Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Беларусь не дамовіліся


Уладзімер Глод, Менск Перамовы прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі, якія сёньня адбыліся ў Маскве, не дадалі яснасьці ў магчымую выдачу крэдыту Беларусі. СМІ цытуюць Міхаіла Фрадкова, які адзначыў, што “пытаньні супрацоўніцтва ў фінансавай і нафтагазавай сфэрах складаныя і адным махам не вырашаюцца”.

І беларускі, і расейскі бакі пасьля сустрэчы прэм’ераў заявілі, што далейшая праца мае весьціся на ўзроўні экспэртаў. Так, кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Фрадкоў, выйшаўшы да прэсы, сказаў:

“Мы дамовіліся працягнуць працу. Мы падалі аргумэнты бакоў, якія будуць улічвацца ў далейшай рабоце”.

Між тым, тры дні таму міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын паведаміў журналістам, што ўрад папярэдне ўхваліў выдачу крэдыту Беларусі. Праўда, міністар не назваў сумы крэдыту і нічога не сказаў наконт таго, на якіх умовах гэта будзе зроблена.

Менавіта ўмовы крэдытаваньня й сталі сёньня перашкодай для заключэньня дамоўленасьцяў прэм’ераў, – лічыць маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў. У інтэрвію Радыё Свабода ён адзначыў: затрымка адбываецца таму, што расейскі бок за крэдыт патрабуе разьлічыцца акцыямі найбольш вядомых беларускіх прадпрыемстваў. А беларускі бок на гэта не пагаджаецца:

“Калі гарантыі даюцца ў выглядзе акцыяў прадпрыемстваў, ніякай гаворкі пра рэструктурызацыю запазычанасьці ўжо быць ня можа. Акцыі перадаюцца на рынак, аўкцыён, біржу і прадаюцца”.
”Інтарэсы расейцаў вядомыя: перадусім два нафтаперапрацоўчыя заводы – у Мазыры і Наваполацку.”
Прафэсар-эканаміст Барыс Жаліба зь Менску лічыць, што беларуска-расейскі гандаль вакол крэдытаў, запазычанасьцяў, уласнасьці будзе складаным:

“Вядома, што Расея ставіла ўмовы: калі вы ня сплачваеце бягучай запазычанасьці – 500 мільёнаў даляраў за газ, а “жывых” грошай няма, дык патрэбна разьлічвацца маёмасьцю, уласнасьцю. Інтарэсы ж расейцаў таксама вядомыя: перадусім два нафтаперапрацоўчыя заводы – у Мазыры і Наваполацку.

І я думаю, тут справа ў цане. Беларусы выстаўляюць завышаныя кошты, якія не задавальняюць расейцаў. А яны, відочна, прапаноўваюць Беларусі заніжаную цану. І таму, я лічу, і надалей будзе весьціся гандаль. Памятаеце, падобны гандаль быў і за “Белтрансгаз”.

Загадчык аддзелу Беларусі Інстытуту краінаў СНД у Маскве Аляксандар Фадзееў зьвяртае ўвагу на тое, што з 1 ліпеня беларускі бок мусіць выплачваць “Газпрому” поўны кошт газу – 100 даляраў за кожную тысячу кубамэтраў. А гэта выклікае й неабходнасьць як павелічэньня сумы крэдыту, так і зьмяншэньня працэнта за ягонае карыстаньне:

“Магчыма, расейскі бок падзяліў праблему на дзьве: вяртаньне запазычанасьці, якая ўжо існуе, і назапашаньне новай запазычанасьці. І такое разьдзяленьне не выгоднае і ня зручнае для Беларусі, якая хацела б вырашыць усё адным пакетам.

Калі Расея будзе і надалей настойваць на сваім, дык пазыцыі Беларусі мне падаюцца пройгрышнымі. І нават калі Расея дазволіць пралангіраваць аплату запазычанасьці за першую палову году, зроблена гэта будзе пад пэўны працэнт”.

Пра неабходнасьць атрыманьня стабілізацыйнага крэдыту кіраўніцтва Беларусі заявіла пасьля таго, як ад 1 студзеня кошты за газ для Беларусі былі падвышаны. Да 1 ліпеня, паводле дамоўленасьцяў з “Газпромам”, беларускі бок аплачваў толькі 55 са 100 даляраў з кожнай тысячы кубамэтраў расейскага газу. З гэтага й атрымалася запазычанасьць 500 мільёнаў даляраў.


• А.Суздальцаў : “Расея патрабуе за крэдыт акцыі лепшых прадпрыемстваў”, 30.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG