Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: “Ці варта ў Расеі браць крэдыт на газ?”


Іна Студзінская, Менск У панядзелак прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі накіроўваецца ў Маскву, каб працягваць перамовы наконт крэдыту на аплату газу. Як паведаміў учора міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын, расейскі ўрад папярэдне ўхваліў выдачу крэдыту Беларусі. Ці варта браць крэдыт у Расеі з працэнтамі, каб расплаціцца зь ёю за газ? Гэта пытаньне задавала менчукам наша карэспадэнтка.

Спадар: “Канечне, лепш абысьціся без крэдытаў, але калі абстаноўка дыктуе, што неабходна браць крэдыт, то, я лічу, нічога страшнага ў гэтым няма. Шмат краінаў жыве ў крэдыт”.

Юнак: “Я думаю, гэта дарэмна. Лепш бы мы з унутраных рэзэрваў гэтыя грошы ўзялі. Тым больш, што ў дзяржаве гэтыя грошы ёсьць. Таму што шмат праектаў разьвіваецца ў наш час, сацыяльных, і самых розных, і ўсе кажуць, што прырост вялікі ў эканоміцы. Так што грошы за газ мы аддалі б і так”.

Спадар: “Працэнты яшчэ выплачваць – гэта глупства, канечне”.

Карэспандэнтка: “”Крэдыт пад 12% гадавых – гэта выгадны для Беларусі крэдыт?”

Спадар: “Я лічу, што гэта зусім ня выгадны крэдыт, і трэба адмовіцца ад яго”.

Мужчына: “Мы даўным-даўно маглі б засвоіць так званыя альтэрнатыўныя рэсурсы, зьвязаныя зь ветрам, вадой, а не пабірацца ў Расеі, ледзь не на каленях поўзаючы. Я думаю, што гэта чарговае глупства, і гэта загоніць нас у чарговае балота, у чарговую кабалу і залежнасьць ад Расеі”.

Спадарыня: “Я не цікаўлюся палітыкай. І тым больш эканомікай”.

Дзяўчына: “Канечне, хацелася б, каб газ нам давалі задарма, і мы за гэта нічога не плацілі. Але трэба жыць у рэальным сьвеце, дзе за ўсё трэба плаціць, і плаціць нямала. Таму крэдыт браць варта”.

Спадарыня: “Калі ў нас ёсьць выбар, і ёсьць іншыя варыянты, трэба разгледзець іх. Калі ў нас няма ніякіх варыянтаў, то іншага выйсьця не застаецца, і мы вымушаныя на гэта пайсьці, як бы ні было сумна”.

Дзяўчына: “Ня варта, таму што кошты на газ растуць, і працэнты па крэдыту таксама”.

Спадар: “Глупства – у Расеі браць у доўг і ў яе ж купляць”.

Дзяўчына: “Не, ня варта. Наагул, з Расеяй небясьпечна зьвязвацца цяпер. Напружаныя адносіны ў нас зь ёю”.

Спадарыня: “Я думаю, што варта браць крэдыт. Нам усё даруюць, урэшце. То бок, яны зацікаўленыя, каб мы былі на іх баку, таму Расея заўсёды будзе нам дараваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG