Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Дземянцей: “Дэклярацыя была прынятая з маёй ініцыятывы”


Алесь Дашчынскі, Менск Сямнаццаць гадоў таму Вярхоўны Савет 12-га скліканьня прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Удзельнікі гэтай падзеі выказаліся пра яе значэньне для Беларусі й згадалі некаторыя дэталі прыняцьця дакумэнту.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету БССР Мікалай Дземянцей сказаў, што ня трэба нікому даказваць важнасьці гэтай падзеі.

“Па маёй запісцы гэта прынята. У якой усё было, ад пачатку да канца, праект усёй гэтай справы напісаны. Потым колькі заўгодна яшчэ трэніраваліся, яшчэ тыдні два-тры, хто ўносіў нейкія зьмены, дапаўненьні. Таму я быў ініцыятарам ад пачатку да канца. З маёй ініцыятывы гэта было прынята. Усё ж гэта праз мае нэрвы і ўсё астатняе прайшло”.

М.Дземянцей: “Дата ня мае вялікага значэньня. Галоўнае, што існуе такая Дэклярацыя”

Мікалай Дземянцей выступаў за незалежнасьць у рамках Саюзу. Супраць былі дэпутаты БНФ.

“Так, яны выйшлі дэманстратыўна з залі на чале з маім намесьнікам Шушкевічам. Яны выйшлі з залі, каб не прымаць гэтую дэклярацыю”.

Ці шкадуе спадар Дземянцей, што цяпер 27 ліпеня ня ёсьць дзяржаўным сьвятам?

“Праведзены быў рэфэрэндум. Дата тут ня мае вялікага значэньня. Галоўнае, што існуе такая Дэклярацыя, якая потым перайшла ў Канстытуцыю. Яна складае аснову Канстытуцыі”.

Г.Сямдзянава: “Асноўныя пункты Дэклярацыі большасьць не хацела прымаць”

Праект Дэклярацыі аб незалежнасьці падалі ў Вярхоўны Савет дэпутаты БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком.

Дэпутатка Галіна Сямдзянава згадвае:

“Дэклярацыя была прапанаваная намі. Усе асноўныя пункты Дэклярацыі большасьць не хацела прымаць. Большасьць нас проста ня слухала. Яны, як заўсёды, хацелі сувэрэнітэту напалову. І нам, дэпутатам апазыцыі і дэмклюбу, прыйшлося выйсьці з залі. Гэта быў пратэст”.

“Нас, незалежнікаў, называлі ворагамі”

Паводле дэпутата Валянціна Голубева, спадар Дземянцей крытыкаваў апазыцыю за ідэю незалежнасьці, і з праектам Дэклярацыі, прапанаваным БНФ, ён паехаў у Маскву:

“Пасьля таго, як прынялі дэклярацыі аб незалежнасьці Расея і Ўкраіна, каб не пускаць справу на самацёк, Гарбачоў даў даручэньне — давайце і ўсе астатнія прыміце дэклярацыі аб незалежнасьці. І Дземянцей сказаў: а ў нас ужо ёсьць праект. Пахваліў яго Гарбачоў, пра што Дземянцей расказаў на сэсіі.

Канечне, прыемна Дземянцею казаць, што ён ад першага дня выступаў за незалежнасьць Беларусі. Гэта было ня так. Яны ўсе былі “саюзьнікамі”, усе хацелі падпарадкоўвацца Маскве. І нас, незалежнікаў, бээнэфаўцаў, называлі ворагамі”.

В.Голубеў: “Выйсьці з залі – гэта быў такі тактычны ход”

Зянон Пазьняк прапанаваў дэпутатам БНФ, калі большасьць будзе настойваць на “саюзнай дамове” і адмовіцца ад канстытуцыйнасьці Дэклярацыі, выйсьці з Авальнай залі. Гэта мела б псыхалягічны эфэкт. Выйшлі трыццаць чалавек.

Згадвае Валянцін Голубеў:

“Гэта быў такі тактычны ход. Гэта была першая спроба апазыцыі так эмацыйна паўзьдзейнічаць на іншых дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Для нас было важна, каб яны прагаласавалі за ўвесь тэкст цалкам. Яны прагаласавалі і прынялі тое, што дзень 27 ліпеня зьяўляецца сьвяточным днём”.

Васіль Быкаў: “Апазыцыя БНФ зрабіла гераічны ўчынак – дамаглася сувэрэннасьці”, 27.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG