Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяці Мікелянджэла Антаніёні


Вячаслаў Ракіцкі, Менск У панядзелак увечары ня стала выдатнага італьянскага рэжысэра Мікелянджэла Антаніёні. Пастаноўшчык культавых фільмаў 1960 – 1970-х гадоў памёр на 95-м годзе жыцьця ў сваім доме ў Рыме.

“Паэт адчужэньня і некамунікабэльнасьці”

Калі ў сярэдзіне 60-х мінулага стагодзьдзя на экраны выйшла карціна “Blowup” (“Фотапавелічэньне”), зьнятая ў Вялікай Брытаніі, эўрапейская публіка была шакаваная. Шакаваная не вынаходлівасьцю трукаў ці спэцэфэктаў, гучнай музыкай ці бясконцымі крывавымі сцэнамі. Мікелянджэла Антаніёні шакаваў цішынёй фільма, доўгімі маўклівымі плянамі, падрабязным разгляданьнем праз аб’ектыў камэры шматлікіх дэталяў акаляючага чалавека матэрыяльнага сьвету. Увесь гэты незвычайны візуальны і гукавы лад жыў на экране, дыхаў, напаўняў яго невычэрпным сьветам, гаварыў за герояў значна больш, чым нешматлікія іхнія дыялёгі.

У гэтай вытанчанай паэтычнай эстэтыцы Антаніёні вырашаў тэму ўварваньня чалавека ў гульні іншых людзей і нечаканыя наступствы гэтых уварваньняў. Зразумець гэты фільм можна было толькі ў адзін спосаб – уважліва ўглядаючыся ва ўвесь фільм у цэлым, не губляючы ніводнай дэталі, заглыбляючыся ў кожны дасканала збудаваны кадар.

Такая стылістыка характэрна для бальшыні фільмаў Антаніёні. Гэтая тонкая прыгажосьць станавілася адэкватнай духоўнай прасторы чалавека самотнага, зь ягонымі ўнутранымі памкненьнямі зразумець сябе, іншых, і немагчымасьцю гэтага дасягнуць. Прыгожыя кадры літаральна зьвіняць ад сваёй пустэчы – пустэчы чалавечага жыцьця, якую нельга нічым запоўніць. Фільмы Антаніёні “Прыгода”, “Ноч”, “Зацьменьне”, “Ідэнтыфікацыя жанчыны” тэматычна збліжаліся з працамі вялікага швэда Інгмара Бэргмана. Аднак мастацкая мова была зусім іншай. Француская крытыка назвала Антаніёні “паэтам адчужэньня і некамунікабэльнасьці”.

Ад нэарэлізму да непаўторнай уласнай эстэтыкі

Шлях Мікелянджэла Антаніёні ў кінематограф пачаўся ў 1940-я гады з крытычных артыкулаў, затым стажыроўкі ў знакамітага францускага рэжысэра Марсэля Карнэ і нарэшце збліжэньня з маладымі італьянскімі рэжысэрамі-нэарэалістамі Раселіні, Вісконці, Феліні. І першыя карціны Антаніёні – “Хроніка аднаго каханьня”, “Пераможаныя”, “Крык” -- былі вызначаныя крытыкай як “унутраны нэарэалізм”.

Праз 5 гадоў пасьля “Blowup” Антаніёні ў ЗША здымае яшчэ адзін фільм, які імгненна становіцца культавым у моладзевым асяродзьдзі, – “Zabriskie Point”. Героі фільма – студэнты-бунтары – знаходзяцца паміж рознымі часткамі расколатага грамадзтва. І зноў драматызм дасягаецца праз выразную візуальную мэтафару канфлікту паміж Далінай Сьмерці і сучасным горадам. Візуальны лад фільма гарманічна дапаўняўся гукавым – псыхадэлічнай музыкай культавага для хіпі рок-гурту “Pink Floyd”.

Стыль Антаніёні аказаў выразны ўплыў на пошукі новай кінамовы ў эўрапейскім кіно ў 1970-1990-я гады. Ягонымі пасьлядоўнікамі называюць сябе дзесяткі рэжысэраў. Знакаміты немец Вім Вэндэрс прадэманстраваў гэта ў 1996 годзе сумеснай з Антаніёні пастаноўкай карціны “За воблакамі”. Наўрад ці хворы, амаль сьляпы Антаніёні мог паставіць такі прыгожы фільм, аднак стужка зроблена падкрэсьлена ў антаніёнеўскай эстэтыцы.

Апошні фільм з удзелам Антаніёні выйшаў на экраны ў 2004 годзе. Рэжысэрамі карціны “Эрас”, акрамя 91-гадовага Майстра, былі творцы з ЗША Стывен Садэрберг і з Ганконгу Вонг Кар-Вай.
XS
SM
MD
LG