Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Economist пра Беларусь: "Рыхтуючыся да цяжкіх часоў"


Юры Дракахруст, Прага У артыкуле пад такой назваў брытанскі часопіс "Economist" аналізуе эканамічнае становішча ў Беларусі і апошнія кадравыя перастаноўкі з беларускім ўрадзе.

Часопіс адзначае, што 23 ліпеня Аляксандар Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў чатырох ключавых энэргетычных ведамстваў. Прызначэньні адбыліся ў той дзень, калі скончыўся апошні тэрмін выплаты запазычанасьці ў 500 мільёнаў даляраў за расейскі газ, якая склалася з пачатку году.

Economist нагадвае, што ў студзені “Газпром” ўдвая падвысіў для Беларусі цану на газ – з 46 да 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Дамова, заключаная напрыканцы мінулага году, прадугледжвае павольны рост цаны газу для Беларусі да ўзроўню сярэднеэўрапейскай да 2011 году. Аднак “Газпром” пагадзіўся, што ў першым паўгодзьдзі Беларусь будзе плаціць толькі 55 даляраў за тысячу кубамэтраў, а доўг выплаціць 23 ліпеня.

Але зараз беларускі бок заявіў, што ня мае чым плаціць і просіць адтэрміноўкі, бо Расея не пагаджаецца даць чаканы Менскам крэдыт у 1.5 мільярды даляраў.

“Газпром” на гэта заяўляе, што беларускія спажыўцы з пачатку году плацяць 120 даляраў за тысячу кубамэтраў, так што грошы ў Беларусі ёсьць. Акрамя таго, нядаўна “Газпром” перавёў Беларусі 625 мільёнаў даляраў як плату за пакет акцыяў “Белтрансгазу”. Аднак Менск заяўляе, што мае намер скарыстаць гэтыя грошы для інвэстыцый, а не для выплаты бягучага доўгу.

Economist не выключае, што Беларусь ўсё ж даможацца адтэрміноўкі, але ў абмен на саступкі ў пытаньні прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, у першую чаргу нафтагазавай галіны.

Расейскія інвэстары, у тым ліку і “Газпром”, настойваюць на значна больш нізкай ацэнцы гэтых заводаў, чым тая цана, якую хоча атрымаць за іх беларускі бок. Брытанскі часопіс таксама прыводзіць дадзеныя аб крызысе ў нафтавай галіне, выкліканым увядзеньнем Расеяй экспартнага мыта на пастаўкі сырой нафты Беларусі. Выданьне піша пра істотнае скарачэньне як імпарту нафты з Расеі, гэтак і экспарту нафтапрадуктаў, а таксама пра скарачэньне да мізэрных лічбаў рээкспарту нафты.

Economist: Без лібэралізацыі і замежных інвэстыцыяў беларуская прамысловасьць не зможа функцыянаваць у новых умовах.
Economist піша, што без лібэралізацыі і патоку замежных інвэстыцыяў беларуская прамысловасьць наўрад ці зможа функцыянаваць у новых эканамічных умовах.

Газэта наўпрост зьвязвае апошнія кадравыя перастаноўкі ў энэргетычных ведамствах і ў КДБ з эканамічнымі праблемамі, якія нарастаюць. З аднаго боку, прызначэньне новых кіраўнікоў “Белтрансгазу”, “Белнафтахіму” і іншых ведамстваў маюць на мэце у пэўным сэнсе перакласьці на іх адказнасьць за энэргетычныя праблемы. Economist адзначае, што ўлада Лукашэнкі да апошняга часу мела два апірышчы: танныя расейскія энэрганосьбіты і “вэртыкаль” улады. Танныя энэрганосьбіты зараз застаюцца ў мінулым і таму зараз Лукашэнка як ніколі хоча быць упэўнены, што “вэртыкаль” – гэта надзейнае апірышча – піша Economist.

• Preparing for tougher times, 25.07.2007
XS
SM
MD
LG