Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі друк піша пра “хістаньне эканамічнай асновы рэжыму Лукашэнкі”


Радыё Свабода Паводле нямецкіх аглядальнікаў, цяперашні газавы канфлікт паміж Масквой і Менскам, а таксама магчымая прыватызацыя расейцамі найбольш важных беларускіх эканамічных аб’ектаў могуць істотна пахіснуць асновы рэжыму Лукашэнкі.

“Frankfurter Rundschau” піша: “Аляксандар Лукашэнка дэманструе сапраўдную нэрвовасьць. Нягледзячы на тое, што гэты аўтакрат па-ранейшаму ўрачыста адкрывае новыя чыгуначныя лініі ды надзяляе сваіх грамадзянаў высокімі ўзнагародамі, ягоная краіна на парозе крызісу. І гэтая акалічнасьць можа значна аслабіць рэжым”.

Паводле выданьня, Беларусь і Расея ахопленыя чарговымі газавымі разборкамі. Менск патрабуе ад “Газпрому” адтэрмінаваць аплату за газ, якая мела адбыцца яшчэ ў мінулы панядзелак.

Урэгуляваць пытаньне даручылі прэм’еру Сідорскаму. Калі ў гэтыя выходныя яму ня ўдасца дамовіцца з Масквой, то ён стане чарговай ахвярай у ланцугу кадравых пераменаў Лукашэнкі.

“Frankfurter Allgemeine” паведамляе: “У Маскве ўжо вяліся перамовы, калі на пачатку тыдня беларускі дыктатар Лукашэнка звольніў кіраўнікоў вядучых дзяржаўных нафтавых і газавых канцэрнаў, у тым ліку кіраўніка “Белтрансгазу”, адказнага за перамовы.

Гэты крок быў абгрунтаваны наступным чынам: мэнэджары нічога не зрабілі дзеля прадухіленьня наступстваў падвышэньня цэнаў на расейскі газ, а такога бяз стратаў не перанясе ніводная эканоміка.

Тое, што падвышэньне коштаў на расейскі газ выкліча ў Беларусі фінансавыя цяжкасьці, спэцыялісты прадбачылі, тым болей, што адначасна адбылася адмена мытных ільготаў на нафту, дзякуючы якім у дзяржаўны бюджэт траплялі вялікія сумы.

Некалькі месяцаў таму беларускія ўлады паведамілі пра пляны прыватызацыі асобных галінаў эканомікі, якія ўсё яшчэ ў значнай ступені належаць дзяржаве.

Ня выключана, што расейцы атрымаюць найлепшыя кавалкі. Прыватызацыя ў значнай ступені аслабіць эканамічную аснову Лукашэнкавай улады”.

“Die Welt” піша: “Калі Беларусі ня ўдасца рэструктурызаваць свае пазыкі, то, магчыма, “Белтрансгаз” стане ўласнасьцю “Газпрому”.

Канфлікт зь Беларусьсю — яшчэ адзін аргумэнт для “Газпрому” на карысьць неадкладнага будаўніцтва Паўночна-Эўрапейскага газаправоду, які пойдзе па дне Балтыйскага мора. Празь яго газ пачне трапляць у Эўропу з 2010 году”.

Месячная пэня за газ для Беларусі можа быць вышэйшай на 5 млн. даляраў, 27.07.2007 “Газавыя” перамовы зайшлі ў тупік?, 26.07.2007 "Economist" пра Беларусь: "Рыхтуючыся да цяжкіх часоў", 26.07.2007
XS
SM
MD
LG