Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. Відэазварот Міка Джагера да беларусаў


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту 30 жніўня

У блогах зьявіўся відэазварот культавай асобы ўсясьветнай рок-музыкі, лідэра Rolling Stones да беларусаў.

Удзельнікі форумаў парталу абмяркоўваюць вынікі перамоваў кіраўнікоў беларускага й расейскага ўрадаў наконт коштаў на газ. Расейскі прэм’ер Міхаіл Фрадкоў пасьля перамоваў заявіў прэсе: “Пытаньні складаныя, у адно імгненьне не вырашаюцца”. Удзельнікі форумаў камэнтуюць:

“Будуць з крэдытам гуму цягнуць... пакуль Лукашэнка не сасьпее для распродажу “высокарэнтабэльных прадпрыемстваў”.

“Невядома, што Масква зь Сідорскім вырашыла. Можа быць, яны яго прасоўваць пачнуць як добрага “гаспадарніка”. На вачох растае “кіруючая сіла” Лукашэнкі. Выглядае на тое, што ён будзе толькі гістэрыкі закатваць дый годзе”.

“Крэдыт дадуць. Частка ўмоваў будзе цалкам вясёлкавая і іх абвесьцяць электарату. Маўляў, урад дамовіўся ды ўсё такое... Другую частку ўмоваў нам апавядзе Камэрсант. Вядома ж, не без дазволу Крамля. І пэрспэктывы для краіны (не для Лукашэнкі) там будуць ня вельмі добрыя... Карацей, нас чакае вясёлая восень інфармацыйнай барацьбы”.

Уласны сеткавы дзёньнік завёў лідэр гурту N.R.M. . Блогерам ён стаў толькі чатыры дні таму, аднак музыку пасьпелі дадаць у сьпіс сяброў больш за 200 чалавек. Без адмысловай рэклямы.

Нехта Сьвятлана піша на форуме “Хіба такое рэальна? У пятніцу, а 18.30 я гуляла з вазком у парку Горкага (дзіця спало). На нас ледзьве не наехала машына, якая страшэнна гула й палівала велічэзным струмянём вады! Мала таго, што дзіця спужалася, нас яшчэ й залілі! Хіба чысьціць сьцежкі трэба, калі ўсе гуляюць? Я ўжо не кажу пра аўто мясцовых шапікаў і кавярняў, якія ўвесь час “лётаюць”! Толькі пасьпяваю хапаць малых за руку, каб не наехалі! Хіба гэта праезная частка?”

Блогерка піша: “І ня кожны ж дзень у парку сярод дня хапаюць у аўтазакі 12-гадовых хлопчыкаў, якія гуляюць ня з тымі значкамі на заплечніках. Разы 3-4 на год, ну, можа крыху часьцей. Але ў астатні час можна й прайсьці спакойна. І чаго ўжо так баяцца? Не расстрэльваюць жа ж. Страх сьмерці тут навучыліся пераадольваць – гэты газон стрыгуць так часта... А вось страх бездапаможнасьці, страх штодзённага мізэрнага прыніжэньня, дэманстратыўнага беспакаранага зьдзеку... Хіба адмовіцца прыўкрасная дзяўчына ў мэтро даць тэлефончык групе чароўных юнакоў з гумавымі дубінкамі на баку? І не забілі ж, нават ня зьбілі пры ўсіх, ну падумаеш, уцёрся ды пайшоў... І юныя купалаўцы са сцэны ва ўсіх ролях няўцямна крычаць ад пакутлівай бездапаможнасьці, і ў хабанэры ў Кармэн вусьціш у вачох – нельга сьпяваць занадта добра, зьядуць... І толькі беспрацоўныя замежнікі-гастралёры з энтузіязмам працуюць з гэтулькі своеасаблівым матэрыялам. Хто яшчэ, апроч мясцовых, так сыграе “Востраў Сахалін” – гэтую пакуту адчаю й бездапаможнасьці, нямогі зрынуць цемру, ня зьнішчыўшы пры гэтым рэшткі жывога... Мы ведаем, так не бывае. І гэты час папросту трэба перажыць. Вось толькі – што Я змагу апавядаць пра сэзон 2006-2007 гадоў?..”

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG