Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: "Чаму дата 27 ліпеня занесеная ў гісторыю Беларусі?"


Радыё Свабода Заўтра многія людзі ў Беларусі адзначаюць Дзень Незалежнасьці. Гэта дата лічылася галоўным дзяржаўным сьвятам у краіне з 1990-га па 1995 год. Ці памятаюць сёньня людзі, чаму дата 27 ліпеня занесеная ў гісторыю Беларусі? І ці сьвяткуюць гэты дзень?

Юнак: “Не цікавіўся ніколі”.

Спадар: “Дзень падпісаньня пагадненьняў у Белавескай пушчы? Не? Тады ня ведаю”.

Юнак: “Калі не памыляюся, нейкую бойку выйгралі. А можа, дэклярацыю прынялі. Я схіляюся да думкі, што бойка была. Дакладна ня памятаю... Я музыка, а яны ўсе такія легкадумныя! Ведаю толькі, што павінен быць канцэрт, а цяпер яго ня будзе, таму што яго забаранілі”.

Карэспандэнтка: “27 ліпеня некаторая частка насельніцтва Беларусі будзе адзначаць Дзень Незалежнасьці. Вы ведаеце, з чым ён зьвязаны?”

Спадар: “У свой час Вярхоўны Савет, яшчэ да ўтварэньня ў Беларусі прэзыдэнцкай рэспублікі, зацьвердзіў гэты дзень як Дзень Незалежнасьці, але ж указам прэзыдэнта Лукашэнкі гэта сьвята адмянілі”.

Юнак: “Чаму 27-га? Ня ведаю”.

Спадар: “Цяжка сказаць... Але ведаю, што 3 ліпеня Дзень Незалежнасьці, і 27-га таксама Дзень Незалежнасьці. Можа, гэта сьвята гораду? Ці не?”

Юнак: “Ня чуў пра такі дзень”.

Карэспандэнтка: “А калі вы сьвяткуеце Дзень Незалежнасьці?”

Юнак: “Афіцыйна 3 ліпеня, таму што вызваленьне Менску было 3 ліпеня”.

Спадар: “З гэтай нагоды можна шмат спрачацца. Мы ж раней таксама былі незалежныя. А што, з 1945 году сталі незалежнымі? Ад каго?”

Дзяўчына: “9 траўня Дзень Незалежнасьці. Мы ж перамаглі”.

Спадар: “25 сакавіка Дзень Незалежнасьці. Дзень абвяшчэньня БНР у некаторых колах”.

Карэспандэнтка: “А пра 27 ліпеня ня чулі?”

Спадар: “Не, ня чуў”.

Дзяўчына: “Шкада, але таксама нічога ня чула”.

Юнак: “Магу толькі меркаваць, але дакладна ня ведаю”.

Спадар: “Мне здаецца, у нас гэтых дзён незалежнасьці вельмі шмат. Адзін — калі Менск вызвалілі, а ня ўсю Беларусь. Другі дзень незалежнасьці — калі савок разваліўся. Я лічу, што дзень незалежнасьці павінен быць адзін — 25 сакавіка, калі ўтварылі БНР”.

Карэспандэнтка: “Калі Дзень Незалежнасьці ў Беларусі?”

Юнак: “3 ліпеня. Дзень вызваленьня Беларусі”.

Спадар: “3 ліпеня”.

Карэспандэнтка: “А пра 27 ліпеня ня чулі?”

Спадар: “Не, ня чуў”.

Юнак: “Я ведаю, што Дзень Незалежнасьці перанесены з 27-га на 3 ліпеня, маўляў, народ так захацеў”.

Спадарыня: “Днямі даведалася цалкам выпадкова, таму што лазіла па сайтах у інтэрнэце, і прачытала, што 27 ліпеня, здаецца, 1991 году падпісалі Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Але даведалася абсалютна выпадкова”.
XS
SM
MD
LG