Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Хведарука дзень трымалі ў судзе


Любоў Лунёва, Менск Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук дзень правёў у будынку суду Маскоўскага раёну Менску. Яго затрымалі ўчора раніцай, калі хлопец ішоў на прыпынак ад будынку Дому правасудзьдзя, дзе ён быў на судзе ў Канстанціна Лукашова. У міліцыі Зьмітра, як і іншых арыштаваных моладзевых актывістаў, абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і да вечара трымалі ў дзяжурнай частцы. Зьміцер стаў пятнаццатым арыштаваным апазыцыянэрам за апошнія двое сутак.

Маладафронтаўцы ад 10-й раніцы чакалі ў судзе Маскоўскага раёну, калі прывязуць Зьмітра Хведарука.

Учора яго чакалі ўвесь працоўны дзень, але міліцыянты вырашылі яго завезьці ў турму на вуліцу Акрэсьціна. Пры гэтым пратакол быў складзены яшчэ а 12-й гадзіне.

Нагадаем, што Хведарука затрымалі людзі ў цывільным каля будынку Дому правасудзьдзя. Зьміцер апавёў, як гэта было:

“Па выхадзе з суду, адышоўся на мэтраў дзьвесьце, бачу, загарнуў “уазік” амапаўскі. Зь яго выскачылі двое маладых людзей у такіх рэчах, якія апранаюць нефармалы, такія кепкі, штаны з кішэнямі... Махнулі сваім пасьведчаньнем — міліцыя. Хутка, кажуць, мы ведаем, што ты скраў мабільнік, паехалі з намі. Запіхнулі мяне ў машыну, а там душылі мяне, каб адабраць мабільнік. Зьміцер быў са мной, хацеў сесьці ў машыну, дык яны яго выкінулі й паехалі ў РУУС”.

Міліцыянты дазволілі сябрам Зьмітра перадаць яму ежу. Хлопец казаў, што вельмі хоча спаць.

“Пасадзілі ў камэру разам з алькаголікамі й людзьмі, якія зьбівалі сваіх жонак. Камэра разьлічаная на пяць-шэсьць чалавек, Столькі ж нас там і сядзела. Уначы быў такі выпадак у суседняй камэры — у аднаго чалавека быў прыступ эпілепсіі. Так што паспаць не атрымалася. У міліцыі таксама ўчора ня здолеў, бо міліцыянты ўвесь час то лаяліся, то крычалі, то зноў гучна лаяліся адзін на аднаго. Потым тое ж самае і на Акрэсьціна”.

На судзе ў Зьмітра Хведарука мусяць выступаць у як сьведкі абвінавачаньня спэцназаўцы, якія затрымлівалі хлопца. Суд пачаўся перад акцыяй апазыцыі, у 16 гадзінаў.

Зь пятнаццаці арыштаваных актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху толькі чатырох абвінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак з заклікам удзельнічаць у вулічнай акцыі. Астатніх — за нібыта нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы.

Усе арыштаваныя ў судзе заявілі, што арышт ёсьць прэвэнтыўнай мерай уладаў, каб ізаляваць іх на момант сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці.

• Зьміцер Хведарук: “Трэба ня плакаць, а дамагацца, каб барацьбіты не станавіліся пакутнікамі”, 04.06.2007
XS
SM
MD
LG