Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Янка Брыль і ў творах, і ў стасунках з людзьмі меў раўненьне на вечнасьць”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 28 ліпеня) 25 ліпеня мінуў год, як пайшоў з жыцьця народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль. А 4 жніўня, у дзень, калі яму споўнілася б 90 гадоў, у Крынічным пройдуць Першыя Брылёўскія літаратурныя чытаньні, арганізаваныя Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Сёньняшняя гутарка “за круглым сталом” прысьвечаная памяці Янкі Брыля. У перадачы бяруць удзел супрацоўніца Інстытуту літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Ганна Кісьліцына, крытык Ала Сямёнава і гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч.

“Брыль і Быкаў – розныя, але роўныя”

Міхась Скобла: “Спадарства, у апошняй кнізе Янкі Брыля “Парастак”, якая пабачыла сьвет літаральна за два тыдні да ягонай сьмерці, ёсьць іранічны запіс пра тое, які набор эпітэтаў можна сустрэць сёньня ў друку адносна таго ці іншага пісьменьніка. “Ёсьць у нас і абстрактныя геніі, і па-савецку народныя, і па пост-савецку культавыя, і на польскі лад слынныя ды выбітныя, і ад нашай правінцыйнасьці эпахальныя ды сусьветныя, і па-біблейску апосталы ды прарокі. А ўсё ж гэта літаратурная паказуха.” Калі абысьціся без пералічаных эпітэтаў, як можна схарактарызаваць пісьменьніка Янку Брыля?”

“Ала Сямёнава: “Брыль – гэта моцная народная глыбінная сіла, традыцыя, такт, культура. Ён ніколі не мітусіўся, заўсёды меў годнасьць. У спосабе спазнаньня сьвету на ўсё глядзеў з вышыні тых маральных імпэратываў, што так ці інакш зацьверджаныя хрысьціянскімі запаветамі. Як пісьменьнік Брыль не маніпуляваў чалавечымі пачуцьцямі, часам імкнуўся быць падкрэсьлена простым, ледзь не элемэнтарным, але за гэтым стаялі багаж ведаў, мастацкая інтуіцыя, бездакорны густ, тонкі гумар і непадробны стыль яго Брылёвага слова, прадуманага, лёгкага і важкага адначасова. Звычайна, іх параўноўваюць – Брыля і Быкава. Яны розныя, але, я хачу гэта падкрэсьліць, – роўныя. Брыль – заўсёды з вызнаньнем гармоніі, спакойны, мудры, надзейны, ад зямлі, але не заземлены, а магутна-моцны, з прыхільнасьцю да гуманізму клясычнага складу. Быкаў – жывы нэрв народу, эпохі, з завострана-трагічным сьветаадчуваньнем, з усьведамленьнем крызысных сытуацый, крызыснай сьвядомасьці часу, духоўнай прасторы 20 стагодзьдзя”.

Скобла: “Яшчэ ў 1967 годзе, роўна сорак гадоў таму, малады тады яшчэ Міхась Стральцоў пісаў, што ў беларускай літаратуры існуе “школа Брыля”. Каго б вы залічылі ў выпускнікі гэтай школы?”

Анатоль Сідарэвіч: “Сярод выпускнікоў гэтай школы я назаву такіх спакойных, добрых навэлістаў, як сам Міхась Стральцоў, як Віктар Карамазаў, Алесь Жук, Анатоль Кудравец. Яны й не хавалі сваіх сымпатый да Брыля, да яго творчай манэры. Яны сапраўды па-брылёўску акуратна выбудоўваюць сказ, “выдыхаюць” інтанацыю. Гэта вельмі харошыя, ужывем такое слова, пісьменьнікі, якія ведаюць, што такое стыль”.

“Са сьмерцю Брыля мы страцілі візуальны вобраз вялікай літаратуры”

Скобла: “Вы назвалі прадстаўнікоў аднаго пакаленьня. Адносіны паміж пакаленьнямі ў літаратуры рэдка бываюць бязвоблачнымі. Маладыя любяць выкрываць старых у мінулых грахах. Памятаю, і да Янкі Брыля чапляліся маладыя яршыстыя творцы. Наколькі я ведаю, гэта нэрвавала Івана Антонавіча. Што гэта, такі спосаб самасьцьвердзіцца – прынізіць вялікага?”

“Ганна Кісьліцына: “Гэта ня столькі спосаб самасьцьвердзіцца, колькі – зрабіць сабе танны піяр. На людзях, якія нічога не дасягнулі й ня маюць аўтарытэту, не заробіш многа. А Брыль – ён жа сапраўды вялікі як пісьменьнік, у тым ліку й вонкава. Згадзіцеся, калі ён пайшоў з жыцьця, мы згубілі яшчэ й візуальны вобраз вялікай літаратуры. Ён быў вялікім ва ўсіх сэнсах. І быў добрай мішэньню для маладых. Мне здавалася – памёр чалавек, і маладыя перастануць да яго чапляцца. Гэтага вымагае элемэнтарная выхаванасьць. Не! Нядаўна чытаю інтэрнэт-дёньнік аднаго маладзёна й сустракаю там іранічную заўвагу: “Няўжо Янка Брыль нешта чытаў?” І гэта гаворыцца пра чалавека, які, можа быць, адзіны з пісьменьнікаў, столькі чытаў, прычым на некалькіх мовах! Але Брыль усё цудоўна разумеў, ён разумеў, што маладыя самасьцьвярджаюцца за кошт яго. Але якія выпады ў яго бок ні рабіліся, Брыль заўсёды падкрэсьліваў, што даруе маладым.

Калісьці на вечарыне Льва Талстога, што праходзіла ў нашым Доме літаратара, Брыль працытаваў словы Аляксандра Блока: “З Талстым памерла пяшчота”. Мне здаецца, што з Брылём у беларускай літаратуры памерла чалавечнасьць. Як ні прыглядаюся, я ў маладога пакаленьня ня бачу нават рэшткаў тае чалавечнасьці, павагі да людзей, да свайго народу. Калі гаварыць пра пакаленьні, я не магу не згадаць вельмі мілы й дарагі для мяне момант. У кнізе “Парастак” Янка Брыль, вельмі сьціплы чалавек, пісаў: “У маёй сям’і няма пісьменьнікаў. Праграмісты, матэматыкі...” Гэта ня так. Яго ўнук Антон-Францішак Брыль – цудоўны паэт, ён перамог у ПЭН-цэнтраўскім конкурсе імя Караткевіча. У яго сапраўды вельмі добрыя, эўрапейскага кшталту, вершы. І што цікава: унук такі ж сьціплы, як і дзед. Ён удзельнічаў у конкурсе пад псэўданімам Тамаш Лярмант”.

Скобла: “Унук успадчыніў літаратурны талент дзеда. Сам Брыль заўсёды цікавіўся літаратурнай моладзьдзю. Адгукаўся ў друку на творы маладых, пісаў прадмовы да іхніх першых кніг. Увогуле, ён валодаў рэдкаю сярод літаратараў якасьцю – умеў сябраваць з калегамі па цэху. “Дружбаў у нас малавата, “ – шкадаваў ён у адным інтэрвію. Што гэта за зьява – літаратурныя дружбы Брыля?”

Сямёнава: “У Брыля было пажыцьцёвае сяброўства з Уладзімерам Калесьнікам, з Анатолем Вялюгіным, з Максімам Танкам, зь Фёдарам Янкоўскім. Тут ужо згадваліся імёны пісьменьнікаў-шасьцідзесятнікаў... Я памятаю, як у 1966 годзе ў Міхася Стральцова ў перакладзе на расейскую мову ў Маскве выйшла кніга “Что будет сниться”. І там была прадмова Брыля, дзе ён пісаў: “Адначасова чытаю Буніна і Стальцова – на адной хвалі прыёму”. Тады гэта падалося неверагодным авансам, а цяпер мы бачым, што Брыль меў рацыю, і яго прадбачаньне спраўдзілася. Дарэчы, ён некалі й Уладзімера Ягоўдзіка заўважыў, і Хрысьціну Лялько прывеціў, і да самых апошніх дзён сябраваў зь ёю. Друкаваўся ў часопісе “Наша вера” і выдавецтве “Про-Хрысто”, дзе яна галоўным рэдактарам. Брыль у свой час пісаў пра “сум палёў і раўненьне на вечнасьць”. Мне здаецца, што і ў сваіх стасунках з людзьмі ён быў якраз з тымі, хто меў гэтае “раўненьне на вечнасьць”.

“Брыль у 1941-42 гадах друкаваўся ў “Беларускай газэце” і працаваў у менскім музэі гісторыі пад кіраўніцтвам Антоня Шукялойця”

Скобла: “У кнізе Янкі Брыля “З людзьмі і сам-насам” знаходзім запіс пра тое, як пісьменьніка на чарговую гадавіну Перамогі запрасілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта – атрымліваць мэдаль з рук кіраўніка краіны. І Брыль адмовіўся ад такога гонару – не пайшоў. Вядома, як адпомсьціла ўлада – не дазволіла пахаваць жонку пісьменьніка Ніну Міхайлаўну Брыль на Кальварыйскіх могілках. Фактычна – і самому Брылю адмовіла ў месцы апошняга спачыну, якое ён выбраў сам... Лічыцца, што савецкая ўлада Брыля шанавала – і званьне народнага пісьменьніка меў, і прэміі, і за мяжу пускалі. А калі прыгледзецца больш пільна...”

“Сідарэвіч: “Трохі пра “шанаваньне”.... У 1949 годзе над Брылём навісала сьмяротная пагроза. Прычына – ягоныя ўцёкі зь нямецкага палону. Ці яго адпусьцілі, ці ён сам уцёк? Калі адпусьцілі, – значыць, супрацоўнічаў зь немцамі. Калі сам уцёк – як гэта яму ўдалося? Гэта першая зачэпка. А вось другая. Брыль у 1941 годзе вярнуўся ў родную вёску Загору, і да яго адразу зьявіліся хлопцы з паліцэйскага гарнізону з Турца: “Будзеш у нас у гарнізоне сакратаром”. У паліцыі Брыль быць ня хоча, ён разумны хлопец і разумее, што Гітлера з яго чалавеканенавісьніцкай палітыкай чакае крах. І тады ён уцякае ў Менск. Тут ён у вэстыбюлі магістрату (бургамістрам на той час, быў здаецца, Вітаўт Тумаш) знаёміцца з Натальляй Арсеньневай, Рыгорам Крушынам, Антонам Адамовічам – цьветам беларускай літаратуры ў акупаваным Менску. Тады ж Брыль друкуе апавяданьні ў “Беларускай газэце”. Працуе ў менскім музэі ў Антона Шукялойця.

У 1949 годзе Брыля на выдавецкім калідоры сустракае Лукаш Бэндэ: “Мы всё знаем! Я до вас ещё доберусь!” А ў Брыля ўжо двое дзяцей – дзьве дачкі. Уявіце сабе сытуацыю. Ратавала тое, што Брыль быў у партызанцы, і яго ня так проста было ўзяць. Ён праз сваё партызанства даказаў калі не ляяльнасьць уладзе, дык свой патрыятызм.

Ну, і нарэшце, Брыль стварае аповесьць “У Забалоцьці днее”, якую прачытаў асабіста Сталін (у дзёньніках Канстанціна Сіманава ёсьць пра гэта запіс). Прачытаў і прысвоіў Брылю прэмію імя свайго імя (прабачайце за такую таўталёгію). Вось гэта пісьменьніка ўратавала канчаткова. Хоць і ляўрэаты Сталінскай прэміі не былі застрахаваныя ад рэпрэсій...

Далей – 1968 год, жнівень. Савецкія войскі ўваходзяць у Чэхаславакію. А Брыль – дзяжурны сакратар Саюзу пісьменьнікаў. І прыходзіць каманда з ЦК КПБ – наладзіць мітынг, ухваліць палітыку савецкага ўраду й камуністычнай партыі, папляскаць у ладкі. І Брыль разумее, якая ганьба яго чакае. І ён уцякае да Максіма Танка на Нарач. Яго ня могуць знайсьці, тады мабільнай сувязі не было. І тут пад рукой у ЦК аказаўся Іван Паўлавіч Мележ, які й быў вымушаны арганізаваць той пісьменьніцкі мітынг. Калі чытаеш стэнаграму яго выступу, робіцца сорамна за Івана Паўлавіча, мог бы ён і больш нэўтральныя словы знайсьці... Вось такія няштатныя сытуацыі”.

“Брыль трымаўся запавету Льва Талстога “жыць з народам”

Скобла: “Здаецца, Леанід Дранько-Майсюк назваў Янку Брыля “вязьнем цытатаў”. А Масей Сяднёў па-сяброўску пакепліваў: “Мне самому нічога ня трэба чытаць, дастаткова пагартаць Брыля, і ведаеш, пра што тая ці іншая кніга”. Давайце пагаворым пра Брыля-чытача”.

Кісьліцына: “Брыль-чытач заўсёды спыняўся на ярархіі духоўных каштоўнасьцяў. Я не магу прыгадаць, каб Брыль займаўся пераказам прачытанага. І цытаты ў яго вельмі цікавыя, калі на іх паглядзець. Вось, скажам, чытае Брыль Дастаеўскага. На што ён зьвяртае ўвагу? На думку Дастаеўскага пра беларусаў: “Усякая здаровая зямная сіла верыць у самую сябе й сваю праўду. І гэта найпершая адзнака здароўя народнага. Бяз гэтай веры ў сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не выратаваў бы сябе ніколі”. Гэтая цытата з Дастаеўскага настолькі блізкая Брылю, што адразу і не здагадаесься, хто гэта напісаў – Брыль ці Дастаеўскі?

Якіх аўтараў найперш любіў Брыль? Калі гаварыць пра літаратуру, гэта, найперш, Чэхаў (ёсьць у Брыля эсэ “Мой Чэхаў”). Калі гаварыць пра філязофію, тут, безумоўна, на першым месцы Леў Талстой. Цікава, што многія пісьменьнікі, цытуючы блізкіх па духу людзей, не жывуць па тых законах, якія накрэсьліў для іх іхні кумір. А вось Брыль запавету Талстога “жыць з народам, з плёну сваіх рук” трымаўся на працягу ўсяго свайго жыцьця. Што яшчэ імпануе мне ў Брылі-чытачу, дык гэта ягоная любоў да дэталяў. А як ён заўсёды вылучаў у другіх пісьменьнікаў залацінкі мовы народнай!”

“У неапублікаваным “Дзёньніку” Брыля каля 5 000 старонак”

Скобла: “Раней, калі паміраў пісьменьнік, абавязкова стваралася камісія па літаратурнай спадчыне. Цяпер гэтага няма. Ходзяць чуткі пра брылёўскі дзёньнік. Вось калі Анатоль Сідарэвіч згадваў малавядомыя факты з біяграфіі Брыля, мне падумалася, што даведацца пра іх ён мог хіба з тых дзёньнікаў. Вы іх бачылі, спадар Анатоль?”

Сідарэвіч: “Брыль паказваў мне адну з папак. У яго была даўняя звычка – пісаць ад рукі, а потым самому перадрукоўваць на машынцы. Ён мне паказваў апошнюю папку, калі аддаваў яе дачцэ Натальлі. Я зьвярнуў увагу на нумарацыю апошніх старонак, там была пазначана – 4 800. Так што дзёньнік вялікі. Гэта, як сказаў бы я словамі Юсьцінаса Марцінкявічуса, дзёньнік бяз датаў. Гэта запісы, зробленыя ў храналягічнай пасьлядоўнасьці. Дзёньнік зьберагаецца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры й мастацтва. Згодна з аўтарскай воляй, доступ да яго закрыты на пяць гадоў. Праз чатыры гады, думаю, пачнецца публікацыя.

Як я магу здагадвацца, будзе там і пра пэрыяд 1941-1944 году, і пра тое, хто канкрэтна пісаў на Брыля даносы, хто канкрэтна яму пагражаў расправай. Будуць там, мабыць, дыялёгі Брыля з Іванам Клімавым, які быў у Савеце Міністраў куратарам літаратуры й мастацтва і зь пісьменьнікамі вельмі не цырымоніўся. Гэта Клімаў у 1939-м быў камісарам Віленскага краю, а калі Сталін перадаў Вільню літоўцам, стаў сакратаром Вялейскага абкаму кампартыі. І пасьля, ужо ў Менску, ківаў пальцам на Максіма Танка: “Эх, не дабраўся я тады да цябе, цыбаты!”

“Гэты хлопец – “Брыль-Ян-т беларускай літаратуры”

Скобла: “Хацелася б пагаварыць пра мову Янкі Брыля, пра яе дакладнасьць і вобразнасьць. Часам яго сказы нагадваюць мона-вершы, яны самадастатковыя.

“Сьпяваюць, грэючыся песьняй, жаваранкі”. “Цымбальныя скокі дажджу па вадзе.” “Сонца праз хмары падперлася косамі.” “Маланка хрысьціцца, як спалоханая маладзіца.”

Вось Ганна Кісьліцына гаварыла пра тое, што Брыль сьветапоглядна арыентаваўся на Талстога. Але кумір Брыля Талстой не прызнаваў мэтафары ў прозе і ўвогуле ня вельмі шанаваў паэзію”.

Сідарэвіч: “Не паклёпнічайце на Талстога! Ён плакаў, чытаючы ў Буніна: “И паутины тонкий волос блестит на праздной боразде”.

Скобла: “Гэта выключэньне з правіла. Паўтараю – Талстой не любіў паэзію. Пачытайце ягоныя творы – вы там практычна ня ўбачыце мастацкіх вобразаў”.

Сідарэвіч: “Леў Мікалаевіч сьвядома пазьбягаў усякай паэтызацыі. Гэта праўда”.

Скобла: “Вось і пагадзіліся... Пытаньне чыста літаратурнае: як удавалася Брылю мець Талстога за куміра і адначасова быць яму поўнай супрацьлегласьцю ў творчасьці?”

Сямёнава: “Брыль ішоў за Талстым у жыцьцёвай філязофіі, у сваім modus vivendi, як ужо сказала Ганна. Памятаю брылёўскую выпіску з Талстога: “Найлепш нічога не гаварыць пра сябе, трэба клапаціцца пра суд свайго сумленьня, а не пра суд людзей.” А ў літаратурнай творчасьці ён ішоў больш за Чэхавым, за Буніным, за Мантэнем. І Брыль, безумоўна, вельмі мэтафарычны. Дарэчы, прыходзіў ён у літаратуру як паэт, друкаваў свае вершы ў заходнебеларускім часопісе “Шлях моладзі”.

Сідарэвіч: “Калі згадваць Брыля-пачаткоўца, нагадаю, што адным з ягоных настаўнікаў быў Кузьма Чорны. Ён прачытаў яго першыя апавяданьні й скалямбурыў: “Гэты хлопец – Брыль-Ян-т беларускай літаратуры”. І ж не памыліўся”.

Брыль: “Расейцаў у Беларусі – “меньшинство”, але гэта “подавляющее меньшинство”

Скобла: “Мы сёньня гаварылі пра брылёўскую прозу, пра Брыля-грамадзяніна, пра Брыля-чытача. Мне б хацелася згадаць малавядомую іпастась пісьменьніка: Брыль – перакладчык паэзіі. Ён – адзін з перакладчыкаў паэтычнай анталёгіі “Паэты Ленінграда” (1948), ён перакладаў вершы Міцкевіча і Буніна. Вось выдатны пераклад бунінскага верша “И трава, и цветы, и шмели, и колосья...”, зроблены Брылём:

Травы, кветкі, чмялі, каласы не гайдаюцца, І ад сьпёкі блакіт не зьміргне. Прыйдзе час – добры Бог у бадзягі спытаецца: “Знаў ты шчасьце зямное ці не?”

І на ўсё я забудуся, толькі пабачу Палявую дарогу, траву, збажыну, І душу, анямелую ў слодычы плачу, Да каленяў Яго прыхіну.

Памятаю, зноў жа, адзін маладзён у друку папракнуў Янку Брыля за тое, што той часам гаворыць па-расейску. Сапраўды, міжнароднае братэрства – адна з улюбёных брылёўскіх тэмаў. Пытаньне: наколькі беларус Брыль быў інтэрнацыяналістам?”

Сідарэвіч: “Згаданы вамі малады чалавек мог яшчэ пачуць, як мы размаўляем з Брылём і па-польску, і па-ўкраінску, калі не знаходзім адпаведнага слова ў беларускай мове. Гэты чуйнавухі малады чалавек мог пачуць з вуснаў Брыля трапную нямецкую прыказку, бо за два гады нямецкага палону Іван Антонавіч запомніў нямала нямецкіх словаў і выразаў. А з якой багавейлівасьцю Брыль чытаў Шолам-Алейхема, Тараса Шаўчэнку! А як выдатна ён сьпяваў “Садок вішневій коло хаты...”! Мы з вамі гэтаму сьведкамі, Міхась. А параўнайце “Ніжнія Байдуны” і “Коля-Бруньён” Рамэна Раляна – хіба гэта не аднаго парадку проза?

Прыгадваю, як я адчыняю дзьверы ў брылёўскую кватэру, а гаспадар сустракае мяне на парозе прынагоднымі радкамі з “Пана Тадэвуша”. Міцкевіч для Брыля ўвогуле быў сьвятыняй. А як любіў ён Юльюша Славацкага! А згадайма сяброўства Брыля з цэлай плеядай польскіх пісьменьнікаў! Гэта дзякуючы спрыяньню Брыля на польскую мову была перакладзеная цэлая бібліятэчка літаратуры беларускай.

Выбачайце, быць пісьменьнікам і замыкацца ў сваёй шкарлупіне, ня быць адкрытым на сьвет, на чужое трапнае слова – немагчыма. Пісьменьнік павінен быць інтэрнацыяналістам, бо літаратура – гэта інтэрнацыянальная зьява”.

Кісьліцына: “Брыль да расейскай мовы зьвяртаўся ў пэўных выпадках. Скажам, у адной мініятуры ён пісаў пра тое, што й Гітлер, і Сталін у маладосьці сьпявалі ў царкоўным хоры. І ў канцы дадае: “Умилительно!”. Выкарыстаньне другой мовы ў Брыля заўсёды было дарэчным. Для кожнага выпадку ў яго былі сваё слова, і свая мова”.

Сямёнава: “Што да “расейскіх сымпатый“ Брыля... Ён калісьці пісаў: “Расейцаў у Беларусі – “меньшинство”, але гэта “подавляющее меньшинство”.

“Ці будуць пераможцы й пераможаныя ў вайне ўлады з літаратурай”

Скобла: “Тыя адносіны, якія сёньня існуюць паміж дзяржаўнай уладай і айчынным прыгожым пісьменствам, можна назваць па-рознаму. Маё асабістае вызначэньне: гэта вайна з літаратурай. Як вядома, Брыль быў удзельнікам другой вайны, вайны сапраўднай. І тады ён апынуўся ў стане пераможцаў. Як вы лічыце, ці будуць пераможаныя і пераможцы ў вайне з літаратурай?”

Сідарэвіч: “У 1930-я гады гэтая ўлада садзіла Кузьму Чорнага на кол. І я не аддзяляю беларускай улады ад улады тае. Бо сёньня ў Беларусі ставяцца помнікі Дзяржынскаму й Сталіну, узводзяцца “лініі Сталіна”. Так што яна вартая пераемніца “слаўных” традыцый. Гэтая ўлада ў 1930-я гады страляла пісьменьнікаў – дзясяткамі за ноч! А хто ўрэшце перамог? Хто памятае Панамарэнку, Шаранговіча, Гікалу?.. А Кузьму Чорнага, Уладзімера Дубоўку, Язэпа Пушчу памятаюць”.

Сямёнава: “Мастацтва й літаратура складаюць энцыкляпэдыю духоўнага жыцьця народу. Яны валодаюць дарам адухатварэньня. Выдатныя мастацкія творы не зьнікаюць, яны застаюцца на вякі”.

Кісьліцына: “У літаратуры можна перамагчы толькі ў адным выпадку: калі ты вядзеш вайну за свайго чытача. А барацьба ўлады й пісьменьнікаў нічым плённым ня скончыцца. Мы павінны, як Янка Брыль, змагацца за свой народ, а не супраць улады”.

Скобла: “Дзякуй усім за ўдзел у перадачы. З канца 1970-х гадоў Янка Брыль падоўгу жыў у Крынічным на беразе Нёмана. Лецішча ў Крынічным стала працоўняй пісьменьніка, тут ім напісаныя многія творы, у навакольлі Крынічнага жылі ягоныя героі. У нашым архіве захаваўся запіс гутаркі з пісьменьнікам”.

Янка Брыль: “Мы ў 1978 годзе пасяліліся ў Крынічным у аднаго гаспадара, і нам вельмі спадабалася. Чатыры леты мы ў яго пражылі, а потым пабудавалі свой домік. Штогод з пачатку траўня да пачатку кастрычніка я тут жыву зь вельмі рэдкімі выездамі ў Менск. І калі я сюды трапляю, у гэтае спалучэньне зялёнага, сонечнага й ціхага, то мне нікуды ня хочацца. Цішыня добра ўзьдзейнічае на творчы настрой, але мне ўспамінаецца выказваньне Рамэна Раляна, здаецца, у “Жане-Крыстофе”. Я працытую па-расейску, бо й чытаў некалі па-расейску: “Одиночество и тишина нужны в меру”. Таксама й мне часам хочацца, каб нехта прыехаў...”
XS
SM
MD
LG