Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 27 ліпеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Блогер Wal_de_maar сёньня піша ў сваім Жывым журнале: “Са сьвятам вас, спадары суайчыньнікі! Незалежна ад поглядаў і сьвядомасьці – 17 год нашай супольнай незалежнасьці, 17 год як мы грамадзяне Беларусі, а ня іншай якой краіны. Мы жывем на сваёй уласнай зямлі, дзе жылі спрадвек нашыя продкі, мы народ зь вялікім, надзвычай цікавым, бліскучым, але й трагічным мінулым, са складанай і пакуль яшчэ заблытанай сучаснасьцю, але ў нас ёсьць нашая будучыня, якую нам самім і ствараць, ёсьць нашыя мары і спадзяваньні – і ўсё ў нас будзе добра, я веру! Жыве Беларусь і будзе жыць!”

Эканаміст Леанід Заіка ў сваім артыкуле «Беларускае шчасьце: урокі аўтарытарнага фэномэну краіны», зьмешчаным на сайце Трэці шлях, піша: “Ці думаў клясычны эканаміст, у наўпроставым і пераносным сэнсе, Давід Рыкардо, пра тое, што ягоную тэорыю параўнальных перавагаў будуць вывучаць у далёкай Беларусі? Не, канечне ж. Мы гэта робім пакуль толькі ў ВНУ ў форме тэарэтычных студыяў. Абстрактна й мімаходзь. Як прыклад зь нейкай тэарэтычнай палітычнай эканоміі мінулага. Але: добрая тэорыя добрая заўсёды. У Афрыцы, альбо ў Эўропе, Бразыліі ці Францыі. З гэтага й пачнем. 2007 год – год патрэбных і эфэктыўных эканамічных рашэньняў. Калі краіна перайшла на чацьвёртую хвалю спажываньня, то, нарэшце мы сталі завозіць мяса птушкі з Францыі. Радуе цана – за 1 кіляграм францускай птушкі мы плацім усяго 62 цэнты. Гэта адпавядае ўнутранай цане ў 1330 беларускіх рублёў. Такі вонкавы канкурэнтны кошт. Ён яўна робіць пэрспэктывы нашых “брутоў Грыль” і “пятрухаў” вельмі сумнеўнымі. Зрэшты, сытуацыю даўно трэба праверыць на спажыўцах. Яны і будуць параўноўваць сваіх бройлераў па 6000 і францускіх па 2000. Трохразовы разрыў ня вытрывае ніводны вытворца. А што думаюць на гэты конт прыхільнікі далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі? А дырэктары птушкафабрык?”

Ushchent з суполкі Жывога Журналу minsk_by заклапочаны такой праблемай: “Хачу зрабіць у Менску некалькі маек з цытатамі Лукашэнкі... на Варанянскага й Мірашнічэнка ўжо адмовілі і, верагодна, адмовяць у іншых месцах (Лагойскі тракт, Солтыса). Цёткі долю сэкунды глядзяць проста ў вочы, а пасьля кажуць катэгарычнае “не”. Ushchent зьвяртаецца да іншых чальцоў суполкі з просьбай падказаць, у якіх фотацэнтрах можна зрабіць такія незвычайныя палітычныя майкі. Чальцы суполкі рэкамэндуюць:

“Можа, ня трэба адразу раскрываць свой "каварны плян"? Ты проста прыходзь і кажы: вось у мяне тут файлікі на флэшцы, зробіце на майку? Яны канешне скажуць "так!" Цяпер падлючаеш флэшку ды тыкаеш пальцам на патрэбныя карцінкі. Калі ты з выгляду ня цягнеш на гэбіста, то чаго ім баяцца?! (Яны ж не пакідаюць на майках свае рэквізыты!)»

«Калі я рабіў такія майкі, мяне даставалі месяцы чатыры... У выніку карцінкі зрабілі ў Маскве, а тут папросту перанесьці, дый тое ў непрацоўны час і паціху».

“Стужка, прынтэр і прас табе дапамогуць”.

Удзельнікаў форумаў парталу зацікавіла TUT.by інтэрвію “Эўрапейскага радыё” зь Ірынай Дарафеевай, якая ў часе жніва езьдзіць па палёх Беларусі з агітбрыгадамі. Спадарыня Дарафеева лічыць, што ад ейных канцэртаў у мэханізатараў падвышаецца працаздольнасьць. Удзельнікі форумаў камэнтуюць:

“Ага, зашыбіся выбар – паміж працай у полі й канцэртам Дарафеевай. Тут у любога падвысіцца вытворчасьць, абы толькі не на “канцэрт”.

“Што там у каго Дарафеева падвышае? Узровень тэстастэрону? Ужо не да працы тады...”

“Трэба было б праверыць, як ад яе ў кароваў надоі мяняюцца: калі прырастаюць, дык адправіць у пажыцьцёвае турнэ па кароўніках. Можна й замежныя турнэ арганізаваць. І ўвогуле, нешта нашыя “зоркі” зусім ад сельскай гаспадаркі адарваліся. Трэба туды ня толькі народныя грошы ўбухваць, але й артыстаў прыцягваць”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG