Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Трывае старая практыка, калі на кожны экзамэн стараста групы нясе пакунак"


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ці даводзілася вам даваць хабар выкладчыкам? На гэтае пытаньне адказвалі цяперашнія і былыя гарадзенскія студэнты

Студэнт: “Чулі-чулі, але гэта толькі чуткі. Сам я ніколі грошай не даваў. Выкладчыкі зь вялікім задавальненьнем, аднак, бяруць ня грошы, а цукеркі і розныя падарункі”.

Карэспандэнт: “Вы навучаецеся ў БНТУ ў Менску. Вось была апошняя сэсія. Вы зьбіралі на яе грошы?”

Студэнт: “Не, выкладчыкі нічога не ўзялі, ад усяго адмовіліся. Давялося кожны залік вырываць зубамі”.

Абітурыенткі: “А мы паступаем цяпер, здаем экзамэны ва ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы”.

Карэспандэнт: “А што трэба некаму плаціць, — вы ня чулі такога?”

Дзяўчына: “Гэтым разам — не. Але вось калі я паступала два гады таму… Я ўвогуле ня ў Горадні тады паступала”.

Карэспандэнт: “Гэта дзяўчына папрасіла выключыць дыктафон. І тады распавяла: як раней паступала ў Наваградку (не сказала, куды дакладна), дык ёй гаварылі: заплаці грошы – і паступіш”.

Студэнтка: “Так, ёсьць такое у ВНУ – у любых зь іх бяруць хабар”.

Карэспандэнт: “А Вам самой не даводзілася так рабіць?”

Студэнтка: “Даводзілася, выкладчык сам патрабаваў. Забараняюць ім ці не, але гэта будзе заўсёды і паўсюль”.

Малады спадар: “Мы пра гэта, канечне, чулі, але асабіста я не сутыкаўся. Папросту сыстэма адукацыі такая склалася, што прасьцей вырашыць пытаньне асабіста з выкладчыкам і ня мець ніякіх праблем. І ў гэта гуляюць ці ня ўсе”.

Ягоны прыязьнік: “Я згодзен: трывае старая практыка, калі на кожны экзамэн стараста групы нясе пакунак, у якім – часопісы альбо бутэлька добрага каньяку. А гэта той жа самы хабар”.

Студэнт: “Ёсьць такія выкладчыкі, хто пэўнымі намёкамі патрабуе ад групы падарунак — ці кветкі, ці нешта большае. На жаль, такая сыстэма ўсталявалася”.

Студэнт: “Наагул мае сябры шмат гаварылі, што можна неяк заплаціць каму трэба за экзамэн. Але сам я з гэтым не сутыкаўся”.

Маладая спадарыня: “Плаціць ня проста за вучобу, а за здачу экзамэну? Не, я не плаціла ніколі”.

Карэспандэнт: “А вашы сябры, знаёмыя?”

Маладая спадарыня: “Нават калі нешта такое й было, то ніхто ня скажа”.
XS
SM
MD
LG