Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 21.07.2007 - 27.07.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

"Я веру, што Беларусь будзе, бо яна ўжо ёсць. Няхай не такая, якой некаму, у тым ліку і мне, мроілася, але ёсць. І ёсць яна, мяркую, менавіта праз тое, што ня стала такой, якой нам мроілася, бо такой яна проста не магла стаць. Не было ёй з чаго – такой – стацца”.

Уладзімер Някляеў, паэт – падчсас онлайн-канфэрэнцыі на сайце “Свабоды”

"Ён ня мае палітычных амбіцыяў. У мяне два сыны, якія ня хочуць прэзыдэнцкай працы. Тое, што гавораць на Захадзе: "Калі Лукашэнка сыдзе, прыйдзе ягоны сын", – няправільна. Прызначаючы свайго сына памочнікам, я меў намер адкрыць канал дадатковай інфармацыі, і гэта працуе эфэктыўна. Ён зьяўляецца кампэтэнтным і дапамагае мне прымаць рашэньні ... Ніводзін кіраўнік у сьвеце ня можа ганарыцца тым, што мае поўны давер да ўсіх, хто яго атачае. Таму мой сын мне і дапамагае".

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з адказаў францускай газэце “Le Mondе” на пытаньні аб палітычным лёсе яго сына Віктара.

“Тут усё палітыка. Заявілі ж, што нам, па волі Расеі, хана. Вось і робяць выгляд, што быццам бы вельмі дрэнна. Надзея тут зноў “на халяву” атрымаць ад Расеі беспрацэнтны крэдыт".

Станіслаў Багданкевіч, былы старшяня Нацыянальнага банку Беларусі – пра перамовы Беларусі з Расеяй аб запазычанасьці за газ.

“Беларусь сапраўды мае даўгі перад Расеяй. Пры гэтым прэзыдэнт Лукашэнка не пасаромеўся прысьвяціць даволі многа словаў выкрываньню падкопаў Расеі. Я ня думаю, што так сябе паводзяць з крэдыторам”.

Канстанцін Затулін, дырэктар расейскага Інстытуту краінаў СНД, дэпутат Дзярждумы Расеі – пра перамовы Беларусі з Расеяй аб запазычанасьці за газ.

“З таго, што я назіраю ў апошнія 10-15 гадоў, я зразумеў, што беларускі народ – гэта народ шматмоўны, я б сказаў, шматкультурны. На гэтай тэрыторыі перасякаюцца розныя культурныя ўплывы, і, відаць, мы ніколі не дасягнем такой сытуацыі, калі беларуская літаратурная мова запануе ва ўсёй Беларусі. Трэба зьмірыцца з тым, што беларуская літаратура, якая будзе разьвівацца ў Менску і іншых гарадох, будзе дзьвюхмоўнай – частка будзе пісаць па-беларуску, частка па-расейску. Да гэтага трэба будзе прызвычаіцца і інтэлектуальна гэта заакцэптаваць".

Ян Максімюк, перакладчык і эсэіст, аналітык Радыё Свабода – у перадачы “Начная Свабода”.

“Я заўжды быў і застаюся прыхільнікам прэзыдэнта, бо іншай альтэрнатывы яму я сёньня ня бачу. Я буду служыць гэтаму чалавеку, калі ён пакліча... Тое, што прэзыдэнт сварыцца – значыць, яму далі падставу. ...Я спадзяюся, што праўда ўсё-ткі пераможа і прэзыдэнт ва ўсім разьбярэцца”.

Сьцяпан Сухарэнка, былы старшыня КДБ, адпраўлены ў адстаўку на мінулым тыдні – у інтэрвію «Народнай волі».

“Проста шкада чалавека. Я лічу, што ў таго, хто яго звольніў, няма ні сэрца, нічога на сьвеце. Думаеце, прыемна слухаць родным вось такое?! І ведаць, што чалавек аддаў усё сваё жыцьцё, усё сваё здароўе. Вывучыўся, вышкрабся, як кажуць. Дык вось, прыемна?”

Натальля, нявестка Сьцяпана Сухарэнкі – пра адстаўку сваяка.

“Тут ёсьць прыкметы таго, што ў Кітаі атрымала назву “культурнай рэвалюцыі”, што ў Іране ператварылася ў Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі”.

Кірыл Коктыш, дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных зносінаў – у перадачы “Праскі акцэнт” пра кадравыя зьмены ў КДБ.

“Улада Лукашэнкі да апошняга часу мела два апірышчы: танныя расейскія энэрганосьбіты і “вэртыкаль” улады. Танныя энэрганосьбіты зараз застаюцца ў мінулым, і таму зараз Лукашэнка як ніколі хоча быць упэўнены, што “вэртыкаль” – гэта надзейнае апірышча”.

Брытанскі часопіс “Economist” – з артыкулу "Рыхтуючыся да цяжкіх часоў" пра сытуацыю ў Беларусі.

"Хто сказаў, што сёньня апэльсіны і лімоны нерэнтабэльна вырабляць у беларускіх цяпліцах? Я да прыкладу кажу. Ніхто проста не спрабаваў”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас сэлектарнай нарады па пытаньнях жніва.

“Таму Лукашэнка сёньня быў такі ціхі, лагодны, непадобны сам на сябе, асабліва калі прыпомніць ягоны апошні выступ у КДБ... цяпер сапраўды трэба, каб урад і вэртыкаль працавалі, а ня бегалі адзін да аднаго ў кабінэт, абмяркоўваючы, каго і за што яшчэ арыштавалі, каго здымаюць, хто каму сваяк і чаму менавіта яго прызначылі”. Сьвятлана Калінкіна, шэф-рэдактар газэты “Народная воля” – пра выступ А.Лукашэнкі на сэлектарнай нарадзе, прысьвечанай жніву.
XS
SM
MD
LG