтых фінціклюшак нашых уладаў. Наша ўлада такія фінты дае – іншы раз і падумаць цяжка, што такое можа быць. Была на гэтую тэму гутарка ў лазьні пасьля парылкі. Я паведамляю, што зьнялі двух генэралаў. А мне гавораць: “Ясная справа, яны там сваякоў на працу ўладкоўвалі”. Я кажу: “Наш прэзыдэнт свайго сына ў намесьнікі прызначыў, а гэта забаронена Канстытуцыяй”. Так тыя людзі й замоўклі”.

Карэспандэнт: “А што пра кошты на газ кажуць? Людзей гэта цікавіць?”

Куксо: “Я на гэты конт маю такое меркаваньне: Літва плаціць па 230 даляраў – і жывыя, Польшча плаціць ня меней – і таксама жывыя! З гэтымі коштамі нічога страшнага няма. Калі мы болей будзем плаціць, меней будзе лядовых палацаў, дурноты гэтай будзе меней!”

Карэспандэнт: “А як мяняецца дабрабыт людзей?”

Куксо: “У норме дабрабыт. У мястэчку жывём са сваім гародаў. У мяне 3 соткі зямлі. Як у Японіі: я цалкам сябе забясьпечваю”.



На апошніх хвілінах размовы Мікалай Куксо зноўку ўзьбіраецца на тэму “народ і ўлада”. Кажа, што ў пасялковы выканаўчы камітэт месьцічы зьвяртаюцца толькі з вострай патрэбы. Зазвычай – калі патрэбна нейкая даведка. Усе астатнія справы, паводле Куксо, жыхары Івянца лічаць за лепшае вырашаць сваімі высілкамі.

Куксо: “Ніякія справы ня рухаюцца. Вясной з добраўпарадкаваньнем зрабілі паказуху, а на кірмаш трэба ісьці па пяску. Затое на алеі да помніка Фэліксу Дзяржынскаму ўзарвалі асфальт і паклалі брук. Але туды мала хто й ходзіць. Да людажэра выслалі дарогу брукам, а на кірмаш людзі ходзяць па пяску!”

І хоць сёньня не кірмашовы дзень, я скіроўваю да івянецкага рынку. І не за тым, каб ажно па костачкі пагрузнуць у пяску, а каб завітаць да 70-гадовай Ядзьвігі Бяльковіч. Ейная хата месьціцца якраз побач.

Пяцітысячны Івянец з усіх бакоў абкружае Налібоцкая пушча. Людзі ходзяць у лес – у грыбы ды ягады. Хто на зіму закаткі ставіць, а хто такім чынам зарабляе на жыцьцё сёньня і на ўвесь наступны год. Сёлета, кажуць, ураджай чарніц ня самы багаты. Ад таго й кошты рынкавыя – 10 тысяч за вядро ягад.

Ядзьвіга Бяльковіч называе сябе лясным чалавека. Кажа: пакуль не пабралася шлюбам, жыла ў вёсцы пасярод пушчы і (далей цытую) “ня ведала, як правільна нож зь відэльцам трымаць”. У Івянец баба Ядзьвіга пераехала з паўстагодзьдзя таму. Апошніх некалькі год ягад яна не зьбірае, а выступае ў ролі, так бы мовіць, кансультанткі па чарніцах і грыбах.

Ну, а мне Ядзьвіга Бяльковіч пералічыла далёка ня поўны сьпіс перашкод і прыгод, якія мусіць адолець чалавек у пушчы, каб сягнуць-такі ў зьбіраньні таго вядра чарніц. Адпаведна – да 10 тысяч рублёў прыбытку.

Бяльковіч: “Я ўжо 3 гады ежджу ў лес. Почасту дык толькі паказваць месцы. Прыедуць пад хату забяруць – толькі іх у лес завядзі. Пакуль яны зьбіраюць, я ля машыны пасяджу. А сама зьбіраць не магу – ногі хворыя”.

Карэспандэнт: “Да больш ураджайных мясьцін далёка трэба ісьці?”

Бяльковіч : “Кілямэтраў 25-29. Пушча вялікая. Яны ня ведаюць, куды паехаць. Аб’ехаць жа ўсю пушчу і вярнуцца безь нічога – таксама ня справа”.

Карэспандэнт: “Нечым лясныя людзі розьняцца ад тых, што ня ў лесе жывуць?”

Бяльковіч : “Так, адрозьніваюцца. Нелясныя зьмеяў баяцца. Арыентавацца ня ўмеюць – блукаюць. Летась паехалі ў ягады. Зьбіраем. Падыходзіць жанчына і плача, што заблукала, ня ведае, дзе яна знаходзіцца. Куды ж цябе, баба, падзець? Прывезла яе да сябе дамоў. А на наступны дзень мая дачка завезла яе ў Менск”.

Карэспандэнт: “Можна ісьці празь лес дзень-два і чалавека не пабачыць?”

Бяльковіч : “Як ноч агорне, дык і сьмерць можа наступіць ад страху. Баяцца людзі. Рабаўнікоў няма, але там жывёл хапае. Паехалі ў ягады. Аж на дарозе зубры стаяць. Я кажу: “Спыняйце машыну, бо мы ня ведаем, куды яны кінуцца – ці на нас, ці ад нас”. Сталі. Пасыгналілі. Зубры паглядзелі адно на аднаго і пайшлі праз дарогу. А каб чалавек, які ў лесе ніколі ня быў, такое пабачыў, ён самлеў бы. Аднаго разу паехалі ў лес і наткнуліся на дзікую сьвіньню з парасятамі. Як нарабілі яны енку! Я таксама на іх пачала крычаць. Мы хутчэй да машыны падаліся. А каб сьвіньня да нас пабегла? Разарвала б усіх. Бо парасяты пішчаць. Янотаў у лесе хапае. Брэшуць – на ўсю! Мая дачка неяк пытаецца: “Маці, а хто гэта гаўкае? Мо дзе сабакі якія?” Я кажу: “Якія табе сабакі ў пушчы?! Гэта яноты брэшуць!”

Дапіваем з Паўлам Ракаўцом каву. Апошнія штрыхі да партрэта госьця гэтай праграмы:

Карэспандэнт: “Як сталася, што займаецеся грамадзкай дзейнасьцю?”

Ракавец: “Так пайшло ад бацькі. Я атрымліваю інфармацыю ад бацькі. Ён заўжды Радыё Свабода слухае. Колькі сябе памятаю, бацька слухае “Свабоду” – зь ёй прачынаецца і засынае. Добра памятаю, як былі першыя прэзыдэнцкія выбары ў 1994 годзе. Да нас прыяжджаў Зянон Пазьняк. Ён выступаў у Доме культуры. Я раздаваў улёткі людзям, што прыйшлі яго паслухаць”.

Карэспандэнт: “Колькі вам тады гадоў было?”

Ракавец: “Гадкоў восем. У 2001 годзе ўдзельнічаў у мабілізацыйнай кампаніі “Выбірай”. У 2006 годзе таксама ўдзельнічаў, але ўжо меней, бо ў часе асноўных падзеяў ляжаў у шпіталі. Я адабраў у бацькі прыймач і за ўсімі падзеямі сачыў са шпітальнага ложку”.



Карэспандэнт: “Зазвычай чалавек, прыехаўшы ў Менск, спрабуе там застацца…”

Ракавец: “Вялікі горад мне не падабаецца. Дзяўчына мая зь Менску, і ёй горад таксама не падабаецца. Яна кажа: “Вось каб зьехаць у нейкае мястэчка”. Працаваць можна і ў Менску, але жыць – за горадам, у Івянцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG