Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз разглядае арышты ў Беларусі як выклік


Радыё Свабода Эўракамісія асудзіла арышты ў Беларусі прадстаўнікоў апазыцыі. Аднак Эўрапейскі зьвяз не пакідае спробаў наладзіць дыялёг з беларускімі ўладамі.

Прэс-сакратарка Камісіі зьнешніх сувязяў Хоман Хрысьціане заявіла сёньня, што арышты прадстаўнікоў апазыцыі кідаюць выклік эўрапейскім прапановам Беларусі:

“Гэтыя палітычна матываваныя арышты супярэчаць прапановам эўразьвязу да Беларусі стаць паўнавартасным партнэрам ў Эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва”.

Сяброўства ў Эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва магло б прынесьці Беларусі штогод дзясяткі, альбо нават сотні мільёнаў даляраў дапамогі зь 12-мільярднага бюджэту, які Эўразьвяз выдзеліў для 17-ці краінаў суседак да 2013 году. Аднак, гэтыя прапановы Эўразьвязу ўвязаныя з дэмакратычнымі рэформамі і павагай да правоў чалавека ў Беларусі.

Прэс-сакратарка Камісіі зьнешніх сувязяў Хоман Хрысьціане адзначыла, што тым ня менш Эўразьвяз не пакідае спробаў наладзіць дыялёг з беларускімі ўладамі:

“На нашу думку, гэта не павінна адбіцца на перамовах, якія пачаліся ўвесну наконт адкрыцьця офісу Эўразьвязу ў Менску. Перамовы яшчэ не завершаныя, яны працягнуцца пасьля лета, бо, на нашу думку, прысутнасьць важная ня толькі, каб мець інфармацыю непасрэдна з месца падзеяў, але і каб быць у пастаянным дыялёгу зь беларускімі ўладамі,”– сказала Хоман Хрысьціане.

Прадстаўнікі Эўразьвязу тлумачаць зацягваньне адкрыцьця офісу ў Беларусі тэхнічнымі праблемамі. Эўразьвяз не зьяўляецца суб’ектам Венскага пагадненьня аб дыпляматычных адносінах, бо гэта – не дзяржава, і таму павінен прайсьці праз больш складаную працэдуру ўзгадненьняў з краінай, дзе плянуецца адкрыць офіс. Эўразьвяз пачаў перамовы зь Менскам пра адкрыцьцё офісу два гады таму, афіцыйны Менск даў згоду сёлета ў красавіку.

Учора Камісар зьнешніх сувязяў Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што ўстрывожана затрыманьнямі апазыцыянэраў, назваўшы, у прыватнасьці, імёны Паўла Севярынца і Аляксея Шэіна.

• Эўразьвяз занепакоены арыштамі моладзевых актывістаў, 27.07.2007
XS
SM
MD
LG