Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інтэрнэт – ратунак для падлеткаў?


Радыё Свабода, Менск “Інтэрнэт – ратунак для падлеткаў” – да гэткай высновы прыйшоў дасьледчык-філёзаф Дэвід Вайнбэргер, супрацоўнік цэнтру “Інтэрнэт і грамадзтва” пры Гарвардзкім унівэрсытэце (ЗША). Ці лічаць паратункам Інтэрнэт-прастору беларускія падлеткі? Як ацэньваюць плюсы і мінусы псыхолягі і сацыёлягі?

Спачатку было слова. Слова было “самотна”

Жыцьцё дзяцей і падлеткаў да зьяўленьня інтэрнэту было больш самотнае, лічыць філёзаф Дэвід Вайнбэргер. У сваім дасьледваньні ён піша, што да зьяўленьня вольнага доступу да сеціва людзі, асабліва падлеткі, пачувалі сябе больш самотнымі, чым цяпер.

Паводле дасьледчыка, інтэрнэт дае дзецям вялізную прастору для стасункаў з тымі, хто іх разумее, і для рэалізацыі сваіх ідэяў. “Раней у дзяцей было занадта шмат абмежаваньняў у прасторы і грамадзтве. У сеціве яны лёгка могуць знайсьці тых, хто зразумее і ўхваліць іхныя ідэі. Апроч таго, інтэрнэт можа значна паскорыць разумовае разьвіцьцё дзіцяці”.

Для падлеткаў, чый сьветапогляд толькі фармуецца, інтэрнэт можа стаць і ўнутраным сьветам, і зьнешнім Сусьветам, і залежнасьцю, і паратункам, і хваробай, і лекам.

Сьвятаяна Емяльлянава скончыла 10-ю клясу адной зь менскіх школ. Дзяўчына цікавіцца літаратурай, паэзіяй, псыхалёгіяй і мастацтвам, шмат разоў была пераможцай гарадзкіх алімпіядаў па рускай і беларускай літаратурах. Да інтэрнэту зьвяртаецца і па інфармацыю, так бы мовіць, “па справе”, і дзеля стасункаў, новых знаёмстваў. Праўда, кажа яна, гэтыя знаёмствы не пераходзяць у рэальнае вымярэньне, застаючыся знаёмствамі зь віртуальнага жыцьця.

Сьвятаяна: “Калі гэта чаты, то я магу усю ноч праседзець у інтэрнэце – ад вечара і да самага ранку – і пры тым зусім не стамлюся, не захачу спаць, ня буду пазяхаць... Гэта пры ўмове таго, што гэтым часам у інтэрнэце разам са мной будзе знаходзіцца хаця б адзін чалавек, зь якім мне будзе цікава размаўляць”.

Але гэткую колькасьць часу перад маніторам дзяўчына ня лічыць станам залежнасьці. І пэўная, што калі нешта падобнае да залежнасьці ў яе зьявіцца, яна гэта ўсьвядоміць, заўважыць і здолее перамагчы.

А вось 16-гадовы Алег Шапіла мяркуе, што інтэрнэт – найперш дзеля справы.

Алег: “Я туды зьвяртаюся, калі мне трэба напісаць ліст сябрам з іншых гарадоў ці краін – у Расею, Польшчу... Чаты я не люблю, апроч толькі аднаго форума – гэта форум панкаў Менску. Вось там я люблю сваю рэпліку якую ўставіць – пра музыку, пра нейкія песьні, музычныя навіны і гэтак далей”.

Карэспандэнт: “Колькі часу Вы можаце там правесьці”?

Алег: “У форуме? Ня больш за 15 хвілін”.

Ці ляжыць душа да залежнасьці?

Марына Аўтуховіч – студэнтка пятага курсу псыхалягічнага факультэту менскага пэдунівэрсытэту. Праходзячы практыку ў адной зь менскіх сярэдніх школ у якасьці школьнага псыхоляга, яна сутыкнулася сам-насам з эпохай інтэрнэт-мысьленьня падлеткаў. Настаўнікі скардзяцца на тое, што дзеці шукаюць сачыненьні і рэфэраты ў віртуальнай прасторы. Адпаведна, не разьвіваюць навыкі фармулёўкі і выкладаньня ўласных думак.

Апроч таго, даволі часта працаздольнасьць падлеткаў нізкая не з прычыны перагружанасьці навучальнае праграмы, а з-за таго, што дзеці сядзяць уначы ў інтэрнэце. Аднак гэткі панятак, як інтэрнэт-залежнасьць, на думку псыхоляга, – цалкам індывідуальная зьява. Пагражае яна падлетку ці не – залежыць ад уласьцівасьцяў ягонай псыхікі і інтэлекту.

Аўтуховіч: “Вельмі гэта індывідуальная справа. Нехта наагул інтэрнэтам не цікавіцца, а нехта зацягваецца адразу, і папросту можна казаць пра залежнасьць – калі дзеці папросту з глузду зьяжджаюць на гульнях, да прыкладу. І ў іх мысьленьне мяняецца. Яны пачынаюць рэальнасьць успрымаць памылкова. Літаральна жывуць не ў сапраўдным сьвеце, а ў віртуальным, можна сказаць. Не зьвяртаючы ўвагі на навакольны сьвет і людзей. Гэта патрабуе пэўных межаў”.

А вось Канстанцін Алейнік, кіраўнік шматлікіх праектаў па разьвіцьці творчага мысьленьня дзяцей і падлеткаў, лічыць інтэрнэт якасным інструмэнтам дзеля раскрыцьця асабістых талентаў і мастацкіх схільнасьцяў дзяцей. Маўляў, падлеткавы ўзрост складаны па сутнасьці для ўсіх. Але для творчых асобаў ён почасту пераўтвараецца ў яшчэ большыя пакуты, бо псыхіка творчых дзяцей – болей хваравітая, больш успрымальная. Гэта зазвычай выклікае праблемы ў стасунках.

Алейнік: “Самае галоўнае для дзяцей, якія неяк абмежаваныя ў стасунках, зь цяжкасьцю знаёмяцца, кантактуюць, – тут, у інтэрнэце, у іх ёсьць магчымасьць стасавацца, схаваўшыся за нік, за інтэрнэт-імя. Гэта – магчымасьць раскрыцца, адкрыць тое, што ўнутры, у душы, – дапамагае ўрэшце рэалізавацца. А ўсе гэтыя наведнікі Лайв-джорнала – яны ж потым урэшце сустракаюцца ў рэальнасьці... Таму атрымліваецца, што знаёмствы, якія зьявіліся віртуальна, абавязкова ператворацца ў знаёмства рэальнае”.

Супрацоўнікі замежных службаў бясьпекі папярэджваюць пра неабходную пільнасьць у інтэрнэце – як дзяцей і падлеткаў, гэтак і іхных бацькоў. Адкрытасьць і разьняволенасьць, уласьцівыя сталым інтэрнэт-наведнікам, расхалоджвае пачуцьцё бясьпекі. І часьцяком у тых самых лайв-джорналах падлеткі распавядаюць пра сябе і сваіх сваякоў вельмі асабістую інфармацыю, што почасту выкарыстоўваюць сабе на карысьць злачынцы.
XS
SM
MD
LG