Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У чалавека ў Беларусі ніякіх правоў проста не існуе, тым больш у турме”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 30 ліпеня ў розныя гады мінулага.

“Известия Мозырского Совета Рабочих и Солдатских Депутатов и Мозырского Совета Крестьянских Депутатов” у 1917 годзе паведамляюць з фронту: “Па трох дажджлівых днях праціўнік аднавіў налёты ў раён Маладэчна, працягваючы скідаць бомбы на чыгуначную станцыю і збудаваньні ўстаноў Чырвонага Крыжа і Земскага Саюзу. Скінутымі бомбамі ў Маладэчне пашкоджаны лазьня і пральня, паранены двое. Зробленая налётамі шкода нязначная. На Баранавіцкім кірунку нашай артылерыяй зьбіты германскі самалёт, які ўпаў у раёне вёскі Высадовічы. Апарат згарэў, летуны забітыя”.

У рэдакцыйным артыкуле “Советская Белоруссия” ў 1947 годзе піша: “Камсамолка Настасься Сяргеева, загадчыца Мастоўскай хатай-чытальняй, Гарадзенскай вобласьці, слушна зразумела, што сяляне, занятыя ў полі, ня могуць пайсьці ў хату-чытальню, што трэба арганізаваць абслугоўваньне іх там, дзе яны працуюць. Сяргеева падабрала неабходную літаратуру, узяла патэфон з пласьцінкамі і пайшла ў поле. Ветліва, радасна сустрэлі яе сяляне. Тав. Сяргеева і шматлікі актыў гэтай хаты-чытальні ладзяць гутаркі, чыткі газэт, адказваюць на пытаньні сялян”.

Са старонак “Свабоды” ў 1997 годзе Андрэй Шаптыцкі, асуджаны за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” грамадзянін Украіны, пасьля выхаду з-за кратаў заяўляе: “Чалавек, які трапляе ў беларускую турму, на захаванне свайго здароўя не можа разлічваць. Я хачу пэўным чынам абвергнуць думку, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека. Дакладней казаць — у чалавека ў Беларусі ніякіх правоў проста не існуе, тым больш у турме. (Аналізуючы паведамленні як у незалежных, так і ў афіцыйных СМІ, я пераканаўся ў тым, што ў Беларусі ні ў каго акрамя партыі ўлады, ніякіх правоў няма)”.
XS
SM
MD
LG