Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На арганізатараў бардаўскай вечарыны студэнты напісалі данос


Радыё Свабода Сёньня ў гаспадарчым судзе Гомельскай вобласьці разглядаліся адміністрацыйныя справа супраць дэмакратычных актывістаў Ларысы Шчыраковай і Зьміцера Жалезьнічэнкі. Абласная падатковая інспэкцыя на падставе заяваў студэнтаў дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Францішкі Скарыны абвінаваціла іх у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Напрыканцы чэрвеня актывісты зарганізавалі ў Гомелі прэзэнтацыю песеннага альбому беларускамоўнага барда Зьміцера Вінаградава. На канцэрце выступілі са сваімі новымі творамі іншыя беларускамоўныя барды з Гомеля – Андрусь Мельнікаў, Вольга Цярэшчанка, а таксама Зьміцер Бартосік і Яўген Валошын зь Менску.

Канцэрт меўся адбыцца ў раённым Доме культуры, што месьціцца ў Навабеліцкім раёне абласнога цэнтру. Аднак дырэктар Дому культуры Уладзімер Крышталёў адмовіўся прадставіць залю для канцэрту, заявіўшы, што гэта рабіць забараняюць яму гарадзкія ўлады.

Прадстаўнікі мясцовых суполак “Талака” і ТБМ вярнулі дырэкцыі ДК узятыя для распаўсюду квіткі на канцэрт і правялі бардаўскую вечарыну ў прыватным доме на вуліцы Палескай. Аднак Пётр Вялеў, Станіслаў Лапыка й Антон Яначкін, пазначаныя ў адміністрацыйнай справе як студэнты дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, сьцьвярджалі потым, што пры ўваходзе ў прыватны дом, дзе ладзіўся бардаўскі канцэрт, была выстаўлена скрыня для грошай. І яны, маўляў, кінулі ў яе па 5 тысяч рублёў, не атрымаўшы квіткоў.

"Пацярпелыя" ў суд не зьявіліся

На падставе заяваў студэнтаў абласная інспэкцыя падаткаў і збораў накіравала ў гаспадарчы суд пратакол пра незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць Ларысы Шчыраковай ды Зьміцера Жалезьнічэнкі.

Аднак у судзе начальнік аддзелу абласной падатковай інспэкцыі Андрэй Леўшуноў не змог прадставіць доказаў атрыманьня прыбытку абвінавачанымі актывістамі. Не было на разглядзе справы й заяўнікаў – студэнтаў дзяржунівэрсытэту імя Францішка Скарыны, якія сьцьвярджалі пра збор сродкаў на арганізацыю канцэрту.

Судзьдзя Вікторыя Лапута, якая разглядала справу пра нібыта незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць актывістаў, выслухаўшы бакі, папярэдзіла, што пастановы суду ў дачыненьні Ларысы Шчыраковай і Зьміцера Жалезьнічэнкі будуць абвешчаны заўтра. Дарэчы, судзьдзя Лапута забараніла прысутнічаць на разглядзе адміністрацыйнай справы прадстаўнікам СМІ.

Як лічыць адна зь ініцыятарак бардаўскага канцэрту Ларыса Шчыракова, “фабрыкацыя справы пэўнымі структурамі хутчэй за ўсё мела на мэце напалохаць актывістаў, якія адважыліся зарганізаваць вечарыну з удзелам выбітных беларускамоўных бардаў”.
XS
SM
MD
LG