Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Месячная пэня за газ для Беларусі можа быць вышэйшай на 5 млн. даляраў


Уладзімер Глод, Менск Такая сума атрымліваецца з тых лічбаў, якія называе сёньня расейская газэта “Время новостей”. Паводле яе інфармацыі, “Газпром” быў гатовы даць Беларусі кароткатэрміновы крэдыт на 500 мільёнаў даляраў (а менавіта такая цяпер запазычанасьць) з разьліку 12% гадавых. Гэта азначае, што Менску кожны месяц трэба дадаткова накіроўваць у расейскі канцэрн 5 мільёнаў даляраў.

У прэсавай службе “Газпрому” сёньня адмовіліся называць Радыё Свабода канкрэтныя лічбы магчымага крэдыту і працэнтаў за карыстаньне ім — маўляў, пытаньне гэтае яшчэ ня вырашанае.

Але пацьвердзілі інфармацыю, якую мы ўжо перадавалі, — размова пра пэню сапраўды была, і беларускі бок гатовы на пэўных умовах яе выплачваць.

“Газпромаўскія грошы ўдвая даражэйшыя за тыя, на якія разьлічвае ўрад”

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць: беларускі бок зацягвае перамовы, каб зьменшыць стаўку на 12% гадавых, хаця, на ягоную думку, расейцы маглі запрасіць і 20, а то і 30%:

Раманчук: “12% у валюце — гэта шмат. Таму што стаўка міждзяржаўнага крэдыту звычайна складае 5—6%. І атрымліваецца, што газпромаўскія грошы ўдвая даражэйшыя за тыя, на якія разьлічвае беларускі ўрад”.

Карэспандэнт: “Штомесяц дадаткова 5 мільёнаў даляраў?”

Раманчук: “Так, так. Гэта грошы, якія даводзіцца плаціць за некампэтэнтнасьць нашай улады”.

Сідорскі сустрэнецца з Фрадковым у панядзелак

Весьці перамовы пра крэдыты, стаўкі, адтэрмінаваньне запазычанасьці ды іншыя газавыя праблемы давядзецца прэм’еру Сяргею Сідорскаму.

На панядзелак, 30 ліпеня, у яго заплянаваная рабочая сустрэча ў Маскве з расейскім калегам — Міхаілам Фрадковым. Сёньня гэта пацьвердзілі ў абедзьвюх сталіцах, дзе заявілі, што “кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць пытаньні ўзаемадзеяньня ў энэргетычнай сфэры”.

А ўчора своеасаблівую ацэнку дзеяньням ураду на гэтым кірунку даў Аляксандар Лукашэнка. На сэлектарнай нарадзе ён адзначыў, што “ўрад, барукаючыся, вядзе газавыя перамовы”.

“Независимая газета”: Сідорскага зробяць вінаватым у эканамічным крызісе?

Тым часам некаторыя расейскія і беларускія мэдыі пішуць пра магчымую адстаўку спадара Сідорскага.

Згадваюць, дарэчы, што былы кіраўнік “Белтрансгазу” Дзьмітры Казакоў згубіў сваю пасаду менавіта ў той час, калі знаходзіўся ў Маскве, дзе вёў перамовы з “Газпромам”.

Прынамсі, расейская “Независимая газета” піша: “Лукашэнка ніколі не прызнаецца ў тым, што ягоная эканамічная мадэль аказалася няжыцьцяздольнай без расейскіх энэргетычных датацыяў. А гэта значыць, што вінаватым у эканамічным крызісе і, адпаведна, падзеньні ўзроўню жыцьця павінны апынуцца ўрад і, зразумела, ягоны кіраўнік Сідорскі”.

Сярод магчымых пераемнікаў Сяргея Сідорскага часьцей за іншых называюць старшыню Нацбанку Пятра Пракаповіча і міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава.

С.Багданкевіч: Каго прэм''ерам? Лепш Пракаповіча, чым Навумава

Я спытаўся ў былога старшыню Нацбанку прафэсара Станіслава Багданкевіча: калі б прызначэньне залежала ад яго, каго б ён абраў? Той адказаў:

“На гэтым бязрыб’і, з гэтых двух — Пракаповіча. Ён прайшоў школу банку, а гэта школа рэальнай эканомікі. Ён, канечне, саступае вышэйшай уладзе. Але ён ужо многае і разумее. Гэта зусім ня той Пракаповіч, якім ён быў дзесяць гадоў таму”.

Беларускі бок па-ранейшаму просіць расейскіх партнэраў адкласьці тэрмін поўнай аплаты за выкарыстаны сёлета газ. Запазычанасьць ўзьнікла, бо ў першым паўгодзьдзі за кожную тысячу кубамэтраў газу беларускі бок пераводзіў на рахункі “Газпрому” ня 100 даляраў (кошт адной тысячы кубамэтраў), а толькі 55.

Расейскі канцэрн пагадзіўся на такую разьліковую форму, але папярэдзіў, што запазычанасьць трэба будзе ліквідаваць не пазьней за 23 ліпеня.


“Газавыя” перамовы зайшлі ў тупік?, 26.07.2007 Economist пра Беларусь: "Рыхтуючыся да цяжкіх часоў", 26.07.2007 Чаму беларускі ўрад ня хоча плаціць за газ?, 26.07.2007
XS
SM
MD
LG