Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гары Потэр і яго сябры нагадваюць Севярынца, Дашкевіча і Палажанку"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 27 ліпеня, пятніцу. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Ільля Копыл, Менск: “Учора ў кінатэатры паглядзеў кінастужку “Гары Потэр і Ордэн Фэнікса”. Такое ўражаньне, што пісьменьніца і стваральнікі кінастужкі – жыхары Беларусі, і ўсе эпізоды сьпісаныя з нашай рэчаіснасьці: тыя цёмныя сілы, тыя ж сачэньні, затрыманьні, прадузятыя допыты, забароны, пастановы, указаньні, дэкрэты, указы, якімі ўвешаная велізарная сьцяна да самай столі. Але надышоў час, і сьцяна рухнула. І Гары Потэр і яго сябры вельмі нагадваюць Паўла Севярынца, Зьмітрука Дашкевіча, Барыса Гарэцкага, Насту Палажанку, Дранчука, Шыдлоўскага і многа іншых. Вось з такімі ўражаньнямі я выйшаў з кінатэатру”.

Спадарыня: “Вы распавядаеце пра нашы беларускія вёскі. Наша вёска жыве ў 18-19 стагодзьдзі, на жаль. І людзі нашы думаюць, што так і павінна: калодзежы брудныя, карова, 90-гадовая бабуля вымушана трымаць карову… А Вы раскажыце пра вёскі цывілізаваных краінаў – Нямеччыны, Францыі, Нарвэгіі, Ангельшчыны, Фінляндыі, Швэцыі, Даніі, каб бачылі нашы людзі, як можна жыць цывілізавана ў вёсцы”.

Спадарыня: “Добры дзень, маё дарагое Радыё Свабода. Беларускае тэлебачаньне не гляджу, і мяне зусім не цікавіць, што там робіцца і гаворыцца. Нашы заявы і лісты іх не цікавяць. Яны не разьбіраюцца і не вырашаюць. Слухаю “Свабоду”. Што мяне цікавіць асабіста? Асабіста мяне цікавіць, як здароўе Аляксандра Ўладзіслававіча Казуліна, хто яго лечыць, ці ёсьць лекі, як даглядаюць, чым кормяць, ці можа ён купіць у краме гародніну, садавіну, малочныя прадукты… Скажыце! Мы патрабуем яго вызваленьня! Мы хочам гутарыць зь ім. Ён вельмі разумны і справядлівы чалавек. Мы яго ўсе паважаем і вельмі яго чакаем".

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. Лукашэнка вёў перамовы з Лужковым, гуляючы ў тэніс, як ён сам прызнаваўся. А ўрад вядзе перамовы, куляючыся. Хацелася б ведаць, чым канкрэтна яны там займаюцца. Можа, скокамі на батуце? А ў Лукашэнкі занадта даўгі язык. Што ні выступ, што ні сэлектарная нарада, абавязкова адкрые якую-небудзь дзяржаўную таямніцу. Балбатун і сапраўды знаходка для шпіёна. І ўсё Лукашэнка хоча ведаць: і як працуюць прадпрыемствы, і як ідзе жніво. А навошта яму ўсё гэта? Як казаў адзін мой знаёмы-нябожчык: “Я занадта шмат ведаў”.

Віталь Аляксандравіч, Менск: “Я хацеў бы, каб ў Вашым эфіры была рубрыка “Калі б я быў прэзыдэнтам…”. Няхай бы людзі выказаліся на гэты конт, асабліва па кардынальных пытаньнях, як энэргетычная праблема, зьнешняя, унутраная палітыка. Асабліва хацелася б пачуць сустаршыняў апазыцыі: Мілінкевіча. Лябедзькі, Вячоркі. Ці ёсьць у іх што сказаць на гэты конт кардынальна? Менш крытыкі, а больш рэальных прапановаў, як бы яны выйшлі з такога становішча".

Спадар: “Хочацца зьвярнуцца да тых, хто галасаваў за кандыдата, які перамог на выбарах’94. Таварышы, чаму б Вам не выступіць зь ініцыятывай і не ўзнагародзіць свайго ўлюбёнца “Героем Рэспублікі”. Бо 13 год чаго толькі добрага ён не зрабіў, а яму за гэта забаронены ўезд у Эўропу і ЗША. Вы яго выбаршчыкі, дык вядзіце, куды захочаце. Моладзевыя і вэтэранскія, грамадзкія аб’яднаньні, падтрымайце галоўнага кіраўніка маральна. Ён неяк сьціпла сказаў, што лічба 13 для яго шчасьлівая. Але з 13-годзьдзем на высокай пасадзе ўжо спазьніліся ўзнагародзіць. А вось праз месяц, як раз да Дня нараджэньня, ўзнагарода будзе сама тое. Можна яшчэ папрасіць, каб аўстрыйскі банкір, якому далі ў нас узнагароду, таксама з аўстрыйскага боку чым-небудзь узнагародзіў нашага кіраўніка, напрыклад, далі б званьне “ганаровы гарналыжнік Аўстрыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG