Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў: “Апазыцыя БНФ зрабіла гераічны ўчынак – дамаглася сувэрэннасьці”


Сяргей Навумчык, Прага

Адразу пасьля прыняцьця 27 ліпеня 1990 году Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце я зрабіў для ЛіМу інтэрвію з Васілём Быкавым, у якім ён даў ацэнку Дэклярацыі:

"Дзеля таго, каб дакумэнты такога роду адпавядалі свайму наміналу, патрэбны адпаведны палітычны ўзровень народнай сьвядомасьці, выразная дэмакратычная воля яго кіраўніцтва. А якая тут воля, калі ў гэтай залі Вярхоўнага Савету, які прымаў Дэклярацыю, выразна панаваў хаўтурны настрой, бо ўсё гэта рабілася супраць волі большасьці".

Праз год, 25 жніўня 91-ага, ізноў жа супраць волі парлямэнцкай большасьці, але затое пры падтрымцы дзясяткаў тысяч менчукоў, якія выйшлі на плошчу Незалежнасьці, Апазыцыя БНФ дамаглася ад Вярхоўнага Савету наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы. І – запатрабавала новых парлямэнцкіх выбараў (“новая краіна – новы парлямэнт”). Але пракамуністычная большасьць, якая пад кіраўніцтвам Кебіча трансфармавалася ў групу "Беларусь", з дапамогай арытмэтычнай перавагі (суадносіны сілаў былі дзесяць да аднаго) блякавала ледзь ня ўсе прапановы Апазыцыі БНФ, накіраваныя на ўмацаваньне Незалежнасьці і дэмакратычныя рынкавыя пераўтварэньні. Ня мела Апазыцыя падтрымкі і ад так званых "памяркоўных" дэпутатаў, якія пазьней назвалі сябе "маладымі ваўкамі" і аб''ядналіся вакол Лукашэнкі. «Сувэрэнітэт – гэта не ікона, на якую трэба маліцца» – заявіў адзін зь іх…

У ліпені 1997 году, рыхтуючы на Свабодзе перадачу пра Дэклярацыю, я патэлефанаваў Васілю Быкаву ў Бычкі – Васіль Уладзімеравіч на некалькі дзён прыехаў у родную вёску. Над Бычкамі была навальніца, і якасьць тэлефоннай сувязі была не найлепшая.



“Ну, вядома, што кожная гістарычная зьява набывае сваё выразнае разуменьне з адлегласьці часу. У маштабах гісторыі вельмі цяжка зблізку зразумець тое ці іншае. Асабліва такую зьяву лёсавызначальную, як сувэрэннасьць, скажам, той ці іншай краіны. Або яе шлях да гэтай сувэрэннасьці. Ну але што датычыць сувэрэннасьці Беларусі, дык можна ўжо сказаць пэўна, што ўсё-такі тое, што адбылося, хаця і не прынесла плёну, але, безумоўна, яго нельга пераацаніць у гістарычных маштабах. Гэта вельмі значная зьява, і хаця яна, можна сказаць, скончылася нічым, яна дала, па-першае, урок, па-другое, яна ў каторы раз заклала падмурак . І ўрэшце, я думаю, што гэтыя падмуркі калі-небудзь спраўдзяца і спатрэбяцца. Ну, калі гэта будзе -- цяжка сказаць.

Што ж датычыцца Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, то я думаю, што ў тых умовах, у той час менавіта Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту зрабіла гераічны ўчынак з таго, што дамаглася менавіта гэтай сувэрэннасьці. Гэта, канешне, яе заслуга. І чым далей, незалежна ад таго, чым гэта скончыцца -- незалежна ад гэтага , ад лёсу Беларусі наогул, -- зноў жа, у гістарычным вымярэньні гэта будзе вельмі значна і гэта будзе ацэнена праз вякі. І тут ня так важна, ці гэта скончылася вялікай удачай, хаця, канешне, шанец быў, вельмі рэдкі. Ну, відаць, грамадзтва перш за ўсё, з пэўных прычын не магло пакарыстацца гэтым шанцам. Але, усё-такі зроблена спроба, можа быць самая радыкальная і самая выніковая спроба з усіх спроб. А няўдача -- яна часам бывае болей значна і болей красамоўная за якую-небудзь удачу, асабліва за ўдачу напалову. Я думаю, што час -- ацэніць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG