Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тацяна Козік: “Я веру ў любоў, якую прынесьлі нам на крылах птушкі”


Радыё Свабода Тацяна Козік – удзельніца праграмы “У што я веру”.

Апошнім часам усё часьцей даюць аб сабе знаць згадкі зь мінулага... У маленстве, якое прайшло на берагах праслаўленай паэтамі рачулкі Бесядзі, сьвет здаваўся бязьмежна прыгожым і гарманічным. У школе прыйшло разуменьне, што любоў да беларускай мовы і сваёй радзімы я выразна адчула адначасова зь усьведамленьнем, што чалавек ня можа жыць без любові. Менавіта любоў ратуе ад усяго цёмнага і нізкага, – пра існаваньне гэтага боку жыцьця я даведалася, пакінуўшы ў 11 гадоў берагі Бесядзі.

Веру ў тое, што наш сьвет нарадзіла любоў.

Веру ў тое, што любоў – гэта вялікая сіла.

Веру ў тое, што любоў можна адчуваць сэрцам.

Заўсёды ставілася зь недаверам да паказушнасьці. Веру ў тое, што паказушная, непраўдзівая любоў такая ж бясплодная, як пустыня, дзе валадараць толькі вецер-сухавей і пясок.

Веру, што любы чалавек можа вылекаваць душу, акрыяць з дапамогай любові.

Любоў – гэта ня толькі ўзьнёслае пачуцьцё, гэта і стан душы, гэта і сьветагляд і, калі хочаце, рэлігія. Менавіта такую любоў я адлюстроўваю ў сваіх карцінах і габэленах. Тут людзі – як птушкі, а сьвет – як шматузроўневая прастора паміж зямлёй і небам. Бадай, птушкі найбольш блізкія істоты да чалавека, бо амаль усе зь іх жывуць парамі, а некаторыя нават няздольныя стварыць новую сям’ю пасьля сьмерці сябра ці сяброўкі. Менавіта птушкі надзвычай любяць прыгожае, напрыклад, сяліцца ў прыгожых мясьцінах, сьпяваць прыгожыя песьні.

Людзі такія ж, як птушкі. Сярод іх ёсьць і зязюлі, і каршуны, і лебедзі, і вераб’і, і арлы. Але ўсіх іх яднае любоў да свайго роднага кута. Пра гэта яшчэ Францішак Скарына пісаў, калі згадваў пра родныя гнёзды і віры. Інакш тая ж зязюля адляцела б у нейкі іншы, больш прыдатны да птушынага жыцьця, край. Але во ж застаецца ў родным гаі, хоць сама і не гадуе сваіх родных дзетак.

У гэтай птушынай размаітасьці – ці не асноўная асаблівасьць чалавечага сьвету. Бо ўсе мы розныя.

Я веру ў тое, што розныя людзі могуць жыць разам у згодзе і суладзьдзі. Варта толькі кіравацца любоўю.

***

Тацяна Козік – мастачка, габэленшчыца. Нарадзілася на Хоцімшчыне ў сям’і вясковай настаўніцы. З 11 гадоў вучылася ў менскай школе-інтэрнаце па выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. Разам з аднаклясьнікамі ўдзельнічала ў культурніцкіх акцыях моладзевай суполкі “Майстроўня”. Скончыла Віцебскі тэхналягічны інстытут па спэцыяльнасьці “мастак па тканінах”. Упершыню ў гісторыі гэтай ВНУ была разьмеркаваная ў структуру мастацкага камбінату Саюза мастакоў Беларусі, у наваполацкі філіял Віцебскага аддзяленьня. Апошнім часам захапілася дызайнам жаночага адзеньня зь лёну. Жыве ў Полацку. Мае двух сыноў.
XS
SM
MD
LG