Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія актывісты ствараюць альтэрнатыўную "Лінію Сталіна"


Радыё Свабода Віцебскія актывісты распачалі доўгатэрміновую акцыю ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. 29 ліпеня ўсталявалі помны крыж ля вёскі Паляі Віцебскага раёну.

Драўляны крыж вышыні блізу двух мэтраў зьявіўся ўчора на ўскрайку лесу непадалёк ад вёскі Паляі, узбоч аўтамабільнай дарогі Віцебск – Лёзна. Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, у гэтых мясьцінах у 30–40-я гады мінулага стагодзьдзя НКВД праводзіў масавыя расстрэлы мясцовых жыхароў. Ініцыятыва ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій належыць віцебскім апазыцыйным актывістам. Перадусім – сябрам Партыі БНФ, Хрысьціянскай дэмакратыі, Маладога Фронту, сацыял-дэмакратам – прыхільнікам Мікалая Статкевіча, прадстаўнікам Руху "За Свабоду" і моладзевай суполкі "Віцьбічы".

Цягам гэтага году актывісты плянуюць усталяваць яшчэ некалькі помных крыжоў – распавёў каардынатар руху "За Свабоду" па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў. “Гэтую акцыю, што мае доўжыцца цэлы год, мы назвалі "Лінія Сталіна". Мы ўсе ведаем, што ўлады адбудавалі "Лінію Сталіна", каб адлюстраваць супраціў гітлераўцам. Але мы лічым, што ёсьць іншая "Лінія Сталіна" – тысячы і тысячы магіл, дзе ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Вось гэткія крыжы, што паўстаюць на беларускай зямлі – таксама "Лінія Сталіна", на ўспамін пра пакутнікаў ад бальшавіцкага рэжыму".

Да крыжа ля вёскі Паляі прымацавана шыльдачка з пазнакай "Ахвярам сталінскіх рэпрэсій" ды цытатай з Эвангельля: "Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць царства нябёснае". Набажэнства па нявінна загінулых адслужыў вуніяцкі сьвятар айцец Зьміцер Грышан.

Паляі, 30.07.2007. Паніхіда па загінулых Паніхіда па загінулых

Прысутныя паклалі да крыжа кветкі і запалілі сьвечкі. За ўсім гэтым уважліва назіралі трое міліцыянтаў, якія загадзя чакалі тут зьяўленьня апазыцыянэраў. Яны сфатаграфавалі хаду імпрэзы і ўсіх удзельнікаў, аднак заўвагу зрабілі толькі актывістцы АГП Алене Залесскай: супрацоўнікам міліцыі прыйшоўся недаспадобы ейны бел-чырвон-белы шалік. Міліцыянты вырашылі, што гэта хаця й ня сьцяг, але таксама незарэгістраваная сымболіка. Алена Залесская зьняць шалік адмовілася.

Два месяцы таму віцебская гарадзкая арганізацыя Партыі БНФ “Адраджэньне” прапанавала стварыць тут, у лесе ля вёскі Паляі, мэмарыяльны запаведнік. Зварот з гэтай прапановай быў накіраваны старшыню Віцебскага райвыканкаму Івану Вазьміцелю. Адказу з райвыканкаму дагэтуль няма.

• Віцебск: БНФ прапануе ўшанаваць памяць ахвяраў рэпрэсій, 23 траўня, 23.05.2007
XS
SM
MD
LG