Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларускаму прэм''еру хоць не вяртайся ў Менск"


Юры Дракахруст, Прага Расейскі друк шырока камэнтуе няўдалыя вынікі ўчорашніх перамоваў паміж кіраўнікамі ўрадаў Беларусі і Расеі Сяргеем Сідорскім і Міхаілам Фрадковым.

Бальшыня выданьняў без выключэньня канстатуюць правал учорашніх перамоваў. “Беларускаму прэм''еру хоць не вяртайся ў Менск, да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі Сідорскаму давядзецца ісьці з пустымі рукамі” – піша “Российская газета”.

Выданьне зьвяртае ўвагу на ўскосную крытыку ўраду, якая прагучала з вуснаў Лукашэнкі на мінулым тыдні, калі ён сказаў: “У нас зараз праблемы з аплатай газу, урад, кувыркаючыся, вядзе перамовы”.

Паводле газэты, учора пасьля перамоваў з Фрадковым Сідорскі выглядаў ня столькі стомленым, колькі абыякавым да ўсяго. Выданьне падкрэсьлівае, што ў адрозьненьне ад папярэдніх перамоваў, гэтым разам Сідорскі падчас іх ня раіўся па тэлефоне з прэзыдэнтам.

“Замест славянскага базару Лукашэнка патрапіў на эўрапейскі рынак” – у артыкуле ў “Известиях” пад такім загалоўкам высновы з ўчорашніх перамоваў робяцца хіба не найбольш рэзка. “Сідорскі другі раз паехаў з Масквы ні з чым. Учора на сустрэчы з Фрадковым ён прасіў, і, магчыма, нават упрошваў даць рэспубліцы паўтара мільярда даляраў – інакш “братэрскую дзяржаву” чакае эканамічная катастрофа” – пішуць “Известия”.

Газэта піша, што адмоўнае гандлёвае сальда Беларусі за паўгоду склала амаль мільярд даляраў, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы сутыкнуліся з дэфіцытам сыравіны. Газэта цытуе беларускага эканаміста Яраслава Раманчука, які ўпэўнены, што калі Расея ня дасьць крэдыт, беларускі рубель чакае непазьбежная дэвальвацыя.

“Известия” падкрэсьліваюць, што пра саюзную дзяржаву і адзіную валюту ўсе амаль забыліся і на зьмену размовам аб славянскім братэрстве прыйшла эканоміка.

Беларусь, паводле газэты, знаходзіцца на мяжы эканамічнага каляпсу. «Известия» падаюць цікавую статыстыку: за апошнія 10 гадоў Беларусь брала ў Расеі крэдыты 6 разоў. Першыя тры крэдыты ўжо пагашаныя, паводле дадзеных на 1 ліпеня, Беларусь па крэдытах вінаватая Расеі 291 мільён даляраў.

“Независимая газета” прыводзіць ацэнку беларускага эканаміста Міхася Залескага, паводле якога, “прэм''еры дамовяцца, крэдыт Беларусь атрымае , але плаціць ня будзе”. На думку экспэрта, Лукашэнка абмяняе эканамічны складнік на вайсковы, бо перанос вайсковых структураў зь Беларусі ў Расею будзе каштаваць расейскаму бюджэту 10-20 мільярдаў даляраў.

“Коммерсантъ” паведамляе, што яшчэ падчас папярэдняга візыту Сяргея Сідорскага ў Маскву падчас размовы пра крэдыт яму было прапанавана зьнізіць стартавыя цэны на заплянаваных таргах па прыватызацыі асноўных нафтахімічных прадпрыемстваў краіны.

“Время новостей” піша, што расейскія кампаніі, у тым ліку “Газпром” і "Лукойл", даўно цікавяцца некаторымі беларускімі прадпрыемствамі, у прыватнасьці, Мазырскім НПЗ, “Нафтанам”, “Палімірам”, “Белшынай” і гарадзенскім “Азотам”. “Выглядае, што зацягваючы з крыдытам, урад Фрадкова чакае, калі Беларусь вызначыцца з прыватызацыяй сваіх прадпрыемстваў. Натуральна, на самых выгадных для Расеі ўмовах” – адзначае “Время новостей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG