Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: “Ці даводзілася вам даваць хабар?”


Іна Студзінская, Менск Ці даводзілася вам даваць каму-небудзь хабар? Калі даводзілася, то за што? Гэтыя пытаньні задавала менчукам карэспандэнтка Свабоды.

Спадар: “Безумоўна. Карабок цукерак, пляшку каньяку. З 8 сакавіка, з Новым годам трэба павіншаваць? Гэта дзікунства – не паднесьці цяпер падарунку лекару”.

Карэспандэнтка: “А грошы давалі?”

Спадар: “Грошай ніколі не даваў. Ганьба – даваць грошы. Тым больш, цяперашнія грошы. Каб яшчэ даляры ці золата...”

Спадар: “Даваў грошы начальству. За тое, каб на працы пакінулі, ня звольнілі”.

Бабуля: “Раней хадзіла да лекара – насіла шакалядкі. Цяпер лекара не выклікаю, бо яны толькі й чакаюць, каб ім давалі больш грошай”.

Спадарыня: “Хабар даю пастаянна. У шпіталі кропельніца – 5 тысяч. Хай бы лекары ня бралі. Але ж бяруць!”

Спадарыня: “Наконт хабару – ня ведаю. А вось падзячлівыя дарункі даводзілася. Я не лічу хабарам каробку цукерак”.

Спадарыня: “Мне спрабавалі даць па службе. А самой даваць не даводзілася”.

Карэспандэнтка: “Вы займалі высокую пасаду?”

Спадарыня: “Так, дастаткова высокую. Але сама не брала”.

Спадарыня: “Даводзілася, і не аднойчы. І грашыма таксама. Каб вырашыць кватэрнае пытаньне, давала даволі буйную суму – можна было купіць норкавую шубу: 2 700 даляраў. Усе астатнія выпадкі я не лічу хабарам. Гэта падзяка за добрыя справы. Ніхто нават не намякаў, усе адмаўляліся, але мне самой хацелася зрабіць такі жэст”.

Жанчына: “Так, даводзілася. За тое, каб прынялі дзіця ў музычную школу. Да хабару казалі, што ў дзіцяці няма ні слыху, ні голасу, атрымаўшы ж хабар – маўляў, Моцарт адпачывае.

Спадар: “Толькі па дробязях. Гэта нават нельга назваць хабарам, падзяка толькі”.

Спадар: “Канечне, даводзілася. За розныя дробныя паслугі. Да прыкладу, прыйдзеш да стаматоляга – чаму б не падараваць карабок цукерак ці пляшку каньяку?” А па-буйному не даваў – у мяне папросту няма вялікіх грошай”.

Спадар: “Я думаю, усе калі-небудзь давалі. Розныя сумы”.

Карэспандэнтка: “А якія сумы, якія лічбы фігуруюць? І за што?”

Спадар: “Самая вялікая – лічба з трыма нулямі. У далярах. За што? За такое садзяць”.

Дзядок: “І мне не давалі, і я не даваў. Не паверыце – працаваў усё жыцьцё ў сыстэме забесьпячэньня. А хабару ні разу нікому не даваў”.

Спадарыня: “Даводзілася. Цукеркі давала, каньяк на знак падзякі”.

Спадар: “Мне не даводзілася даваць”.

Спадарыня: “Давалі, канечне, калі зубы ставіла. Зараз ужо новыя давядзецца ставіць. І – зноў даваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG