Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падштурхне эканамічны рост Беларусь да дэмакратыі?


Юры Дракахруст, Прага Паводле Міжнароднага валютнага фонду, 8862 даляры – такую лічбу складае валавы ўнутраны прадукт Беларусі на душу насельніцтва з улікам парытэту пакупніцкай здольнасьці. Гэты беларускі паказчык зьяўляецца цікавым аргумэнтам у спрэчцы наконт сувязі дэмакратыі і эканамічнага росту. Некаторыя палітолягі падаюць ацэнку, што калі ВУП на душу насельніцтва ў нейкай краіне перавышае 6000 даляраў, то пераход такой краіны да дэмакратыі ў хуткім часе непазьбежны – пры такім узроўні нацыянальнага багацьця у краіне непазьбежна паўстае даволі вялікая сярэдняя кляса, якая ў рэшце рэшт і дамагаецца палітычнай свабоды.

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) – уся сукупнасьць тавараў і паслуг, створаных у нацыянальнай эканоміцы на працягу году. ВУП на душу насельніцтва – значыць, падзелены на колькасьць грамадзянаў краіны. Парытэт пакупніцкай здольнасьці ўлічвае розьніцу цэнаў у розных краінах, скажам, у Беларусі на даляр можна купіць больш тавараў, чым у Злучаных Штатах.

Паводле ВУП на душу насельніцтва з улікам парытэту пакупніцкай здольнасьці Беларусь займае 72 месца ў сьвеце сярод 179 краінаў. Для параўнаньня – ва Ўкраіне гэты паказчыку складае 7637 даляраў, у Расеі –12 тысяч, у Польшчы – 14 880 , у Латвіі – 15 549, у Літве – 15 858 даляраў.

Самыя бедныя краіны – недэмакратычныя, багатыя – амаль усе дэмакратычныя.
Але гэтая схема, як любая іншая, мае шмат выключэньняў. Па-першае, існуюць выключэньні зьнізу. У Індыі ВУП на душу насельніцтва складае 3 737 даляры – гэта больш чым удвая ніжэй за Беларусь, аднак Індыя – краіна са сталай дэмакратычнай традыцыяй. Зь іншага боку ў Саудаўскай Арабіі гэты паказчык удвая вышэй за беларускі – 16744 даляры, а ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, якія паводле гэтага паказчыка займаюць 24-е месца ў сьвеце, ВУП на душу насельніцтва складае амаль 30 тысяч даляраў. Тым не меней гэтыя краіны, мякка кажучы, ня самыя дэмакратычныя ў сьвеце.

Праўда, тут можна адзначыць, што правіла пра 6 тысяч даляраў, як мяжу дэмакратыі, тут псуе нафтавае багацьце, рост якога сапраўды наўпрост не ператвараецца ў дэмакратычныя рэформы.

Але вывучэньне рэйтынгу краінаў паводле ўзроўню ВУП на душу насельніцтва дазваляе ўбачыць, што пэўная заканамернасьць усё ж існуе.

Самыя бедныя краіны збольшага (за рэдкім выключэньнем) – краіны недэмакратычныя, багатыя – амаль усе, за выключэньнем нафтавых каралеўстваў, дэмакратычныя. Аднак у сярэдзіне сьпісу заканамернасьць вызначыць цяжка: Туніс і Туркмэністан, якія атачаюць Беларусь у сьпісе, мякка кажучы, далёкія ад дэмакратыі, але Румынія і Баўгарыя, дзе ВУП на душу насельніцтва на 1000 даляраў болей за беларускі – сябры НАТО і Эўразьвязу. Таксама дэмакратычнай краінай, хаця і з некансалідаванай дэмакратыяй, зьяўляецца Ўкраіна, дзе адпаведны паказчык – на 1200 даляраў ніжэй, чым у Беларусі.

Высокі ўзровень ВУП на душу насельніцтва – неабходная, але не дастатковая ўмова дэмакратызацыі.
Падводзячы вынікі, можна сказаць, што рост узроўню эканамічнага разьвіцьця аўтаматычна не забясьпечвае ўсталяваньне ў краіне дэмакратычнага ладу. З другога боку, нізкі ўзровень разьвіцьця эканомікі з дэмакратычным ладам практычна нясумяшчальны. Так што дастаткова высокі ўзровень ВУП на душу насельніцтва – неабходная, але не дастатковая ўмова дэмакратызацыі. І ў Беларусі гэтая ўмова ўжо выкананая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG