Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Праскі акцэнт”: “У нас свая незалежнасьць, у вас – свая...”


Юры Дракахруст, Прага Чаму ўлада жорстка супрацьдзейнічала сьвяткаваньню апазыцыяй гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце? Чаму акцыя атрымалася такой малалюднай? Чаму ўлада па-ранейшаму адмаўляе ў праве на існаваньне любой альтэрнатыўнай вэрсіі незалежнасьці краіны? Над гэтымі пытаньнямі ў “Праскім акцэнце” разважаюць: публіцыст і палітоляг Аляксандар Фядута, аглядальнік нашага Радыё Віталь Цыганкоў і пісьменьнік Алесь Чобат.

Хапун: звыклая рэакцыя ў нязвыклых абставінах

Дракахруст: “Напярэдадні сьвяткаваньня апазыцыяй 27 ліпеня ўлады паводзілі сябе ў звыклым стылі: забарона, масавыя затрыманьні, хапун. Гэтай канстатацыяй – усё як заўжды, можна было б і абмежавацца, калі б не два чыньнікі.

Па–першае, адстаўка кіраўнікоў КДБ, якія, як ніхто зь іх папярэднікаў, перасьледавалі апазыцыянэраў і іншадумцаў, здаецца, была знакам таго, што ў сэнсе ціску будзе дадзеная хоць нейкая палёгка. Некаторыя экспэрты зьвярнулі ўвагу на словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя пры прадстаўленьні новага шэфа КДБ: “Вы павінны служыць ня мне, а дзяржаве”. Але традыцыя, як бачым, захоўваецца.

Па-другое, незалежніцкая рыторыка і сымболіка адыгрывае ўсё большую ролю ў дзяржаўнай прапагандзе і палітыцы. 27 ліпеня апазыцыя ня тое што не зьбіралася рабіць рэвалюцыю, яна меркавала адзначаць дату, якую прызнае легітымнай і цяперашняя ўлада, у рэшце рэшт, за Дэклярацыю аб сувэрэнітэце галасаваў у 1990 годзе у Вярхоўным савеце БССР і дэпутат Лукашэнка. А ў адказ – забарона, хапун, арышты. Чаму? Аляксандар Фядута, якое Вашае тлумачэньне?”

Фядута: “На мой погляд, улада вельмі добра памятае сакавік 2006 году і вельмі ня хоча, каб ён паўтарыўся. Бо калі ён паўторыцца сёньня і моладзь паспрабуе зрабіць нешта кшталту намётавага мястэчка, гэта будзе вельмі важны знак для ўсёй структуры ўлады Беларусі – гэта будзе знак таго, што Лукашэнка не кантралюе сытуацыю. Менавіта таму адразу пасьля адставак кіраўнікоў КДБ і трэба было чакаць таго, што ўлада пачне хапуны. Не зьбіцьцё – гэта ўжо не ўкладаецца ў новую сыстэму працы Лукашэнкі з грамадзкай думкай, у першую чаргу на Захадзе – а менавіта хапун.
А.Фядута: “Калі моладзь паспрабуе зрабіць нешта кшталту намётавага мястэчка, гэта будзе вельмі важны знак для ўсёй структуры ўлады Беларусі – гэта будзе знак таго, што Лукашэнка не кантралюе сытуацыю”.
І паглядзіце – хапалі ня самых радыкальных, хапалі тых, хто можа павесьці за сабой моладзь”.

Дракахруст: “Віталь Цыганкоў, а які Ваш адказ: чаму не спрацавалі на больш мяккую, больш лагодную лінію гэтыя два чыньнікі – кадравы "землятрус" у КДБ і фактар незалежнасьці, тое, што апазыцыя сьвяткавала дату, якую прызнае і ўлада?"

Цыганкоў: "Улада яшчэ раз даказала, што ніякія кадравыя ператрусы, ніякія кадравыя перамены не павінны зьмяніць галоўнае – стратэгію стаўленьня ўлады да незалежнага грамадзтва. І ўся рыторыка і ўсе дзеяньні ўладаў мусяць дэманстраваць, што ў нас свая незалежнасьць, а ў вас – свая незалежнасьць. У нас будзе незалежнасьць са скокамі, салютам і спартовым парадам, а ваша незалежнасьць хай застаецца за кратамі альбо ў лепшым выпадку – у суправаджэньні спэцназу.

Зараз шмат кажуць пра тое, што ўлада перахоплівае лёзунгі апазыцыі, і гэта пачалося ўжо даволі даўно, пасьля ідэалягічнага павароту да незалежнасьці. Але прырода сёньняшняй улады не дазваляе ёй дзяліць з кім-небудзь нешта прывабнае.
В. Цыганкоў: “Уся рыторыка і ўсе дзеяньні ўладаў мусяць дэманстраваць, што ў нас свая незалежнасьць, а ў вас - свая незалежнасьць”.
Калі Лукашэнка быў галоўным інтэгратарам, ён не дапускаў канкурэнтаў на гэтым палітычным полі, ён імкнуўся не дапускаць іх ня толькі ў Беларусі , але нават за яе межамі. Цяпер, калі ён галоўны незалежнік, яму тым болей непатрэбныя канкурэнты ў гэтым у Беларусі.

Канкурэнты на гэтым ідэалягічным і палітычным полі павінны быць ідэалягічна зьнішчаныя – пакуль толькі ідэалягічна. Паводле гэтай лёгікі нават няважна, пад якімі лёзунгамі, зь якімі ціхімі, памяркоўнымі падыходамі выходзіць апазыцыя – яе ўсё роўна сустрэне спэцназ.

Уявім сабе, што апазыцыя арганізуе шэсьце з лёзунгам "Мы любім Лукашэнку". Што будзе? Разгоняць у першую ж хвіліну, і нават асабліва жорстка за няшчырасьць і нахабства. Ці ўявіце сабе, што ўзьнік бы нейкі самастойны рух у падтрымку Лукашэнкі, рух, не інсьпіраваны зьверху. Былі праблемы, быў бы пярэпалах ва ўсіх уладных структурах – што з гэтым рабіць? Так што ўлада ня церпіць канкурэнтаў і хоча заставацца адзінай у любым полі, якое яна выбірае”.

Дракахруст: “Алесь Чобат, а які Ваш адказ на гэтае пытаньне: чаму здарыўся звыклы хапун, якога ў новых умовах, здавалася б, магло і ня быць?"

Чобат: "На мой просты розум, як з правінцыі, усталяваўся стары калхозны канвэер – транспартэр для гною. Ён робіць так, як ён робіць, на яго трапляе ўсё. Віктара Івашкевіча забралі каля Чырвонага касьцёлу. Значыць, няможна выходзіць на вуліцу. Забіралі тых, каго забіраць абвыклі. Ведалі, дзе забіраць, ведалі, як забіраць.
А.Чобат: “Усталяваўся стары калхозны канвэер – транспартэр для гною. Ён робіць так, як ён робіць, на яго трапляе ўсё”.
І тое самае датычыцца пераменаў міністраў ці там старшыняў КГБ СССР – вечнага, неадменнага і таму падобнае. Гэта той самы транспартэр для гною. Ну ня могуць яны інакш рабіць, у той адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Можа часам і хочуць, але ня могуць".

27 ліпеня – нічыё сьвята?

Дракахруст: “А зараз я прапаную паглядзець на падзеі акцыі 27 ліпеня , так бы мовіць, з боку апазыцыі. Мінулай буйной акцыі – 25 сакавіка, таксама папярэднічаў маштабны хапун. І тым ня менш, тады на вуліцы Менску выйшлі тысячы людзей. А зараз пасьля хапуну на вуліцу выйшла некалькі дзесяткаў людзей. Чаму? Віталь Цыганкоў".

Цыганкоў: "Прычыны, мне падаецца, празаічныя. Для большасьці тых беларусаў, якія здольныя выходзіць на вуліцу, якія здольныя ў пэўны момант выказваць сваю грамадзкую пазыцыю – для іх 25 сакавіка гэта галоўная дата.
В.Цыганкоў: “Палітычна актыўныя людзі не ўспрымалі 27 ліпеня, як дату вельмі важную і неабходную для выхаду на вуліцу”.
Ну і акрамя таго, ёсьць у грамадзтве, сярод палітычна актыўных людзей адчуваньне – што прынясе тая ці іншая акцыя. Перад такімі акцыямі, як 25 сакавіка, Чарнобыльскі шлях, прэзыдэнцкія выбары, ёсьць адчуваньне, што людзі могуць прыйсьці, што нешта можа адбыцца.

А тут паводле ўсёй папярэдняй падрыхтоўкі, паводле таго, што мерапрыемства не было дазволенае, што была заяўленая толькі сустрэча з дэпутатамі, што галоўны "ўдар" вырашана нанесьці восеньню "Эўрапэйскім маршам" – усё гэта прывяло да таго, што палітычна актыўныя людзі не ўспрымалі 27 ліпеня, як дату вельмі важную і неабходную для выхаду на вуліцу. У градацыі гістарычных дат 27 ліпеня не займае ў палітычна актыўных беларусаў першага месца”.

Чобат: "Калі паміж намі, то неяк Аляксандар Мілінкевіч публічна заявіў праз Вашае радыё: "Не прыйшло да мяне столькі людзей , колькі трэба. Вось калі б да мяне прыйшло 100 тысяч, то..." І не сказаў, што было б сьледам. Вы ведаеце, калі б да яго прыйшло 200 тысяч, то не было б нічога. Ён таксама б пагаварыў і сказаў – разыходзьцеся па дамах.

Людзі ўжо хадзілі. І я гаварыў са старэйшымі за нас з вамі людзей, якія яшчэ хадзілі. І яны сказалі: "А што мы будзем хадзіць больш? Паслухаць яшчэ раз, дык мы ўсё гэта чулі."
А.Чобат: “А так прыходзіць 100 тысяч па адным. А тады якая розьніца – 100 тысяч прыйшло ці 20 чалавек? І што яны там будуць рабіць, на той плошчы?”
Я б папрасіў цяпер маладых людзей, каб яны адумаліся. І перш за ўсё паміж сабой, бяз гэтых партый, наладзілі нейкую салідарнасьць, салідарнасьць найперш людзкую, не палітычную. Тады прыйдуць 100 тысяч. А так прыходзіць 100 тысяч па адным. А тады якая розьніца – 100 тысяч прыйшло ці 20 чалавек? І што яны там будуць рабіць, на той плошчы? Прыйдуць і калі іх не забяруць, то пойдуць. А калі забяруць, то будуць сядзець".

Дракахруст: "Ну, дарэчы, 100 тысяч таксама не магічная лічба. У 1997 годзе ў Югаславіі, калі Мілошавіч сфальсыфікаваў вынікі мясцовых выбараў, у Бялградзе некалькі тыдняў дэманстравалі 200 тысяч чалавек, пераважна студэнты. Аднак тады рэжым Мілошавіча ўтрымаўся і абрынуўся толькі праз тры гады, калі на вуліцу выйшаў ужо мільён чалавек.

Але вернемся да нашага пытаньня пра колькасьць удзельнікаў акцыі 27 ліпеня. Аляксандар Фядута, які Ваш адказ – чаму акцыя была такой малалікай? Так, перашкодзіў хапун, але 25 сакавіка ён не перашкодзіў".

Фядута: "Я цалкам згодны з тым, што казаў спадар Цыганкоў. У нас, на жаль, краіна жыве пад двума сьцягамі і сьвяткуе розныя сьвяты. Тая апазыцыя, для якой 25 сакавіка – галоўнае сьвята, для яе 27 ліпеня – ужо не сьвята. Тое, што адбылося зараз, калі 27 ліпеня ніхто не сьвяткаваў – дык ніхто ня будзе сьвяткаваць і ў наступны год, і праз год, і праз два".

Адна Беларусь – дзьве незалежнасьці?

Дракахруст: "Віталь Цыганкоў, адказваючы на маё першае пытаньне, пачаў размову пра ідэалягічны выбар улады. Як ён трапна сказаў, улада нібыта гаворыць апазыцыі: у нас свая незалежнасьць, у вас – свая. І вось падзеі перад 27 ліпеня і падчас 27 ліпеня – сьведчаньне таго, што ўлады па-ранейшаму адмаўляюць у праве на існаваньне любой іншай вэрсіі незалежнасьці краіны. Чаму так адбываецца?

Надыход цяжкіх часоў зараз, здаецца, прагназуюць усе, нават Павал Якубовіч у “Праскім акцэнце” казаў пра гэта. У значнай ступені гэтыя цяжкія часы, якія надыходзяць – зьбег вонкавых чыньнікаў, ну а ў такіх умовах ўлада і апазыцыя ў пэўным сэнсе аб’ектыўна апынаюцца ў адной чоўне, яны ўсе – беларусы. І чаму, нягледзячы на гэта, працягваецца ранейшае: у нас свая незалежнасьць, у вас – свая? Аляксандар Фядута, які Ваш адказ?”

Фядута: “Калі ты прымаеш, што нехта, акрамя цябе, мае рацыю, ты тым самым прызнаеш, што ён мае тое ж права на ўладу, як і ты. А калі ты прызнаеш, што апазыцыя мае права на ўладу, ты павінен нечым зь ёй падзяліцца. На мой погляд, адбываецца менавіта гэта. Лукашэнка ня хоча дзяліцца ўладай. Я не кажу нават пра сапраўдныя рэчагі ўлады, я кажу пра ідэалягічную ўладу. Ён выкарыстоўвае лёзунгі апазыцыі, але ён ніколі не прызнае, што існуе яшчэ нехта, хто высоўвае гэтыя лёзунгі і вызнае іх.
А.Фядута: “Калі ты прымаеш, што нехта, акрамя цябе, мае рацыю, ты тым самым прызнаеш, што ён мае тое ж права на ўладу, як і ты”.
І менавіта таму ён ніколі не дазволіць, каб апазыцыя сьвяткавала нешта дзяржаўнае. Недзяржаўнае, 25 сакавіка – калі ласка. І, дарэчы, апазыцыя ставіцца да гэтага з пэўным разуменьнем.

Прыгадайце, калі апошні раз беларуская апазыцыя выкарыстоўвала дзяржаўны сьцяг? Ня той сьцяг, які яна вызнае дзяржаўным, і які быў ганебна скінуты ў 1995 годзе, а той, які ўлада і значная частка народу лічыць дзяржаўным сёньня? Гэтага не было ніколі. І, на мой погляд, гэтага і ня будзе. І не таму, што апазыцыя наагул ня хоча мець да дзяржавы ніякіх адносінаў. Проста так склалася. І гэтага ня будзе, яна гэты сьцяг ніколі не выкарыстае”.

Дракахруст: “Віталь, нядаўна нехта на форуме газэты “Наша ніва” ужыў адносна беларускай сытуацыі аналёгію з палёгкай, якую Сталін даў праваслаўнай царкве у 1941 годзе, калі Гітлер падыходзіў да Масквы. Ня тое , што Хрыстовы вобраз зьявіўся на чырвоным сьцягу – не, камуністычная ідэалёгія заставалася нязьменнай, але дадатковае апірышча Сталін тады сябе знайшоў. Аўтар камэнтару на форуме НН выказаў меркаваньне, што магчыма і беларуская ўлада зараз будзе гатовая хаця б часткова абаперціся на культурніцкі нацыяналізм, які вызнае апазыцыя.

Не, не абаперлася. Чаму?”

В.Цыганкоў: “Лукашэнка бессаромна перахоплівае толькі тыя лёзунгі, якія падтрымліваюцца большасьцю насельніцтва ў дадзены момант.”


Цыганкоў: “Ну, першасны адказ на гэтае пытаньне відавочны – зараз ня 1941 год пакуль што для Аляксандра Лукашэнкі. Праўда, гэта адразу ж спараджае пытаньне, а што будзе калі наступіць такая крытычная сытуацыя, выбар паміж палітычным жыцьцём ці сьмерцю. Ня ведаю, што будзе, але мяркую, што нават у такой сытуацыі Аляксандар Лукашэнка не абапрэцца на тыя сілы, пра якія Вы, Юры, казалі. Чаму?

Я ўжо гаварыў пра тое, што ўлада пачала даволі актыўна перахопліваць некаторыя апазыцыйныя лёзунгі, менавіта зьвязаныя з незалежнасьцю. Але пры гэтым Лукашэнка бессаромна перахоплівае толькі тыя лёзунгі, якія падтрымліваюцца большасьцю насельніцтва ў дадзены момант. Незалежнасьць у той ці іншай інтэрпрэтацыі ўсе апошнія 10 гадоў падтрымлівалася большасьцю беларусаў, тут заставалася толькі даць сваю інтэрпрэтацыю гэтым ідэям , якія і так папулярныя. Мы ведалі, што паводле сацыялягічных апытаньняў 50-60% беларусаў былі за інтэграцыю з Расеяй, але адначасна 80% беларусаў выказваліся за незалежнасьць Беларусі. Проста ўлада дала сваю вэрсію незалежнасьці.

Часта можна пачуць –гэтак дойдзе да таго, што Аляксандар Лукашэнка загаворыць па-беларуску. Да не загаворыць, пакуль што не загаворыць. Чаму? Таму што гэта, на ягоную думку, ня тое, што дадасьць яму ачкоў сярод большасьці беларусаў. Як гэта ня крыўдна, напрыклад, мне , гэта ня тое, што, як ён думае, дадасьць яму папулярнасьці. Людзі, якія гэта ацэняць, відаць, наўрад ці стануць ягонымі выбаршчыкамі. Таму Аляксандар Лукашэнка і паводле свайго адчуваньня і паводле інфармацыі (адпаведныя службы працуюць) усё ж ужывае тыя ідэі, якія падзяляе большасьць беларусаў.”

Дракахруст: “Алесь Чобат, а на Ваш погляд, чаму тут не працуе гэтая аналёгія? Сказаць , што таварыш Сталін быў надта талерантным да іншай думкі, гэта, відаць, было б няправільна. Але тады, у крытычнай сытуацыі, ён вырашыў па замоўчваньні абаперціся на праваслаўную царкву, на зусім не камуністычнае апірышча. Ну, здаецца, цяжкая сытуацыя ў Беларусі, а чакаецца – яшчэ цяжэй, і чаму б тут Лукашэнку не пагуляць з іншай лініяй, якая мацуе дзяржаўнасьць. А вось ня трэба. Чаму?”

А. Чобат: “Усё беларускае ён успрымае як жывёльна чужое, як гадзюку якую-небудзь. Ён гэта ані нэрвова, ані фізычна не ўспрымае, яго трасе і калоціць, бедалагу.”


Чобат: “ Я працягну думку Віталя. Аляксандар Лукашэнка не загаворыць па-беларуску, бо ён чалавек не беларускі , а савецкі. Ён усім абавязаны Савецкаму Саюзу, пры якім вырас. Як чалавек абавязаны, то ён будзе да канца сьвету трымацца ўсяго савецкага. І ўсё беларускае ён успрымае як жывёльна чужое, як гадзюку якую-небудзь. Ён гэта ані нэрвова, ані фізычна не ўспрымае, яго трасе і калоціць, бедалагу. І так разам зь ім трасе і калоціць увесь беларускі народ, які ёсьць савецкім. А яго можа 90%, а можа - 99%.

А тое, пра што гаварыў Цыганкоў, што 50-60% хацелі б быць разам з Расеяй і пры гэтым 80% - ад яе асобна, гэта цалкам зразумела. Гэта ёсьць рэгіяналізм. Гэта значыць уяўленьне сваёй асобнасьці, як асобнасьці правінцыйнай, а не асобнасьці адной дзяржаўнай супольнасьці ад іншай дзяржаўнай супольнасьці. Расейцы маюць дзяржаўную супольнасьць, беларусы савецкія дзяржаўнай супольнасьці ня маюць. Толькі рэгіянальную. І з тае прычыны ім абыякава ўсе гэтыя мовы і культуры”.

В.Цыганкоў: “Рабіце кар’еру, зарабляйце грошы, гуляйце, адпачывайце – гэта вось нацыянальная ідэя ўлады. І ня трэба тлуміць сабе галаву нейкай там дэмакратыяй, правамі чалавека, адраджэньнем беларускай мовы – пра гэта ўлада сама паклапоціцца. Ніякіх “праклятых” пытаньняў Дастаеўскага і Пазьняка”.


Цыганкоў: “Чаму ідзе перахопліваньне лёзунгаў, але тым ня менш нацыянальная ідэя ў незалежнага грамадзтва і ва ўлады вельмі розныя? Кажуць, што ўлада ня мае нацыянальнай ідэі, але, па-мойму, яна неяк сфармавалася ў апошнія гады і лёзунг яе такі: “Жывіце і ні пра што ня думайце”. У сродках масавай інфармацыі зараз ідзе пэўная дэідэялягізацыя і дэпалітызацыя. Аляксандра Лукашэнку ўжо не паказваюць так часта, як яшчэ 3-5 гадоў таму. Я б хацеў вярнуцца да таго “Праскага акцэнту”, дзе бралі ўдзел Павал Якубовіч, Сьвятлана Алексіевіч і Пётра Садоўскі. Як тады паказальна заявіў Павал Якубовіч “чым менш грамадзтва будзе разважаць пра нацыянальную ідэнтычнасьць, тым хутчэй Беларусь выйдзе з крызысу”. І сапраўды – навошта лішнія размовы, навошта рэфлексіі? Рабіце кар’еру, зарабляйце грошы, гуляйце, адпачывайце – гэта вось нацыянальная ідэя ўлады. І ня трэба тлуміць сабе галаву нейкай там дэмакратыяй, правамі чалавека, адраджэньнем беларускай мовы – пра гэта ўлада сама паклапоціцца. Ніякіх “праклятых” пытаньняў Дастаеўскага і Пазьняка.

Той “Праскі акцэнт” меў назву “Сумесь турмы і дзіцячага садку” – гэта вызначэньне Сьвятланы Алексіевіч. І сапраўды, беларусы, як малыя дзеці, зараз радуюцца, што ім далі цацкі, і з кожным годам усё даражэйшыя цацкі, і пазбавілі неабходнасьці адказваць на розныя “дурацкія” пытаньні. За іх адкажуць дарослыя – улада. І здаецца, беларускаму грамадзтву гэта падабаецца, значнай частцы, па меншай меры.

Замест 500 мільёнаў даляраў – перадвыбарчы плякат КПРФ

Дракахруст: “Напрыканцы я прасіў бы вас супаставіць два факты: кампартыя Расеі ў якасьці перадвыбарчага брэнду выбірае выявы Уга Чавэса, Фідэля Кастра і Аляксандра Лукашэнкі. І Лукашэнка публічна дае права на выкарыстаньне ягонага вобразу ў расейскай перадвыбарчай барацьбе. Заўважым, на выкарыстаньне апазыцыяй, тымі, хто супрацьпастаўляе добрага Лукашэнку кепскаму Крамлю.

І іншы факт: 23 ліпеня надышоў апошні тэрмін выплаты запазычанасьці за газ, якая вырасла ўжо да 500 мільёнаў даляраў. Беларусь заяўляе, што заплаціць ня можа, ходзяць вэрсіі, што у адказ “Газпром” можа скасаваць сьнежаньскую дамову і выставіць эўрапэйскую цану – 280 даляраў за тысячу кубамэтраў, пры тым што ў Беларусь не змагла заплаціць і 100.

Пытаньне : чаму ў такой крытычнай сытуацыі Лукашэнка гуляе ва-банк, чаму дражніць крамлёўскіх “гусей”? На што ён разьлічвае?

А. Фядута: “Што б Крэмль ні спрабаваў зрабіць кепскага сёньня Лукашэнку - усё будзе супраць крамлёўскага кандыдата”.


Фядута: "Па-першае, ён ужо разьлічыў. Як стала вядома, Расея дае крэдыт у паўтара мільярды даляраў , каб Беларусь разьлічылася па запазычанасьці. На мой погляд, Лукашэнка меў рацыю. Менавіта сёньня, калі Крэмль залежыць ад грамадзкай думкі, Лукашэнка мае козыры. Для большай часткі выбаршчыкаў Расеі, тых, на каго будзе імкнуцца абаперціся ў наступным годзе крамлёўскі кандыдат, для іх Лукашэнка, як і Чавэс і Кастра, гэта калі не сьвяты , то па меншай меры постаць, якую трэба паважаць. Таму сёньня Крэмль нічога зь ім зрабіць ня зможа. Бо ўсё, што б ён ні спрабаваў зрабіць кепскага сёньня Лукашэнку - усё будзе супраць крамлёўскага кандыдата.

Што будзе потым? Аляксандар Рыгоравіч заўсёды працаваў паводле прынцыпу - пачакаем, нічога ня будзе. І зараз ён спадзяецца, што пачакае і нічога ня будзе. І, дарэчы, што б ня стаў наступным прэзыдэнтам Расеі, яму давядзецца мець справу з Лукашэнкам незалежна ад таго, падабаецца яму беларускі лідэр ці не. І ў першыя гады ён ня зможа размаўляць зь ім так, як сёньня размаўляе Пуцін. Бо калі мы прыгадаем, то і Пуцін напачатку ні пра якіх "мух і катлеты" не казаў.

Таму, як мне здаецца, Лукашэнка і гэтым разам выйграе дуэль з Расеяй. Што да тэмы беларускай мовы, якую закранулі мае калегі, то я хачу нагадаць спадару Чобату, што 27 ліпеня 1994 году Аляксандар Лукашэнка паспрабаваў трымаць прамову менавіта ў Дзень незалежнасьці па-беларуску. І ў той час яго не падтрымала перш за ўсё творчая інтэлігенцыя: як гэта, прыйшоў саўгасьнік, размаўляе па-беларуску і спрабуе нас вучыць. На мой погляд, у той час была зробленая пэўная памылка і сёньня Лукашэнка ўжо ня будзе паўтараць тое, што ён спрабаваў рабіць у 1994 годзе. Сёньня ён ўжо мае ўсю ўладу і іншае яму ўжо непатрэбна. На жаль."

Дракахруст: "Алесь Чобат, Вам слова для адказу на пярэчаньне, якое Вам закінуў спадар Фядута".

А. Чобат: “І ніякі Крэмль яму ня сьвеціць. Але яму хочацца. А жаданьне мацней усяго на сьвеце.”


Чобат:" Фядута мне нічога не закінуў. Я гарадзенскі, ён гарадзенскі, хай гэта будзе паміж намі. Лукашэнка ў тым 1994 годзе чытаў з паперкі. Лепш бы ён не чытаў зусім, лепш бы ён адразу гаварыў па-расейску. Тое была фальш. І з тае прычыны творчая інтэлігенцыя яго не падтрымала, бо што падтрымліваць пустышку?

Я сам пачынаў з падручніка, успамінаў беларускую мову, бо я яе не ўжываў шмат гадоў пакуль вучыўся і рабіў на ваенных фабрыках. Трэба вучыцца. А ён ня вучыцца і ня будзе.

Цяпер наконт адносінаў з Расеяй. Ён усё яшчэ хоча быць расейскім прэзыдэнтам. Ну хочацца яму, гэта яго мроя, можа быць, з малалецтва, адкуль я ведаю, спытайце ў яго самі. І любымі сродкамі, нават карыкатурнымі, ён будзе лезьці і лезьці ў Крэмль, "Беларусь - это пройденный этап" - гэта даўно было сказана. Ён , як гісторык, можа быць разьлічваў, што паўторыцца тое, што было падчас Крэўскай уніі: ты мне аддаеш Літву і Русь, а я табе аддаю карону разам з каралевай. Ну такога цяпер ня будзе. І ніякі Крэмль яму ня сьвеціць. Але яму хочацца. А жаданьне мацней усяго на сьвеце".

В. Цыганкоў: “Пэўнае раздражненьне гэта можа выклікаць, але не такое, каб Крэмль пачаў арганізоўваць супраць Лукашэнкі крыжовы паход”.


Цыганкоў: "Тут я пагаджуся з Аляксандрам Фядутам, што Лукашэнка не адчувае ніякай пагрозы з боку Крамля. Ён адчувае, што цяперашняя перадвыбарчая сытуацыя ў Расеі - гэта тая сытуацыя, у якой Крэмль ня будзе занадта жорстка на яго ціснуць.

Тут ёсьць і іншы , больш празаічны аспэкт. Ён даў згоду на выкарыстаньне ягонага яскравага вобразу расейскімі камуністамі, але ён ня лічыць гэта нейкім рэзкім крокам. Там выкарыстоўваюць і вобраз Уга Чавэса, Чавэс прыяжжаў у Маскву, падпісваў, шэраг дамоўленасьцяў напярэдадні візыту Пуціна да Буша. А тут сусед, беларус. Зразумела, што яму больш будзе дазволена. Тым больш што расейскія камуністы зараз не пагражаюць усурьёз тамтэйшай палітычнай сыстэме. Яны - структурная апазыцыя, яны ўбудаваныя ў палітычную сыстэму і дзейнічаюць у межах дазволенага. Ну і ім дазволена крыху балавацца, вось браць вобраз Лукашэнкі. Там ня лічыцца, што Лукашэнка тым самым парушыў нейкія правілы. Пэўнае раздражненьне гэта можа выклікаць, але не такое, каб Крэмль пачаў арганізоўваць супраць Лукашэнкі крыжовы паход. Паўтару разам з Фядутам, што Крамлю гэта зараз вельмі нявыгадна".
XS
SM
MD
LG