Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе маладыя літаратары могуць выдаць першую кнігу?


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў чэскім Брне завяршыўся літаратурны фэстываль, на якім цягам месяца выступіла шмат маладых беларускіх літаратараў. Дзе маладыя празаікі і паэты могуць апублікаваць свае першыя кніжкі? Ці ёсьць дзяржаўныя праграмы падтрымкі маладых літаратараў? Ці ўсё можна надрукаваць толькі за грошы, на камэрцыйнай аснове?

Паміж дзяржаўнай “Мастацкай літаратурай” і камэрцыйным “Логвінавым”

Якія магчымасьці ёсьць у літаратараў-пачаткоўцаў? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да Вікі Трэнас, якая выдала кнігу “Цуд канфіскаванага дзяцінства”. Вось яе парады:

“Першы варыянт – гэта зьвярнуцца ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Там фінансуецца сэрыя “Дэбют”, у якой выдаліся Зьміцер Арцюх, Рагнед Малахоўскі, Аксана Спрынчан, Юля Новік, Юрась Нераток, Натальля Кучмель. А ёсьць другі варыянт: існуе невялікая праграма па падтрымцы маладых літаратараў у выдавецтве “Логвінаў” –“Другі фронт мастацтваў”.

Карэспандэнтка: “А такія прыклады ў “Логвінава” былі?”

Трэнас: “Ну я – жывы прыклад, мая кніга. Кнігі Віктара Ыванова, Зьмітра Пляна”.

Віктар Праўдзін: “Трэба напісаць таленавіты твор. І ўсё!”

Намесьнік галоўнага рэдактара дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Праўдзін пацьвердзіў, што апублікаваць абсалютна бясплатна першую кнігу...

“Вельмі верагодна. Трэба напісаць таленавіты твор. Усё! Толькі што выйшла ў нас “Сонца за тэрыконамі” – кніжка паэзіі Юліі Новік. Трошкі раней, месяц таму ў сэрыі “Дэбют” выйшла кніжка Юрася Нератка “Закуцьце”.

Супрацоўнік прыватнага выдавецтва “Логвінаў”, куратар праекту “Другі фронт мастацтваў” Зьміцер Вішнёў распавёў, што чыстым мэцэнацтвам выдавецтва не займаецца, гэта ўсё ж такі камэрцыйны праект:

“Калі ідзе падтрымка маладога аўтара – гэта з пэрспэктывай на будучыню, што аўтар будзе раскручвацца, і ягоныя кнігі ў пэрспэктыве будуць акупляцца. Хаця сапраўды часам Ігар Логвінаў падтрымлівае такіх аўтараў, кнігі якіх, відавочна, будуць прадавацца не настолькі добра, наколькі хацелася б. Частка кніжак ідзе за кошт розных фундатараў, за кошт аўтараў. А частка кніжак – за кошт выдавецтва. З кожным аўтарам мы вырашаем індывідуальна. Трэба, каб аўтар прыйшоў у выдавецтва, прынёс рукапіс, і тады будзе весьціся канкрэтная размова”.

Ёсьць яшчэ некалькі варыянтаў: “Кнігарня “Нашай Нівы”, праекты ПЭН-цэнтру. Распавядае літаратуразнаўца Ганна Кісьліцына:

“Так, у ПЭН-цэнтру ёсьць праект, але калі паглядзець, што выдаецца пасьля конкурсу, гэта так званыя “брацкія магілы”. Нехта хоча, каб быць проста апублікаваным, а хтосьці дарос ужо да ўласнай кніжкі. ПЭН-цэнтраўскі конкурс якраз ня мае мажлівасьці выдаваць асобныя кніжкі, хоць, мне здаецца, што гэта значна лепш, каб цябе заўважылі. Усё ж такі калі 20 чалавек разам з табой – трэба быць супэрзоркай, каб бліснуць”.

На жаль, не выдаецца цяпер бібліятэчка часопісу “Маладосць”, якая дапамагла прабіцца не аднаму дзясятку маладых талентаў. Кажа літсупрацоўніца часопісу “Маладосць” Віка Трэнас:

“Цяпер яе няма. Ёсьць задума аднавіць яе, але наколькі гэта фінансава магчыма – пра гэта пакуль не вядзецца гутарка. А неабходнасьць такая насьпела. У нас зьявілася некалькі імёнаў, якія мне асабіста хацелася б падтрымаць. Гэта і Дар’я Брыч, і Андрэй Студзень, Алёна Рыбік, Воля Чайкоўская, Андрэй Філіпчык, іншыя маладыя творцы. Няхай маладыя літаратары ня вешаюць носа”.

Калі твор бяздарны, не надрукуесься і за грошы

Але нават калі ў чалавека ёсьць сродкі выдаць сваю першую кніжку, сур’ёзнае выдавецтва найперш ацэньвае літаратурную вартасьць твораў. Да прыкладу, у выдавецтве “Логвінаў” ёсьць рэдкалегія з аўтарытэтных літаратараў, якая вырашае лёс кнігі, кажа Зьміцер Вішнёў:

“У нас бываюць такія сытуацыі (дзякуй Богу, рэдка), калі чалавек мае грошы, але мы адмаўляем. Менавіта таму, што лічым: кніга кепская, і нават за грошы мы не друкуем, каб не псаваць імідж выдавецтва”.

На думку літараратуразнаўцы Ганны Кісьліцынай, мала выдаць кніжку, трэба яшчэ яе прэзэнтаваць, раскруціць:

“Мне здаецца, людзі думаюць: "Я, маўляў, выдам кніжку, надрукуюся, выбухну, мяне заўважаць”. Насамрэч трэба разьлічваць гэтыя грошы папалам: гэта на выданьне, а вось гэта на раскручваньне. Я за тое, каб былі мэнэджары ў нашых маладых аўтараў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG