Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “У якасьці ўгнаеньня Лукашэнка выкарыстоўвае грошы”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 30 ліпеня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадар: “Наша крайняя поўнач – гэта толькі поўдзень Пскоўскай вобласьці Расеі, таму адзін моладзевы лідэр, што быў там на папраўчых працах, знаходзіўся як у санаторыі, бо здароўя ў яго хапае займацца ўсё тым жа. Прапаную такіх людзей, вунь, як быў адзін рэктар, адпраўляць сядзець тэрмін паводле ўзгадненьня бакоў у Расею на іх руднікі. А нам за гэта паводле тарыфаў дзесяткі кубамэтраў бясплатнага газу. Нарэшце прагноз. Пасьля выбараў, праз год, за нас расейцы возьмуцца ўшчыльную. І ў 2009 годзе можам лічыць сябе ў складзе Расейскай Фэдэрацыі. Да сустрэчы там”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. Птушка-гаварун у чарговы раз вызначылася розумам і кемлівасьцю. Аказваецца, у Беларусі выдатна растуць апэльсіны ў цяпліцах. За такое адкрыцьцё трэба адразу даваць навуковую ступень, а то і Нобэлеўскую прэмію. Калі дзяржава выдаткоўвае мільярды на калгасную гаспадарку, значыць, і мясцовыя культуры ня вельмі ў нас растуць, як у адкрытым грунце, так і ў цяпліцах. Напэўна, таму, што ў якасьці ўгнаеньня Лукашэнка выкарыстоўвае грошы. А ўгнаеньне вылівае людзям на галовы праз тэлевізар. Народ у такіх выпадках кажа: сьвіньня ў апэльсінах лепей разьбіраецца, чым наш прэзыдэнт”.

Спадарыня: “Вось ужо насамрэч мышынай валтузьнёй можна назваць усе адстаўкі, перастаноўкі сваіх падначаленых, ад якіх ні холадна, ні горача, а значыць, ніякай карысьці ні Беларусі, ні яе насельніцтву і нават самому беларускаму дыктатару. Усё робіцца на паказ: нібыта ідзе барацьба з карупцыяй, а значыць, з самім сабой. Гэта ягоная так званая праца, якая паводле меркаваньня Лукашэнкі, вядзе да “дабрабыту” нашай Беларусі”.

Павал Давыдзенка, Парычы: “Лукашэнка гаворыць, што трэба садзіць лес і лазу, то бок ягоная ўлада лес высекла. Будынкі сацбыту вэртыкаль разьбіла, як Напалеон. І хутка трэба будзе купляць ня толькі дровы, але і лес з прычыны ягонай безгаспадарнасьці. Народ давялі да жабрацтва і галечы”.

Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”. Тая нахабная мана, што ідзе ад дзяржаўнага радыё і тэлебачаньня, – проста беларускі фэномэн. Ну, як у нас усё амаль цудоўна! Які клопат дзяржаўны аб людзях! А ў аддзяленьні дзённага стацыянару раённага шпіталю можна сутыкнуцца з такім фэномэнам. Ну, выправіліся пасьля крытыкі кандыдата на прэзыдэнта, цяпер палітвязьня Аляксандра Казуліна. З сабой пасьцельную бялізну прыносіць ня трэба – ёсьць у шпіталі. Прыходзіш, каб легчы пад капельніцу зь лекамі, дык на любое вольнае месца ў палаце. І так штодзённа. Няма на гэтыя пяць-дзесяць дзён лекаваньня ні індывідуальнага ложку, і, што самае агіднае, індывідуальнай бялізны на ім. Прапускная магчымасьць такога стацыянара –два-тры хворыя за дзень. На адным месцы па чарзе. Не выконваюцца элемэнтарныя нормы гігіены. Загадчык дзённага стацыянару пра гэта ведае. Але за эканомію яму даплачваюць да заробку. Аб якасьці лекаў і лекаваньня можна толькі здагадвацца. Людзі маўчаць, каб не згубіць і гэтага. Пытаньне: колькі грошай атрымлівалі расейскія сьпевакі, якія перад прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй нас весялілі пад лёзунгам “За Беларусь!”? А цяпер іншы -- “За квітнеючую Беларусь!” Напэўна, так лічаць і чыноўнікі зь Міністэрства аховы здароўя”.

Пэнсіянэрка Ларыса, Менск: “Тыя падзеі, якія адбываюцца ў краіне, якія носяць палітычны ці эканамічны характар, цікавяць кожнага грамадзяніна нашай краіны. І гэта нармальна. І калі я чую, як карэспандэнт пытаецца на вуліцах Менску ці іншага гораду аб той ці іншай падзеі, а малады чалавек адказвае, што ён не цікавіцца палітыкай, мне проста ня верыцца. Сярод моладзі шмат тых, хто ня толькі цікавіцца палітыкай, але хоча паўплываць на падзеі, ставіць пытаньні да ўраду. Але ўрад ня чуе. Альбо ня хоча чуць. І шкада, бо будучыня належыць моладзі. Зь цягам часу давядзецца згадзіцца. А пакуль іх кідаюць за краты, абвінавачваючы ў нецэнзурнай лаянцы. Ну, гэта ўжо сьмешна. Але мы разумеем, гэта робіцца, каб прысуд быў не такім жорсткім. Хочацца параіць ураду прыслухацца да моладзі, бо іхнымі вуснамі гаворыць ісьціна”.

Уладзімер, Полацак: “Усе ператрусы і перастаноўкі ў сваім атачэньні Аляксандар Лукашэнка тлумачыць вышэйшымі інтарэсамі Беларусі. Ой, лукавіць, Аляксандр Рыгоравіч. Не дарма ж у нас яго празвалі Аляксандрам Лукавым. Насамрэч гэтыя ягоныя дзеяньні скіраваныя на тое, каб любымі высілкамі захаваць за сабой нікім і нічым не абмежаваную ўладу, толькі і ўсяго. На публічнай порцы КДБ Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Ды вы ўжо засядзеліся, і вас усіх час зьмяняць”. А па-мойму, калі хто тут і засядзеўся, дык гэта сам Аляксандр Рыгоравіч. З 1994 году сядзіць. Колькі можна?! Не сумняваюся, што так сама падумалі і многія з тых, хто спазнаў гэтую порку. А колькі ў нас прэм’ераў было?! Упэўнены, што і Сідорскі не апошні. Дык што гэта атрымліваецца? Усе дрэнныя. Толькі Аляксандр Рыгоравіч у нас харошы? Быць такога ня можа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG