Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа футбол аб''яднаць іракцаў?


Аляксей Знаткевіч, Прага Упершыню ў гісторыі футбольны Кубак Азіі выйграла зборная Іраку. Перамога у фінале над зборнай Савудаўскай Арабіі зь лікам 1-0 выклікала сьвяткаваньні па ўсім Іраку, а таксама надзеі, што ахопленая гвалтам краіна здолее аб''яднацца ня толькі ў спорце.

Пасьля нечаканай перамогі сваёй зборнай над трохразовымі чэмпіёнамі Азіі – зборнай Савудаўскай Арабіі – тысячы іракцаў увечары ў нядзелю выйшлі на вуліцы. Многія плакалі, абдымаліся і танчылі.

У футбольнай зборнай Іраку сабраліся гульцы з усіх асноўных групаў ірацкага грамадзтва – арабы-шыіты, арабы-суніты, курды і туркаманы. Пэрспэктывы каманды выглядалі даволі блякла, і прынамсі тры патэнцыйныя трэнэры адмовіліся узначаліць зборную. Урэшце за два месяцы да спаборніцтваў галоўным трэнэрам зборнай Іраку стаў бразылец Жован Віэйра.

Шмат якія ірацкія заўзятары лічаць, што перамога можа паспрыяць нацыянальнай еднасьці . Вось што кажа Мухамад Мугэсін, шыіт, які жыве ў пераважна шыіцкім раёне Карада ў Багдадзе.

"Радасьць учора была ня толькі ад таго, што мы перамаглі, але і таму, што гэта аб''яднала іракцаў і адсунула ўбок сэктанцкія разыходжаньні. Людзі адчулі, што яны іракцы, што яны радыя гэтаму дасягненьню, што гэта дасягненьне для усяго Іраку".

Алі Аднан, грамадзянін Іраку, які цяпер жыве ў Ярданіі, выказаў падобныя думкі ў інтэрвію тэлебачаньню Ройтэрс.

"Я віншую зьнявечанае насельніцтва Іраку, і я спадзяюся, што ў нас будзе ўсё болей перамогаў. Я малю Бога аб''яднаць сунітаў і шыітаў. Паміж намі няма розьніцы. Мы ўсе браты, аб''яднаныя вакол гэтага сьцяга і вакол гэтай каманды. Я віншую Ірак, зьнявечаны Ірак".

Прэм''ер-міністар Іраку Нуры аль-Малікі заявіў, што агульная радасьць іракцаў ад перамогі "большая за нянавісьць тэрарыстаў".

Але дарога да гэтай перамогі не абышлася без ахвяраў. 25 ліпеня ад выбуху бомбы загінулі каля 50 чалавек з тых, што сьвяткавалі выйгрыш Іраку ў паўфінале ў зборнай Паўднёвай Карэі. Яшчэ прынамсі сем чалавек загінулі ад сьвяточнай страляніны пасьля фінальнай перамогі.
XS
SM
MD
LG