Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэ Гевара на беларускіх майтках


Севярын Квяткоўскі, Менск Салігорскае трыкатажнае прадпрыемства “Купалінка” выпусьціла партыю мужчынскіх майткаў, аздобленых партрэтамі лацінаамэрыканскага рэвалюцыянэра Чэ Гевары. Ці карыстаецца прадукцыя попытам, ці плянуюць на прадпрыемстве выкарыстоўваць партрэты іншых вядомых людзей?

Зручная прадукцыя, добрыя суадносіны якасьці і кошту – пяць з паловай тысяч рублёў. Майткі пакрытыя дробнымі партрэтамі, і надпісамі па-гішпанску – “Che Guevara”. Тэлефаную ў аддзел маркетынгу “Купалінкі”:

Супрацоўніца: “Было шмат, цяпер крыху засталося. Гэтая набіўка засталася толькі на 104 памеры”.

Апроч Чэ Гевары ёсьць майткі з кабанамі, з малпамі...

Сто чацьверты – даволі вялікі памер. Тэлефаную ў дызайнэрскую майстэрню, і пытаюся, ці ёсьць у “Купалінкі” ніжняя бялізна зь іншымі партрэтамі:

Супрацоўніца: “З партрэтамі няма болей. Ёсьць з кабанамі, з малпамі. Якія апроч Чэ Гевары?.. З новага больш няма нічога”.

Я запэўніў супрацоўніцу, што з задавальненьнем нашу прадукцыю з выявай Чэ Гевары, і запытаўся, ці плянуецца выпуск майткаў з партрэтамі іншых славутасьцяў?

Супрацоўніца: “Штосьці накшталт Чэ Гевары? Ну вось, вы кажаце, што вам спадабалася. А аддзелу маркетынгу ды іншым не спадабаўся малюнак. Ня ведаю... Можа людзі не разумеюць чагосьці. Мы і на піжамы рабілі набіўку, і на майткі мужчынскія. Але... Пытаньне спрэчнае. Густы ж у кожнага свае”.

З прэзэнтацыі фабрыкі ў інтэрнэце: “Купалінка” сёньня – гэта яскравы прыклад пошуку вырашэньняў у працы і распрацоўках новых калекцый трыкатажных вырабаў, створаных у поўнай гармоніі з навакольным сьветам і душэўным станам тых, хто іх носіць” .

Мая суразмоўца бачыла футболкі з выявамі Чэ Гевары на беларускіх рынках:

Супрацоўніца: “Бачылі гэта ўсё, але ў нас не ўспрымаецца. Можа быць, мы трохі не дарасьлі”.

Газэта “Навінкі” спалучыла партрэы Чэ Гевары і Аляксандра Лукашэнкі, і паставіла подпіс – ЛукаЧЭнка

Аўтарскія правы на славуты здымак Чэ Гевары належыць кубінскай дзяржаве. Зь іншага боку, ніхто не забараняе рабіць каляжы з партрэтаў вядомых людзей. Так, сатырычная газэта “Навінкі” некалькі гадоў таму спалучыла партрэты Чэ Гевары і Аляксандра Лукашэнкі, і паставіла подпіс – ЛукаЧЭнка. Неўзабаве ў Менску можна было заўважыць маладых людзей, якія зрабілі на футболках трафарэты з тым каляжам.

Адзін са стваральнікаў закрытай цяпер газэты Паўлюк Канавальчык гаворыць пра крэатыў “Навінак”:

“Зроблены тыраж маек з Лукачэнкам карыстаўся вялікай папулярнасьцю. Тое, што ён пайшоў у народ на футболкі, гэта была не наша ініцыятыва, а чытачоў”.

Карэспандэнт: “Ты б такія майткі насіў бы з Чэ Геварам?”

Канавальчык: “Па-прыколу можна было б. Дзе-небудзь на пляжы замест плавак. Гэта нармальная рэч”.

Карэспандэнт: “А як ты ставісься да таго, што на ніжнюю бялізну зьмяшчаюць партрэты вядомых людзей?”

Канавальчык: “Мы жывем у такі век, калі пэўная выява становіцца пэўным брэндам. А калі брэнд, то яго можна прадаваць, і разьмяшчаць дзе заўгодна”.

Майткі з Чэ Геварам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG