Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За рэканструкцыяй у Горадні наглядае менскі архэоляг


Сяргей Астраўцоў, Горадня Вузкая выцягнутая камяніца канца ХІХ стагодзьдзя на вул.Найдуса, 1 у Горадні была цалкам зруйнавана некалькі дзён таму. Пляцоўку і падвалы сёньня аглядаў менскі архэоляг Аляксандар Мядзьведзеў. У доме, які існаваў да апошняга часу, дзіцячыя гады правёў габрэйскі паэт Лэйба Найдус (у 1890-я гады). Напачатку 1990-х у рэстаўрацыю будынку былі ўкладзены немалыя грошы, але рабілася яна нядбайна і не была завершана. 15 гадоў дом стаяў без гаспадара і разбураўся. Цяпер яго набыла фірма “АВС”, зроблены праект адбудовы, у камяніцы будуць крамы, кавярня, офісы.

Карэспандэнт: “Мы знаходзімся на месцы, дзе стаяла камяніца канца ХІХ стагодзьдзя на рагу вулі Найдуса і Савецкай. Яна зруйнавана, тут даволі глыбокія падвалы, яны закіданы будаўнічымі матэрыяламі, паламанай цэглай. Аляксандар Мядзьведзеў ажыцьцяўляе архэалягічны нагляд, ён прыяжджае зь Менску з Акадэміі навук”.

Мядзьдведзеў: “Калі пачыналі працу, мы зрабілі шурфы, каб паглядзець ці захаваўся культуры слой. Было адразу бачна, што гэты дом многаразова перабудоўваўся, але вось гэтая вуліца Найдуса, яна вядомая на плянах гораду нават з ХV стагодзьдзя, таму цікавасьць да гэтай пляцоўкі вельмі вялікая. Мы зрабілі шурфы з боку вул.Савецкай, і выявілася, што там, дзе былі раней падмуркі, культурны слой да матэрыка, ён увесь разбураны і перамяшаны. Але там, дзе былі падвалы, яшчэ захаваўся культурны слой ХVІІ-пачатку ХVІІІ стагодзьдзяў”.

Карэспандэнт: “Але там цяпер праведзеныя камунікацыі, ці ня так?”

Мядзьведзеў: “Так, мы зь вялікай цяжкасьцю знайшлі месцы, каб зрабіць шурфы, таму што навокал кабелі, водаканал, усё, што заўгодна”.

Карэспандэнт: “Вось сёньня Вы зноўку прыехалі ў Горадню, Вы ўжо агледзелі гэтае месца без будынку, ці прынята рашэньне — што будзеце рабіць далей тут, на пляцоўцы?”

Мядзьведзеў: “Мы ўжо напісалі першапачатковае заключэньне наконт тых участкаў, дзе захаваўся культурны слой. І цяпер наступны этап — мы працягваем дамову: акрамя закладкі шурфоў, мы павінны ажыцьцяўляць падрабязнае назіраньне за работамі. Калі яны будуць капаць фундамэнт і калі нешто будзе выяўляцца, дык адразу будзем тармазіць працы і дасьледаваць”.

Карэспандэнт: “Вось я бачу, што вы сутыкнуліся з такой праблемай. Калі павярнуцца ў бок вул. Савецкай, атрымліваецца, што на плянах там старыя камяніцы рознага часу, але ў рэчаіснасьці актыўна вялося будаўніцтва ў апошнія дзесяцігодзьдзі, і сапраўды пераблытаны той жа культурны слой… Актывісты — гісторыкі, краязнаўцы зьвярталі увагу на тое, што пачалася маштабная рэканструкцыя менавіта пакрыцьця гэтай вуліцы, і яны лічаць, што павінны больш архэолягі ў гэтым удзельнічаць, а працуюць проста рабочыя”.

Мядзьведзеў: “Там, дзе капалі траншэі, я падыходзіў і фатаграфаваў і ўсё фіксаваў: знаходак тут не было. Назіраньне тут праводзілася і мною, і супрацоўнікамі Гарадзенскага гісторыка-архэалягічнага музэю. На мой погляд, тут болей пазначылася іншая праблема: горад жыве, разьвіваецца, парводзіцца рамонт, паколькі горад павінен упрыгожвацца. Але справа ў тым, што трэба, каб ўсе рамонты ці перабудовы захоўвалі аўтэнтычнасьць Горадні. Таму што іншага такога гораду ў Беларусі няма, дзе так захавалася да нашага часу старая забудова”.

На здымку: Аляксандар Мядзьведзеў у Горадні на месцы, дзе будзе адбудоваўцца зруйнаваная камяніца канца ХІХ стагодзьдзя.

Глядзі таксама: Гішпанскія панкі -- супраць разбурэньняў у Горадні. 27.07.

Горадня: устаноўчы сход прагаласаваў за мясцовы рэфэрэндум. 26.07.

Гарадзенскія актывісты запрасілі польскіх парлямэнтароў у Горадню. 24.07.

У Горадні зьявіліся графіці з крытыкай рэканструкцыі. 18.07.

Англамоўны сайт абаронцаў гарадзенскай архітэктуры. 17.07.
XS
SM
MD
LG