Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Онлайн-рэпартаж зь Менску: затрыманыя Лябедзька і Франак Вячорка, Івашкевіча адпусьцілі


Радыё Свабода 19:10 Затрыманага моладзевага актывіста партыі БНФ Франака Вячорку адвязуць з міліцыі Заводзкага раёну Менску ў турму на вуліцу Акрэсьціна. Яшчэ некалькі затрыманых знаходзяцца ў міліцыі Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў.

19:05 В.Івашкевіча і ўсіх, хто быў затрыманы разам зь ім і знаходзіўся ў Цэнтарльным РУУС, адпусьцілі.

18:15 Затрыманы намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч у тэлефоннай размове паведаміў нашаму Радыё з Цэнтральнага РУУС:

Івашкевіч: "Я зараз знаходжуся ў Цэнтральным РУУС у кіназалі на 100 месцаў. Сядзім мы тут чацьвёра: я, сябра БНФ Юрась Мілішкевіч, яго жонка Ганна Мілішкевіч і Людміла Атакулава з “Маладога фронту”. З намі ахова – двое сэржантаў міліцыі.

Нас затрымалі каля гатэлю “Менск”, калі мы ішлі да Чырвонага касьцёла, пасадзілі ў міліцэйскі аўтобус, дзе сядзелі людзі з ачапленьня з Цэнтральнага РУУС. Калі ачапленьне скончылася, каманда зьехала ў свой РУУС, а нас пасадзілі ў гэтай залі і, наколькі я зразумеў, сказалі патрымаць тут гадзіну ці дзьве і пасьля адпусьціць, бо сёньня ў іх распараджэньне "не садзіць", так нам сказалі".

18:00 Любоў Лунёва паведамляе, што вулічная акцыя фактычна скончаная. Ад вуліцы Багдановіча ад''яжджаюць міліцэйскія аўтазакі.

17:45 Віктар Івашкевіч праз тэлефон паведаміў, што побач зь ім ў аўтобусе знаходзіцца некалькі дзесяткаў затрыманых. Сярод іх шмат сябра "Маладога фронту".

17:30 Затрыманы намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Ён паведаміў, што папярэдне затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. Моладзевага актывіста Франака Вячорку трымаюць у райаддзеле міліцыі Заводзкага раёну. Удзельнікі застаюцца на рагу вуліц Янкі Купалы і Багдановіча.

17:17 Спэцназ міліцыі выціснуў людзей ад помніка Янку Купалу да вуліцы Багдановіча.

17:03 Байцы спэцназу міліцыі спрабуюць выціснуць людзей са сквэру Янкі Купалы. Сабралося каля 50-ці чалавек. Яны ўсклалі кветкі да помніка. Мікола Статкевіч спрабаваў выступіць з прамовай, але спэцназаўцы яму перашкодзілі.

17:00 Прысутныя ў сквэры Янкі Купалы сьпяваюць патрыятычныя песьні.

Слухаць:



16:50 Моладзевы актывіст Франак Вячорка паведаміў, што за ім сочаць. У гэты момант сувязь абарвалася.

16:35 На Кастрычніцкай плошчы міліцыянты правяраюць дакумэнты ў маладых людзей, у якіх прышпіленыя значкі "За свабоду". Міліцыянты перашкаджаюць людзям рухацца ў бок сквэра Янкі Купалы.

16:29 У акцыі ўдзельнічае каля сарака чалавек. Людзі рухаюцца па вуліцы Няміга ў бок цэнтру Менску.

16:15 Людзей выціснулі на вуліцу Мясьнікова. Афіцыйна акцыя прымеркаваная да ўгодкаў абвяшчэньня Дэклярацыі аб незалежнасьці 27 ліпеня 1990 году. Плянавалася сустрэча з дэпутатамі 12-га скліканьня, якія прымалі дэклярацыю.

16:11 Міліцыя выціскае невялікую групу людзей, што патрапіла на плошчу, ад Чырвонага касьцёлу за Дом ураду.

16:05 6 аўтазакаў стаяць на вуліцы Мясьнікова. Міліцыянты выбарачна не пускаюць мінакоў на плошчу: тлумачаць, што, нібыта, адбываецца спэцмерапрыемства.

16:00 Затрыманы старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

15:55 На пл. Незалежнасьці шмат людзей у цывільным, якія правяраюць у мінакоў маладога ўзросту торбы і дакумэнты.

15:52 Выхад з мэтро на плошчы Незалежнасьці перакрыты міліцыяй. Праз гукаўзмацняльнік перадаецца, што гэта часовая мера.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG