Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мік Джагер хоча падтрымаць беларускую контркультуру


Юлія Шарова, Менск Лідэр усясьветна вядомага гурту Rolling Stones Мік Джагер вырашыў апекаваць праект “Музыкі сьвету для салідарнасьці зь Беларусьсю” (World Musicians for Solidarity with Belarus). Ён таксама падтрымаў Эўрапейскі марш, які мае адбыцца ў Менску ў кастрычніку. Пра гэта Мік Джагер заявіў прадстаўнікам беларускага праекту “Свабодны тэатар” у часе іхнай сустрэчы ў Варшаве.

Мастацкі кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін апавёў, што сустрэча зь лідэрам Rolling Stones адбылася за гадзіну да канцэрту. Нягледзячы на сваю занятасьць, Мік Джагер пагадзіўся пагутарыць зь беларусамі.

Халезін: “Мік – гэта ўзровень, нават большы за ўзровень кіраўніка дзяржавы. Ён мае памочнікаў, якія рыхтуюць яму зводкі пра ўсё, і ён вельмі палітызаваны чалавек, вельмі эрудаваны. Таму гэта толькі вельмі беларускае пытаньне, калі кажуць: “А ён ведае, што існуе Беларусь?”

Канцэрт у Варшаве адбыўся напярэдадні 27 ліпеня: Мік Джагер ведаў, што азначае гэтая дата для беларусаў.

Халезін: “Першае ягонае пытаньне было: “Што адбываецца сёньня ў Менску?” Мы апавялі пра арышты, якія ў той дзень і напярэдадні адбыліся. Ён абурыўся: апошняя дыктатура ў Эўропе – гэта нейкі нонсэнс, і тое, што Менску няма ў плянах іхнага эўрапейскага туру, – таксама нонсэнс”.

Са слоў Мікалая Халезіна, лідэра легендарнага гурту палітычная сытуацыя ў Беларусі папросту шакуе: ён ведае пра зьніклых палітыкаў, пра зачыненыя газэты, пра арышты прадстаўнікоў апазыцыі і моладзевых актывістаў.

Халезін: “Ён адразу сказаў: калі ўлада гэтак паводзіцца з моладзьдзю, гэтая ўлада доўга ня можа існаваць. Так здарылася з усімі краінамі, дзе праігнаравалі думку насельніцтва”.

Кіраўнік “Свабоднага тэатру” лічыць, што праект “Музыкі сьвету для салідарнасьці зь Беларусьсю” можа стаць своеасаблівым грамадзкім шэфствам над краінай. І Мік Джагер, зь ягонымі музычнымі й палітычнымі сувязямі ў сьвеце, здолее прыцягнуць дадатковую ўвагу да беларускіх праблем. Што да ўплыву на ўнутраную сытуацыю, то дачыненьні з такім музыкам могуць паспрыяць разьняволеньню сьвядомасьці беларусаў.

Халезін: “Мы ня Чэхія, мы ня Польшча, але мы – не Манголія й нават не Эфіёпія. Дый там ёсьць нейкая свая плыня інтэлектуалаў. Беларусь знаходзіцца ў сярэдзіне Эўропы, таму тут ёсьць і інтэлектуалы, і моладзевая праслойка, якая будзе кіраваць краінай празь некалькі год. Мы зьмяншаем свае магчымасьці – гэта наша праблема, гэта не праблема Эўропы. А ўжо з нашай праблемы фармуецца гэта праблема Эўропы”.

У часе сустрэчы ў Варшаве прадстаўнікі “Свабоднага тэатру” абмяркоўвалі зь Мікам Джагерам магчымасьць ягонага візыту ў Менск. Мік Джагер пагадзіўся. Але пакуль невядома, калі гэта адбудзецца: музыка мае надта шчыльны гастрольны графік і, да таго ж, ягоны візыт могуць не вітаць беларускія ўлады.

Халезін: “Мік казаў, што ён хацеў бы прыехаць у Беларусь, каб падтрымаць тых дзеячаў контркультуры і тых музыкаў, якія забаронены й якія цяпер існуюць у падпольлі. Але дадуць ці не дадуць яму візу – гэта ня наша пытаньне, гэта пытаньне ўлады. Калі ўлада не разумее, хто такі Мік Джагер, яна можа й ня даць. Гэта іхная праблема. Аднак тады пра гэта будзе ведаць увесь сьвет, бо мы станем ня толькі адзінай краінай у Эўропе, дзе існуе дыктатура, але й адзінай краінай у Эўропе, якая не пусьціла на сваю тэрыторыю Міка Джагера”.

Праект “Музыкі сьвету для салідарнасьці зь Беларусьсю” быў распачаты яшчэ летась – тады ў Менск 15 кастрычніка прыехалі некалькі эўрапейскіх ды-джэяў, каб выступіць у адным з сталічных клюбаў. Гэткім чынам музыкі выказвалі падтрымку беларусам напярэдадні чарговага дня салідарнасьці. Іх канцэрт арганізаваў “Свабодны тэатар”. Цяпер рыхтуецца шэраг канцэртаў беларускіх музыкаў за мяжой, а таксама канцэрты ў Эўропе ў падтрымку Беларусі. Патронам гэтага праекту стане Мік Джагер. Як лічыць кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін, пад брэндам Rolling Stones канцэрты такога кшталту арганізаваць будзе даволі лёгка

Глядзі таксама:

Начная аБЛОГа. Відэазварот Міка Джагера да беларусаў
XS
SM
MD
LG