Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія актывісты віншуюць мінакоў з Днём Незалежнасьці


Радыё Свабода, Віцебск Ад 10-й раніцы каля так званага "Сіняга дому" – дому №28 па вуліцы Леніна – знаёмых і незнаёмых землякоў віншавалі са сьвятам двое вядомых у Віцебску апазыцыянэраў, Алена Залеская і Барыс Хамайда.

На абодвух былі бел-чырвон-белыя шалікі, а ў руках – чырвоныя ды белыя кветкі. Мінакі зьвярталі ўвагу на іхны ўрачысты выгляд і адказвалі на віншаваньні.

Гэтым разам у міліцыянтаў не знайшлося фармальных падставаў для заўвагаў апазыцыянэрам, бо каля "Сіняга дому" не было ні разгорнутых сьцягоў, ні плякатаў.

 Алена Залеская і Барыс Хамайда каля
Алена Залеская і Барыс Хамайда каля "Сіняга дому"

Сёньня ж а 18-ай гадзіне на Плошчы 1000-годдзя Віцебска, гараджанаў зьбіраюцца павіншаваць з угодкамі прыняцьця Дэклярацыі "Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі" прадстаўнікі палітычных партый і руху "За Свабоду". Дазволу на сьвяткаваньне арганізатары ў віцебскіх уладаў не прасілі, але яны спадзяюцца, што ім не перашкодзяць правесьці невялікі канцэрт ды пачаставаць мінакоў ды гасьцей беларускімі стравамі.

Імпрэза, прымеркаваная да Дня Незалежнасьці Беларусі, пройдзе сёньня а 18-й вечара і на Крапівенскім полі пад Воршай. Да памятнага крыжа, пастаўленага ў памяць пра палеглых у Аршанскай бітве ваяроў, мясцовыя актывісты ўскладуць вянок з надпісам на бел-чырвон-белай стужцы: "Змагарам за незалежнасьць Беларусі ад нашчадкаў".

Віцебск: Мірон вывесіў сьцяг да ўгодкаў беларускай незалежнасьці, 27.07.2007
XS
SM
MD
LG